Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Званкі на Свабоду – 2006": слухачы пра падзеі 19–25 сакавіка


Валер Каліноўскі, Менск Зваротная сувязь слухачоў “Свабоды” з нашым радыё была найбольш выразнай у часе падзеяў 19–25 сакавіка ў Менску. Думкі і эмоцыі людзей, якія тады тэлефанавалі на аўтаадказьнік “Свабоды”, набылі сапраўды агульнанацыянальнае значэньне і гучаньне. Гэтыя галасы – унікальнае сьведчаньне неабыякавай рэакцыі беларускага грамадзтва на масавы пратэст у цэнтры Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.



А восьмай вечара 19 сакавіка ў Беларусі завяршылася галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. Кандыдат да аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заклікаў нязгодных з несумленным характарам кампаніі прыйсьці на галоўную полошчу Менску. Старшыня КДБ публічна палохаў, што дэманстранты будуць разглядацца як тэрарысты, да якіх можа быць прымененае сьмяротнае пакараньне. У цэнтры гораду была сканцэнтраваная вялікая колькасьць міліцэйскіх сіл. Але людзі на плошчы сабраліся – паводле розных ацэнак ад 30 да 50 тысяч чалавек. На гэтыя падзеі слухачы “Свабоды” рэагавалі наступным чынам:

(СПАДАР: ) “Ідуць пагрозы праз мабільныя тэлефоны — не хадзіць на Кастрычніцкую плошчу 19 сакавіка. Я, як былы партызан, заклікаю ўсіх сумленных грамадзянаў — ісьці на плошчу! Уратуй нас, Госпадзе Божа, і на гэты раз!”

(СПАДАР, Рэчыца: ) “Неабходна прызнаць гэтыя выбары несапраўднымі, бо датэрміновае галасаваньне праходзіла ў атмасфэры хлусьні, запалохваньня людзей, арыштаў...”

(СПАДАР, Магілёў: ) “Мы зьвязваліся са знаёмым міліцыянтам, які нам паведаміў, што паступіў загад: тых, хто выйдзе на вуліцу, трэба затрымліваць. Але мы гэтага не баімся. І мы не баімся таго, што хутка Лукашэнка, як тыран, зьнікне з палітычнай сцэны. Гэта факт, і ад гэтага нікуды ня дзецца, мы ў гэтым упэўненыя”.

(ВАСІЛЬ ІВАНАВІЧ, Менск: ) “Мілінкевіч заклікае людзей прыйсьці на плошчу зь сінімі бантамі на грудзях, быццам бы супраць фальсыфікацыі выбараў на прыклад аранжавых у Кіеве. Майдану па-кіеўску ў Мілінкевіча не атрымаецца! Яго месца ў польскім Асьвенціме, а не на плошчы ў Менску”.

(СПАДАР: ) “Я ня бачу ніякага сэнсу, што людзі будуць мерзнуць на плошчы, крычаць нейкія лёзунгі й рабіць нешта незаконнае. Лічу, што дзейны прэзыдэнт перамог на выбарах”.

(СПАДАР, Гомель: ) “Шмат хто з нашых знаёмых, і я, галасавалі за Мілінкевіча. Не разумею, чаму кажуць няпраўду, што ў Гомелі ўсе галасавалі за Лукашэнку? Гэта поўная хлусьня!”

(СПАДАР: ) “Я студэнт менскай ВНУ, цяпер знаходжуся каля Казарменнага завулку, дом 1, тут стаяць дзевятнаццаць маленькіх аўтобусаў МАЗ і дваццаць два вялікія вайсковыя КАМАЗы, яшчэ нейкія машыны, ланцуг расьцягнуўся ў кірунку Кастрычніцкай плошчы. У аўтобусах сядзяць АМАП і вайскоўцы”.

(СПАДАР, Горадня: ) “Я проста ўражаны той сьмеласьцю дзяўчат і хлопцаў, якія выйшлі на плошчу. Увесь дзень глядзеў польскае тэлебачаньне, дзе пачуў камэнтар, што калі нават сто-дзьвесьце чалавек выйдуць — то гэта героі”.

(СПАДАР, ЗША: ) “Дарагія суайчыньнікі! Вітаем вас са Злучаных Штатаў Амэрыкі. З самага ранку вашае радыё гучыць у нас на ўсю хату праз інтэрнэт. Сэрцам мы разам з вамі! Молімся ўсёй сям’ёй за вас. Знаходзімся душой і сэрцам на Кастрычніцкай плошчы разам з вамі! Мае дзеці мараць пра такую свабодную Беларусь і перакананыя, што Беларусь — самая лепшая!”

(СПАДАРЫНЯ: ) “Ярмошына й Лукашэнка! Вы чарговы раз бессаромна падманулі свой народ! Ці не баіцеся вы Божай кары? Як можна спакойна жыць і без дакору сумленьня глядзець у вочы беларускім людзям і людзям усяго сьвету, якія ведаюць пра вашу нядобрасумленнасьць. Бог вам судзьдзя!”

(СПАДАРЫНЯ: ) “Я хачу сказаць, што я таксама сьведка. Я жыву на Чырвонаармейскай, і такой колькасьці ўжо падрыхтаваных машынаў і войскаў — для таго, каб арыштоўваць і саджаць людзей, я даўно ня бачыла. Толькі, можа быць, у фільмах пра гітлераўцаў — калі фашысты ўваходзілі ў нашыя вёскі й сёлы. Гэта мне нагадала вайну з народам, фашызм”.

(СПАДАР:) “Апазыцыя зноў прайграла. Яна ня выкарыстала свайго патэнцыялу сёньня”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Дзякуй вам за свабоду й за аптымізм. Ні заўтра, ні пасьлязаўтра я на плошчу прыйсьці не змагу. Вельмі балюча, калі разумееш, што павінен зрабіць нешта, і ня можаш. Толькі ў Менску некалькі тысяч інвалідаў-калясачнікаў. Я разам з вамі. Жыве Беларусь! Усім нам посьпехаў і мужнасьці!”

Увечары 20 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску зноў сабраліся дзясяткі тысяч чалавек, працягваўся мітынг, экс-кандыдаты на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін не прызналі абвешчанай перамогі Аляксандра Лукашэнкі. Частка мітынгоўцаў разьбіла на марознай плошчы намёты і засталася тут нанач. Слухачы “Свабоды” працягвалі абмяркоўваць гэтыя падзеі і даваць свае ацэнкі выбарчай кампаніі:

(СПАДАР, Менск: ) “Наколькі мне вядома, парушэньняў было настолькі шмат, што выбарамі гэта я назваць не магу”.

(СПАДАР: ) “Лукашэнка набраў 82%, як ён сказаў. Па-першае, гэта поўная хлусьня. Па-другое, нават калі б ён набраў 99%, яго ўдзел у гэтых выбарах зьяўляецца нелегітымным. Мілінкевіч — наш выбраны прэзыдэнт! Ён зьяўляецца прэзыдэнтам. Гэта трэба было абвясьціць на плошчы, бо ён займае 2-е месца, а Лукашэнка ня мае права балятавацца. Нельга было сыходзіць з плошчы, трэба было пакінуць ахвотнікаў жыць у палатках. Я б асабіста застаўся на гэтай плошчы, быў гатовы загінуць на гэтай плошчы”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Я вам казала, што ў Беларусі больш разумных людзей і што за гэтай тухлай апазыцыяй ня пойдуць. І хопіць вам вычварацца, хопіць хлусіць! Супакойцеся!”

( СПАДАР: ) “Калі б у Мілінкевіча й Казуліна быў гонар, яны б прызналі сваю паразу. А інакш і не магло быць, бо народ верыць свайму прэзыдэнту й цалкам на ягоным баку”.

(УЛАДЗІМЕР: ) “Што да падзеяў, якія адбыліся ўчора ўвечары на Кастрычніцкай плошчы. Яны прадэманстравалі, што ў нас няма эліты, якая здольная дзейнічаць у экстрэмальных абставінах. Як яе выхаваць — вось над чым мы павінны падумаць, бо калі няма эліты, дык ня будзе ўсяго астатняга”.

( СПАДАР: ) “З узброеным рэжымам, які разарваў прыстойнасьць, справядлівасьць і законнасьць, весьці цывілізаваныя выбары — марная праца. Іх вынік прадбачыў акадэмік А.Вайтовіч, ён меў рацыю на 1000 адсоткаў. Згадайце сытуацыю з гітлераўскай Нямеччынай: зь Нямеччынай пакончылі ўсім сьветам. Дыктатары толькі так сыходзяць!”

(АНАСТАС СЕМЯНОВІЧ: ) “Вынік выбараў быў даўно вядомы. Тое, што нашыя дарагія й любімыя хлопцы, Алесь Мілінкевіч і Аляксандар Казулін, пабудзілі наш народ — гэта вельмі вялікая перамога. Цяпер вам трэба працягнуць сваю працу. Праўда, лукашысты будуць рабіць усё, каб вас ізаляваць, але, я думаю, што Эўропа й Амэрыка не дазволяць гэтага. Надышоў час — трэба стварыць урад, які будзе вырашаць усе пытаньні. Усіх здраднікаў на чале зь Ярмошынай трэба зафіксаваць, каб потым судзіць. На ўчорашнім мітынгу нас было ня менш за 50 тысяч чалавек, а ня 30, як паведамілі”.

(СПАДАР: ) “Чаму вы абражаеце дзясяткі тысяч членаў выбарчых камісіяў, паведамляючы, што быццам бы падлікі няверныя й быццам бы Мілінкевіч мае іншую лічбу? Былі назіральнікі — вы іх абражаеце! Як так можна рабіць?”

(СПАДАР: ) “Па тварах на Бангалоры й на Кастрычніцкай магу канстатаваць: рэвалюцыя ў Беларусі сапраўды адбылася. Што далей? Не здавацца! І згодны з Пазьняком, што трэба ствараць ценявы кабінэт, ценявую мытню, а потым пабачым, хто каго”.

21 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску працягваўся бестэрміновы мітынг пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Намётавы лягер пашырыўся. Міліцыя зьбівала і затрымлівала тых удзельнікаў акцыі, якія адыходзілі з плошчы. Плошчу наведалі замежныя палітыкі і дыпляматы. Алякссандар Казулін заклікаў пратэстоўцаў пакінуць плошчу, але яго не паслухалі. Каля тысячы чаалвек заставаліся на плошчы ноччу. Слухачы “Свабоды” рэагавалі на тыя падзеі:

(СПАДАР: ) “Учора быў на Кастрычніцкай плошчы — было сапраўднае сьвята. Сёньня накіраваны ў камандзіроўку ў Берасьце, але душою я з усімі на плошчы!”

(СПАДАР: ) “Шчыра дзякую й нізка ў ногі кланяюся ўсім барацьбітам з дыктатарскім рэжымам у Беларусі! Вітаю прадстаўнікоў Расеі: Мікіту Бялых, Уладзімера Рыжкова, прадстаўнікоў Украіны й Польшчы, якія дапамагаюць нам у гэтай цяжкай барацьбе. Захоплены гераізмам нашых лідэраў: Мілінкевіча, Казуліна, Сярэдзіча і ўсіх маладых людзей, якія дапамагаюць ім у гэтай высакароднай справе”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Бессаромныя! Свабода называецца! Гэта не свабода — гэта падман народу! Людзі ня ведаюць Бога, не чытаюць слова Божае, не разумеюць, у які час мы жывем! Усякая ўлада Богам пастаўлена, і супраціўляецца ўладзе той, хто ад сатаны!”

(СПАДАР, Менск: ) “У мяне такая думка зьявілася, што хутка наш Лукашэнка прыдумае рэфэрэндум, каб увогуле выбараў у нас не існавала, таму што гэтыя выбары — гэта проста фарс”.

(БЫЛЫ ШАХТАР, Салігорск: ) “Я вельмі задаволены і ўдзячны, што такія людзі, як Мілінкевіч, стаяць на плошчы й абараняюць нашу свабоду. Крыўдна, што я не магу там прысутнічаць. Народу Беларусі Бог дае яшчэ адзін шанец, ён пасылае яшчэ аднаго кіраўніка, такога, як быў у нас Машэраў”.

(СПАДАР, Гомель: ) “Мы галасавалі за Мілінкевіча. Не разумеем, чаму казалі, што Гомель і Магілёўская вобласьць больш за ўсіх прагаласавалі за Лукашэнку. Гэта поўная хлусьня й няпраўда!”

(СПАДАР: ) “Лічу вынікі выбараў прэзыдэнта Беларусі чарговай хлусьнёй дзейных уладаў! Падтрымліваю патрабаваньне паўторных выбараў!

Хутка ня будзе ў Беларусі ні аўса, ні жыта — Лізаць будуць падхалімы пустое карыта. Гэтулькі сілавікоў, гэтулькі вяльможаў Наш старанны селянін пракарміць ня зможа!”

(ІЛЬЛЯ КОПЫЛ: ) “Толькі што прыйшоў з плошчы, пабываў на мітынгу, атрымаў зарад бадзёрасьці. Сёньня па БТ паказвалі тэатар аднаго актора. Ён заявіў, што на мітынгу 19-га было дзьве тысячы юнакоў, якім заплацілі па 20 тысяч беларускіх рублёў. Раней ён казаў, што плацілі далярамі, а цяпер вось ужо перайшоў на рублі. Дык я хачу сказаць, што там былі людзі ад 15 да 80 гадоў, нават былі людзі, якія прыходзілі сем’ямі. То бок, гэты актор, грамадзянін Лукашэнка, займаецца хлусьнёй! Сёньня мне патэлефанавала знаёмая. Яна сказала, што ў яе дачкі, якой 11 гадоў, узялі падпіску, каб яна не наведвала мітынг на плошчы. Думаю, камэнтар тут не патрэбны”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Лукашэнка паводзіць сябе так нахабна й самаўпэўнена таму, што за яго плячыма Расея. Лічу, што ва ўсіх нашых бедах вінаватая Расея, таму што Беларусь зьяўляецца буфэрам паміж Захадам і Расеяй. І пакуль будзе падтрымка Расеі, у нас нічога ня зьменіцца”.

(АЛЕГ, інвалід зроку: ) “Усё залежыць ад народу самаго, а не ад Лукашэнкі. У нас дэмакратыі нельга зрабіць, таму што ўсё залежыць ад народу, народ павінен сачыць за сабой, трэба перавыхоўваць самаго сябе”.

( БАРЭЛЬ: ) “Сёньня ўвесь вечар трубяць, што 20 тысяч кожнаму давалі ў Менску на плошчы. А колькі ж Лукашэнка дае тысяч даляраў сынам на катэджы? Брыдка слухаць!”

( СПАДАРЫНЯ: ) “Казулін і Мілінкевіч! Вы не палітыкі, вы злосныя кар’ерысты й амэрыканскія халуі, якія вельмі хочуць узяць уладу. Народ зрабіў выбар правільны, і хопіць шыпець як зьмеі. Хопіць прыкрывацца неразумнымі замбаванымі дарослымі й безадказнымі падлеткамі, якія з бутэлькамі ў руках, п’яныя, гарланілі на плошчы. Хопіць прадаваць краіну й народ амэрыканскім дыктатарам і фашыстам!”

(СПАДАР: ) “Я вельмі ўражаны тым, што абдываецца на Кастрычніцкай плошчы. Мне шкада, што я сам фізычна не змагу там прысутнічаць, працяглы час стаяць. Я інвалід. Але я душой і сэрцам з гэтымі людзьмі. Я ўпэўнены, што сёньня менавіта там, на плошчы, пішацца нашая гісторыя. І яшчэ я ўпэўнены, што дух нашых вялікіх продкаў, змагароў за свабоду лунае над плошчай і падтрымлівае нашых мужных людзей, якія там знаходзяцца. Я ўкленчваю перад вамі, людзі!”

(СПАДАР, Валожынскі раён: ) “Кастрычніцкая плошча ператварылася ў плошчу герояў, якія пераступілі праз страх! Іх не запалохалі нават расстрэламі. Калі зьявіліся такія змагары, дык мы пераможам! Дай Божа ім сілы выстаяць і перамагчы! Жыве Беларусь!”

(СПАДАРЫНЯ: ) “Людзі, якія на плошчы, родныя, добрыя, трымайцеся, калі ласка, шмат хто ў Менску хоча вам дапамагчы! Будзем старацца. Мы пераможам!”

22 сакавіка спэцназ зьбіваў тых, хто сыходзіў з плошчы, працягваліся арышты, супрацоўнікі камунальных служб пачалі выказваць прэтэнзіі да намётавага лягеру, ўвечары на мітынг сабралася каля 6 тысяч чалавек. На ноч засталіся каля паўтысячы зь іх. Слухачы Свабоды выказвалі свае думкі пра гэтыя падзеі.

(ПЭНСІЯНЭР, Койданава: ) “Шчыра вітаю юнакоў і дзяўчат, якія сёньня не спалохаліся цемрашалаў, ворагаў беларушчыны й згуртаваліся на плошчы ў Менску. І хачу я іх павіншаваць вершам нашага песьняра Янкі Купалы: Гэй ты гэй, Беларусь, маладая старонка, Уставай жа, ўставай з паніжэньня, з пацёмкаў, Хай жа будзе нязможная ўлада твая, Гэй ты гэй, Беларусь маладая мая!

( СПАДАРЫНЯ: )Я хачу зьвярнуцца да ўсіх хрысьціянаў Беларусі — маліцца за тых, хто на плошчы, маліцца за нашую перамогу. З Богам мы пераможам. Скажам хлусьні — не! Хрысьціяне, яшчэ раз падумайце, не прадавайце Хрыста. Нельга верыць хлусьні.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Я ня веру, што ў Беларусі ў нас 83% прыдуркаватых. Ну, ніяк ня ўкладваецца ў галаву. За Лукашэнку галасаваць можа ну зусім дрымучы чалавек, непісьменны, і злачынца, які замараны дзе-небудзь. Нармальны чалавек за яго галасаваць ня будзе. А ў тэлевізары й на радыё ў нас сядзіць моська! Як ні ўключыш, ён усё кажа, што й Буш дрэнны, і Блэр дрэнны, і той дрэнны, толькі Фідэль і Хусэйн добрыя.

