Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Расея адключала газ Беларусі і Ўкраіне ў 2004-2006 гадах


Ігар Карней, Менск Пагрозы кіраўніцтва канцэрну “Газпром” спыніць пастаўкі газу ў Беларусь, пакуль няма новага кантракту, аднаго разу ўжо былі ажыцьцёўленыя — гэта здарылася 18 лютага 2004 году. Тады Расея перакрыла газавы вэнтыль на той падставе, што акрэсьлены кантрактам аб’ём быў вычарпаны й Беларусь пачала несанкцыявана адбіраць газ. Год таму аналягічная гісторыя паўтарылася з Украінай. Зьвінаваціўшы кіраўніцтва краіны ў несанкцыяваным адпампоўваньні газу, “Газпром” спыніў пастаўкі прыроднага газу й ягоны транзыт праз Украіну. Які сцэнар абярэ для сябе Расея гэтым разам?

Два гады таму “Газпром” абвінаваціў Беларусь у тым, што тая выбрала ўвесь прадугледжаны кантрактам газ, і скараціў пастаўкі паліва на 40%.

Пасьля гэтага пачаўся несанкцыяваны адбор газу, у адказ на што расейская манаполія цалкам спыніла пастаўкі газу ў Беларусь і празь яе тэрыторыю. Праўда, ужо праз суткі краіны дамовіліся пра аднаўленьне газавых паставак, але за новыя, вышэйшыя кошты. Гэтаму папярэднічалі жорсткія заявы Аляксандра Лукашэнкі, які эмацыйна выказаўся пра “здраду расейскіх братоў”, зь якімі беларусы “гнілі ў адных акопах”.

Дырэктар Інстытуту эканамічных стратэгіяў Аляксандар Агееў лічыць такія заявы вынікам няўменьня весьці цывілізаваныя перамовы.

(Агееў: ) “Ні пра якую, канечне, вайну гаварыць ня трэба, гэта абсалютна публіцыстычная тэрміналёгія. Вайна — гэта крайне жорсткая й трагічная рэч. Гаворка ідзе пра перамовы, пра перамоўную сытуацыю паміж двума бакамі. Тое, што гэтыя бакі маюць на вяршыні дзяржавы, урады і прэзыдэнтаў — гэта, безумоўна, падвышае ранг перамоваў, але перамовы гэтыя па сутнасьці камэрцыйныя, рынкавыя. І ў кожнага боку ёсьць свая матывацыя. То бок, любы гандляр мае матывацыю падвышаць кошты, тым больш манапаліст. Любы пакупнік хацеў бы набываць як мага таньней прадукцыю. Гэта натуральная лёгіка, пры чым тут вайна? Гэта звычайны гандаль бакоў”.

Напачатку 2005 году было абвешчана пра падвышэньне тарыфаў на газ для Беларусі, аднак у красавіку Ўладзімер Пуцін паабяцаў захаваць адпускныя кошты на ранейшым узроўні. Праз год, у сакавіку 2006-га, адразу ж пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, кіраўніцтва “Газпрому” зноў абвясьціла пра намер падвысіць цану на газ для Беларусі да эўрапейскага ўзроўню. І гэтае абяцаньне цяпер выконвае.

Год таму перад фактам міжнародных коштаў на газ паўстала Ўкраіна. Ад 1 студзеня 2006 году “Газпром” спыніў пастаўкі газу ў гэтую краіну. Яшчэ ў сярэдзіне 2005-га Расея запатрабавала падвысіць цану для Ўкраіны з 50 даляраў за тысячу кубамэтраў да 160. А калі перамовы не далі ніякіх вынікаў — нават да 230 даляраў.

Паводле заявы “Газпрому”, датычна Ўкраіны пастанавілі вызначыць кошт на падставе “эўрапейскай рынкавай формулы”. Пасьля бясплённых кантактаў украінскі бок быў абвінавачаны ў тым, што незаконна адпампоўвае газ, які праз Украіну пастаўляўся далей у Эўропу.

Чатыры дні працягвалася газавая блякада, цягам якіх канфлікт адбіўся і на суседніх краінах. Вугоршчына заявіла, што ў першыя дні 2006 году недаатрымала 40% аб’ёмаў газу, Польшча — 14%. Пра перабоі ў пастаўках газу заяўлялі Нямеччына, Аўстрыя, Італія ды іншыя краіны Эўразьвязу, дзе чвэрць усяго спажыванага газу прыпадае на долю “Газпрому”.

І ў цяперашнім беларускім, і ў тым украінскім выпадку экспэрты прасочваюць агульную рысу. Праз тыдзень пасьля абвешчанага намеру прадаваць Украіне газ за 230 даляраў старшыня праўленьня канцэрну “Газпром” Аляксей Мілер заявіў: калі Ўкраіна аддасьць кантрольны пакет акцый сваёй газатранспартнай сыстэмы, можна будзе казаць пра іншы кошт. Аналягічны падыход у фармаваньні кошту на газ прасочваецца і ў цяперашнім беларускім выпадку — прадстаўнікі “Газпрому” не хаваюць, што акцыянаваньне “Белтрансгазу” паспрыяе зьніжэньню коштаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG