Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Віцебскам абрынуўся недабудаваны мост


Радыё Свабода, Віцебск Чалавечых ахвяраў няма, але незавершаны аб"ект не ўжо падлягае аднаўленьню. Паводле папярэдніх высноў адмыслоўцаў, страты ў грашовым вымярэньні складаюць каля васьмі мільярдаў рублёў.

Дзеля высьвятленьня прычынаў аварыі створана адмысловая камісія, якая афіцыйна распачне сваю працу заўтра, а сёньня ў Віцебск прыязжаў міністр транспарту і камунікацый Уладзімер Сасноўскі.

Дэфармацыя моста пачалася ўчора а палове на 5-ю вечара, па сканчэньні працоўнае зьмены. Сёньня, калі ён практычна абрынуўся ў Заходнюю Дзьвіну, набліжацца да месца здарэньня і шырока асьвятляць гэтую падзею не дазваляюць нават журналістам дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі.

Гэты мост у раёне вёскі Камары Віцебскага раёну плянавалі адчыніць да чарговага "Славянскага базару" – у ліпені 2007-га году. Ён мусіў стацца часткай кальцавой дарогі, якая цяпер будуецца вакол абласнога цэнтру. Паводле зьвестак, атрыманых ад будаўнікоў, мост узводзіўся па тэхналёгіі, якая апрабоўвалася на Беларусі ўпершыню. Апрача Віцебску, ужо была распачатая падрыхтоўка да будаўніцтва падобнага мосту ў Верхнядзьвінску, потым па такой самай тэхналёгіі меркавалася пабудаваць мост на Гомельшчыне. Аднак пасьля надзвычайнага здарэньня, афіцыйнай моваю апісанага як "самаадвольная дэфармацыя канструктыўнага элементу" лёс і гэтага, і падобных збудаваньняў застаецца нявырашаным.
XS
SM
MD
LG