Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі кандыдат ад КХП БНФ не прагучаў на мясцовым радыё


Радыё Свабода Сёньня ў эфіры Гомельскага гарадзкога радыё не прагучаў заплянаваны выступ кандыдата ў дэпутаты гарсавету ў Рэчыцкай акрузе №27, сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Шыцікава.

Запіс выступу зрабілі ў студыі гарадзкога радыё напярэдадні. А праз гадзіну пасьля гэтага кандыдата выклікалі ў гарадзкую выбарчую камісію, дзе абвінавацілі ў парушэньні адразу трох артыкулаў Выбарчага кодэксу:

(Шыцікаў: ) “Падчас запісу я сказаў, што ня трэба падтрымліваць цяперашняга рэжыму, які груба парушае правы чалавека, зьнішчае мову й культуру беларускай нацыі, фальсыфікуе выбары. Гэта, відаць, і не спадабалася выбарчай камісіі”, — сказаў кандыдат у дэпутаты гарсавету Ўладзімер Шыцікаў.

У рашэньні камісіі ня згадваецца, якія менавіта словы ці сказы парушаюць Выбарчы кодэкс. Няма таксама згадкі пра тое, што выступленьне нельга трансьляваць па радыё.

Аднак сёньня выступ адзінага ў рэгіёне прэтэндэнта на дэпутацкі мандат ад Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі не прагучаў у эфіры.

На радыё кандыдату Шыцікаву патлумачылі, што здарылася тэхнічная накладка. Але сам ён ня лічыць гэта выпадковасьцю:

(Шыцікаў: ) “Камісіі баяцца, каб нават адзін кандыдат у дэпутаты не сказаў праўды пра цяперашні беларускі рэжым. Таму ў ход ідуць і папярэджаньні, і забароны выступаў на радыё. Такая вось у нас перадвыбарчая агітацыя”.
XS
SM
MD
LG