(СПАДАР, Слуцак: ) “Выбары — гэта нават не падтасоўка й фальсыфікацыя, гэта злачынства супраць свайго народу. І я ўпэўнены, што ўжо вельмі хутка злачынцы, якія ўзначальвалі ўчастковыя выбарчыя камісіі, адкажуць за гэта. Мы ўсе ведаем іхныя прозьвішчы. На выбары нас ганялі як статак бараноў, нават успамінаць сорамна й агідна. Але зразумейце правільна, што за кожным з нас — сям’я, праца, а нас запалохвалі”.

(СПАДАР: ) “Як вам ня сорамна, спадары! Куды вы дзяцей ведзяце! Мы ж вас страляць будзем! Я пайшоў у войска, мне было 15 гадоў, каб радзіму абараняць! А вы лезеце, Мілінкевічы гэтыя, Казуліны! Гэты Калякін, я ж яго ведаю як камуніста былога! Мы вас будзем страляць! Мы будзем патрабаваць ад Лукашэнкі, мы яго выбралі, i мы патрабуем, каб ён прыняў не памілаваньне, а рэпрэсію — пасадзіць усіх у турму пад сьледзтва, а там будзем разьбірацца!”

(СПАДАР: ) “Хацелася б сказаць вялікі дзякуй Мілінкевічу за тое, што ён ёсьць. Бо гэта тое, чаго ў нас сапраўды не было апошнія дванаццаць гадоў. У нас цяпер ёсьць лідэр, і я думаю, што гэта для ўсёй краіны вялікая справа. І ня трэба жывіць вялікіх ілюзіяў наконт Эўропы. Мы ім не патрэбныя”.

(СПАДАР, Віцебск: ) “Зразумейце, што нашыя тэлефоны праслухоўваюцца, але ж мы не баімся гэтага страху, хай нават у турме падохнем. Але ж ня будуць яны нас, сталых людзей, саджаць у турмы, хаця яны могуць. Гэты ж узурпатар пажыцьцёва будзе прэзыдэнтам, пакуль сто тон золата ня будзе ў Беларусі; ён будзе прэзыдэнтам да таго часу, пакуль яго народ папросіць. Гэта ж абсурд! Увесь дзень толькі ён і яго падхлебнікі на тэлебачаньні, а Мілінкевіча й ніякай апазыцыі няма. Хай Мілінкевіч і іншыя будуць моцныя на плошчы! Хай не баяцца гэтых катаў бальшавіцкіх!”

(СПАДАР: ) “Я чалавек сельскі, але мне ўдалося пабываць на мітынгу 19 сакавіка. І хачу сказаць: тое, што робяць нашыя ўлады — гэта прынамсі нізка й подла ў адносінах да свайго народу. У мяне склалася ўражаньне, што яны лічаць тых, хто прыйшоў на плошчу, нейкімі марсіянамі, а не сваімі людзьмі”.

(СПАДАР: ) “Сёньня пабываў на Кастрычніцкай плошчы. Шкада, што мяне там не было ў нядзелю. Але сёньня я бачыў гэтыя маладыя прыгожыя чыстыя твары, я бачыў гэтае сьвятло ў вачах. Хаця нас было няшмат, усяго толькі некалькі тысяч, я веру, што за гэтай моладзьдзю, за гэтымі людзьмі будучыня нашай краіны! Можа, сёньня мы не пераможам, але я веру, што празь пяць ці праз дваццаць гадоў перамога абавязкова будзе за намі! Пакуль аб гэтым толькі мару, але я веру, што сонца выйдзе з-за хмар!

(ВАЛЕР ШАЎЧЭНКА, Наваполацак: ) “Кастрычніцкая плошча — гэта мірны пляцдарм дэмакратыі ў Беларусі. Але зьдзіўляе тое, што няма пратэстаў супраць незаконна затрыманых грамадзянаў, спыненьня іх каля плошчы, абшукваньня й забіраньня ежы й рэчаў, супраць жаданьня ўлады цынічна й жорстка задушыць пратэсты празь сьцюжу й адсутнасьць ежы”.

(СПАДАР: ) “Сёньня ў 23:40 па польскім канале карэспандэнт у простым этэры перадаў з Кастрычніцкай плошчы такі факт. Звычайныя простыя менчукі рознага ўзросту й полу несьлі бутэрброды, каву, тэрмасы й іншае. Дык гэтых людзей схапілі й пакідалі ў аўтобусы. Вы толькі падумайце, гэтых людзей завязуць, заўтра асудзяць на 10—15 сутак! Яны ня ўдзельнічалі ў акцыі, але абвесьцяць іх хуліганамі, дома іх ня будзе, сем’і будуць хвалявацца, праз 10—15 сутак яны выйдуць на працу, іх могуць звольніць. Вось такія маленькія чалавечыя трагедыі. Мала таго, яны застануцца невядомымі... І яшчэ ён перадаў, што ўчора людзей у чорным было больш нават за гэтых хлопцаў”.

