Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П''яны пасажыр спрабаваў захапіць самалёт у Празе(абноўлены)


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня ў аэрапорце Рузыне ў Празе адбылася вымушаная пасадка расейскага самалёту, які ляцеў з Масквы ў Жэнэву. На ягоным борце знаходзіліся больш за 100 чалавек. Прычынай незаплянаванага прызямленьня стала спроба захопу самалёту

Інфармацыю пра незаплянаванае прызямленьне расейскага самалёту ў Празе пацьвердзіла прадстаўніца кіраўніцтва праскага аэрапорту - Паўліна Гайкова.

(Гайкова: ) “Незадоўга перад 11-й гадзінай у праскім аэрапорце адбылася неплянавая пасадка самалёту Airbus 320 авіякампаніі Аэрафлёт, які ляцеў з Масквы ў Жэнэву. Капітан абвясьціў надзвычайнае становішча на борце самалёту”.

Прадстаўнікі Аэрафлёту Ірына Данэнбэрг, Віктар Сакалоў і Віктар Пархімовіч удакладнілі, што на борце самалёту мела месца спроба захопу экіпажу. “Паводле экіпажу, пасажыр славянскай зьнешнасьці, ці ў стане алькагольнага ці наркатычнага ап’яненьня ўчыніў драку, спрабаваў прарвацца ў кабіну пілётаў, заявіў, што ў яго ёсьць выбуховая прыстасаваньне і запатрабаваў ад экіпажу зьмяніць маршрут і накіраваць самалёт у Каір. На борце самалёту знаходзілася 168 чалавек. Начальнік чэскай паліцыі Уладыслаў Гусак пацьвердзіў ў гутарцы з журналістамі, што гэта была спроба захопу самалёту.

Прадстаўнік расейскай амбасады ў Празе Аляксандар Пісьменный пацьвердзіў, што віноўнік інцыдэнту быў абясшкоджаны з дапамогай чатырох пасажыраў яшчэ на борце самалёту. Аднак з прычыны пагрозаў з боку авантурнага пасажыра, на ўсялякі выпадак, капітан самалёту вырашыў зрабіць экстранную пасадку ў Празе. Чэская паліцыя затрымала віноўніка інцыдэнту. Выбуховых матэрыялаў пры ім не знойдзена і ніхто з пасажыраў падчас інцыдэнту не пацярпеў, але 9 пасажыраў былі выведзеныя з самалёту для праверкі.

Чэскія ўлады прадпрынялі надзвычайныя сродкі бясьпекі. Спрацаваў антыкрызысны штаб на выпадак захопу самалёту тэрарыстамі, у аэрапорце зьявіліся дзесяткі пажарных машын і хуткай дапамогі . Аказалася, што нападнік ляцеў разам з сям’ёю, але блізкія ня маюць нічога супольнага з ягонымі паводзінамі. Паводле намесьніка генэральнага дырэктара Аэрафлёту Льва Кашлякова, “затрыманым зьяўляецца расейскі грамадзянін”, 32-гадовы Дагаеў. Кашлякоў паведаміў, што пасьля грунтоўнай праверкі самалёту і багажу пасажыраў, самалёт будзе працягваць палёт у Жэнэву.
XS
SM
MD
LG