СПАДАР: ) “Апазыцыяй вядзецца абвінавачаньне ўладаў, што выбары былі несправядлівыя й сфальсыфікаваныя, і прыводзяцца некаторыя пабочныя доказы. Але галоўнага доказу не прыводзіцца! А галоўнае, што нідзе не былі дапушчаныя назіральнікамі й членамі камісіяў прадстаўнікі ад апазыцыі! Вось гэта галоўны козыр абвінавачаньня ўладаў!”

(СПАДАРЫНЯ: ) “Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што тых хлопцаў, якіх арыштоўваюць, не ў турму садзяць, а садзяць у гатэль. Час ужо ў той гатэль Лукашэнку самога пасадзіць — і за хлусьню, і за ўсё”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Лукашэнку Бог памагае: марозам вас цісьне — і ўсё, і ня трэба яму ні разганяць, нічога. А дурныя людзі здароўе згубяць і свабоды той не захочуць. Каму цяпер гэта трэба? Ад добрага лепшага не шукаюць”.

(СПАДАР: ) “Лукашэнка выхваляецца й выдае збор людзей на плошчы на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў як сьведчаньне нейкага жэсту ў бок дэмакратыі. Але гэта ня так, бо вакол удзельнікаў акцыі стаяць і ходзяць супрацоўнікі спэцназу, якія настроеныя варожа, вядуць апэратыўную здымку, каб пакараць людзей потым, у іншым месцы бязь сьведак. Арышты працягваюцца, нагнятаньне страху не спыняецца, як і сілавое ўзьдзеяньне”.

У чацьвер 23 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску нарастала напружанасьць, прыходзілі правакатары, якія ініцыявалі шумныя спрэчкі і бойкі. Увечары на мітынг прыйшло некалькі тысяч чалавек. На ноч у намётавым лягеры засталіся паўтысячы актывістаў, якія пазьней былі арыштаваныя. Галасы нашых слухачоў:

(СПАДАРЫНЯ: ) “Я хачу зьвярнуцца да ўсіх пэдагогаў Беларусі, асабліва Менску й бліжэйшых гарадоў. Дарагія мае калегі! Вашыя сёньняшнія і ўчорашнія вучні мерзнуць на плошчы, рызыкуюць быць выгнанымі з інстытутаў, яны трапляюць за краты, іх зьбіваюць… Вашыя дзеці ня хочуць жыць і гнісьці ў балоце сёньняшняй маны й гвалту. Вы дазволілі загнаць сябе ў папярэдняе галасаваньне й тым самым здрадзілі ім. Вы што, авечкі або бараны? Як вы будзеце глядзець дзецям у вочы? Што напіша пра вас гісторыя? Выкупіце свой грэх, ідзеце на плошчу, падтрымайце замерзлых дзяцей, не адымайце ў іх Будучыні!”

(СПАДАРЫНЯ: ) “Вітаю цябе, доўгачаканая «Свабода»! Хочацца моцна падзякаваць тым, хто цяпер знаходзіцца на Кастрычніцкай, і я ім вельмі зайздрошчу, бо асабіста я не магу там быць. Я даглядаю свайго маленькага сына. Менавіта цяпер вырашаецца, у якой краіне ён будзе жыць заўтра, таму наш тата знаходзіцца там — мой муж, ягоны бацька. І мы не баімся, мы нічога не баімся!”

(СПАДАРЫНЯ: ) “Учора на плошчы арыштавалі майго мужа, Грабавога Ўладзіслава. Яму далі 15 сутак. Ён адбывае сваё зьняволеньне на Акрэсьціна. Я ганаруся сваім мужам. Спадзяюся, наш сын будзе ганарыцца сваім бацькам. Нашаму сыну 1 месяц. Жыве Беларусь!”

(СПАДАР: ) “Горад Баранавічы, школа №14. За Лукашэнку прагаласавала 30 чалавек. Я быў у шоку. Мяне з працы здымуць”.

(СПАДАР: ) “Малая колькасьць людзей на Кастрычніцкай плошчы тлумачыцца страхам. Паглядзіце, пратэстоўцы ахопленыя ланцугом амапаўцаў, як гэта было ў Бэслане, быццам праводзіцца антытэрарыстычная ваенная апэрацыя. Улады зрабілі пастку: усіх упускаць і нікога не выпускаць. Гэтая фактычная блякада плошчы, блякада ўдзельнікаў пратэсту зьяўляецца парушэньнем Канстытуцыі, бо няма свабоды, а ёсьць стабільны ціск уладаў і рэпрэсіі”.

(ВІКТАР, Салігорск: ) Хачу данесьці свае думкі з нагоды стаяньня моладзі на пляцы Кастуся Каліноўскага. Ні ў якім разе да 25 сакавіка з пляцу сыходзіць нельга, бо потым усё будзе перакрыта міліцыянтамі, народу недзе будзе зьбірацца. А так, я ўпэўнены, 25-га тысячы людзей павінны сабрацца на пляцы й разам з гэтай моладзьдзю сказаць сваё «не» дыктатуры!”

(СПАДАРЫНЯ: ) “Божа міласьцівы! Дай здароўя ўсім, хто знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы! Дай здароўя Зянону Пазьняку, Мілінкевічу, Казуліну. Наша сям’я ганарыцца імі і ўсім беларускім народам!”

(СПАДАРЫНЯ: ) “Усе нашы хлопцы й дзяўчаты, якія знаходзяцца ў турмах і мерзнуць у намётах — гэта краса беларускай нацыі. Мы падтрымліваем іх і вельмі імі ганарымся! І хай не турбуюцца добрыя душы, што нашыя дзеці знаходзяцца там без харчоў. Мы стараемся ўвесь час ім падносіць і цёплыя рэчы, і прадукты. І гэтыя дзеці — цудоўныя, яны такія выхаваныя й культурныя. Мы заўсёды бываем там — ні слова мату, ніякай лаянкі — гэта проста цудоўныя дзеці. Мы ганарымся імі!”

(СПАДАР: ) “Народ, верце, дыктатура раней зьнікне, калі вы нам дапаможаце. Дзе ваша пачуцьцё ўласнай годнасьці? Няўжо нашы дзеці сьмялейшыя за вас? Кідайце свой страх і выходзьце на плошчу. Не пакідайце сваіх дзяцей сам- насам з дыктатарам!”

(СПАДАР: ) “Людзі! Калі вы хочаце адчуць дух праўды, дух свабоды, дух еднасьці, ідзеце на Кастрычніцкую плошчу, перамажыце свой страх, прабудзьце ноч на плошчы — вы адчуеце, што гэтая ноч была самай шчасьлівай у вашым жыцьці. Паверце мне, я там быў”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Да якой агоніі дайшоў рэжым, што арыштоўвае, судзіць і пазбаўляе волі чалавека толькі за тое, што ён нясе бутэрброды й тэрмас гарбаты! Оруэл адпачывае, калі сёньня ў Беларусі цёплае адзеньне ў торбе — гэта крымінал”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Я лічу зусім недарэчным начное знаходжаньне дзяцей на плошчы. Таму што здароўе даражэйшае за ўсё. Ніякая палітыка ня вартая таго, каб рызыкаваць здароўем”.

(СПАДАР: ) “Вы ўяўляеце, што таварыш Мілінкевіч, альбо спадар Мілінкевіч, ператвараецца ў злачынцу? Бо вывесьці дзяцей на плошчу, зімой, у мароз, антысанітарыю — гэта злачынства. Хіба ён вывеў сваіх дзяцей туды й прымусіў іх начаваць на той плошчы? І той жа Казулін — тое самае. Гэта злачынцы, а ня кандыдаты на прэзыдэнта”.

(СПАДАР: ) “Падобна на тое, што ўжо хутка выканаўчая ўлада ажыцьцёвіць расправу над пратэстоўцамі на Кастрычніцкай плошчы, і ня выключана, што сам Лукашэнка ды ягоныя адмарозкі шыю ім будуць адкручваць. Адны зь іх бясьсьледна зьнікнуць, а ў тых, хто застанецца, забяруць у вязьніцах здароўе”.

(СПАДАР: ) “Я падтрымліваю думку, што трэба на 25 сакавіка, у Дзень Волі, перайменаваць гэтую плошчу Акцябарскую, савецкую, і каб яна была назаўсёды названая імем Кастуся Каліноўскага. Гэты дзень стаўся б гістарычным. Падтрымліваю таксама гэтых людзей — мужных, маладых, сапраўдных беларусаў. Хай стаяць да Перамогі! У вайну было горш, а камсамольцы- падпольшчыкі стаялі ў Менску — і перамаглі фашызм. І мы пераможам лукашызм”.

24 сакавіка пасьля сілавога разгону намётавага лягеру і масавых арыштаў многія слухачы паведамлялі на “Свабоду” пра сваіх затрыманых родзічаў, некаторым з арыштаваных самім удалося датэлефанавацца на аўтаадказьнік “Свабоды” з-за кратаў:

(СПАДАР: ) Мы цяпер стаім, нас сто чалавек, на тэрыторыі нейкага міліцэйскага лягеру, мерзьнем дзьве з паловай гадзіны. Нікога практычна не выводзяць”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “На плошчы ўначы забралі двух братоў — Адамовіч Аляксей Мікалаевіч і Адамовіч Пётар Мікалаевіч. Яшчэ раней, калі быў хапун, забралі трэцяга брата Андрэя”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Адно толькі меркаваньне: мы жывем у паліцэйскай дзяржаве. Бачыце, што зрабілі: разграмілі ўсё на плошчы Кастрычніцкай. У вялікіх мэталёвых «варанках» павезьлі ўсіх у невядомым кірунку: білі й дзяўчат, і мужчынаў, і хлопцаў — усіх білі спэцназаўцы. Гэта мне паведамілі, калі яшчэ не пасьпелі адключыць мабільнікі. Цяпер ужо датэлефанавацца ніхто зь іх ня можа. Куды павезьлі, што зь імі — ніхто нічога ня ведае. Усё разгромлена, усе пазьбіваныя”.

(СПАДАР: ) “Што гэта за краіна, калі нашчадкі жалезнага Фелікса ўсю ноч шчыравалі на плошчы, затрымлівалі, арыштоўвалі людзей толькі за тое, што яны думаюць інакш. На Акрэсьціне больш няма месцаў. Засталося толькі абсталяваць стадыён «Дынама», і Беларусь будзе нагадваць Чылі часоў Піначэта”.

(СПАДАР: ) “Усе вашы перадачы аб дэманстрацыі — хлусьня! Ва ўсіх краінах несанкцыянаваныя мітынгі разганяюць. І правільна зрабілі, што разагналі гэты мітынг, таму што з гэтым зьвярынцам, з Казуліным і Мілінкевічам — усё зразумела”.

(СПАДАР: ) “Рэжым Лукашэнкі нагадвае мне вісельніка, у якога на шыі пятля, а пад нагамі табурэтка. У сувязі з гэтым я хацеў бы прапанаваць апазыцыі з улікам разгону лягеру на плошчы. Мне падаецца, трэба ўжо пачынаць дзейнічаць. Трэба выбіць ужо гэты табурэт, які знаходзіцца пад нагамі ў вісельніка. Трэба зьбіраць подпісы за адмену прыгоннага права й кантрактнай формы найму, з-за якога людзі ня могуць свабодна выказваць сваю волю на выбарах, і зьбіраць подпісы за непрызнаньне вынікаў апошніх выбараў”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Сёньня маё сэрца не вытрымлівала вашых паведамленьняў з плошчы Каліноўскага. Можна было здагадвацца, што рана ці позна людзей разгоняць, але ж не такім зладзейскім чынам. Ноччу ў аўтобусах з кратамі — жах. І гэта называецца дэмакратыя. Згодная з Генадзем Бураўкіным, што людзі ішлі на плошчу, каб выказаць свае думкі, бо больш гэтага рабіць няма дзе. Радыё, тэлебачаньне — толькі для халуёў, а астатнія ня могуць туды папасьці. З вамі мы ўсе, мае родныя дзеткі дарослыя, усе, хто хоча пераменаў. Жыве Беларусь!”

(СПАДАРЫНЯ: ) “Ганьба ўсім судзьдзям і сілавікам, якія кідаюць за краты людзей толькі за тое, што ім абрыдлі хлусьня й гвалт. Ці ёсьць у вас дзеці? А ці ж вы бацькі? Вы зьвяругі! Чаму ж ня судзіце тых забойцаў, якія аднялі ў нас мову й радзіму? Каты! Праклінаю вас! Людзі на зямлі, ратуйце Беларусь!”

(СПАДАР: ) “Перадайце народам Эўропы, што рэвалюцыя, якую плянавалі вы, пасьпяхова завяршылася. Народ Беларусі спакойна працуе, жыве, квітнее. І будзе так заўжды. Гэта для вас навука. Вы павінны ведаць, што ў чужы агарод няма чаго курам лазіць. Думайце больш пра сваю Заходнюю Эўропу, хаця ніхто ня кажа, што там дрэнна, ніхто, але тым ня менш. У сваім доме кожны павінен наводзіць парадак самастойна”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Жыве Беларусь! Арыштавалі лепшых нашых людзей. Заменім іх сотнямі тысяч у Дзень Волі. Жыве Беларусь!”

На Дзень Волі 25 сакавіка некалькі дзясяткаў тысяч дэманстрантаў прыйшлі ў цэнтар Менску, але Кастрычніцкая плошча была блякаваная ўзмоцненымі шыхтамі спэцназу. У сквэры Янкі Купалы апазыцыя правяла мітынг, пасьля якога Аляксандар Казулін павёў шэсьце да турмы на Акрэсьціна. Дэманстрацыя была жорстка разагнаная. Спадар Казулін і дзясяткі іншых яе ўдзельнікаў былі пабітыя і арыштаваныя. Слухачы Свабоды выказвалі свае ацэнкі гэтых падзеяў і дзяліліся інфармацыяй.

(СПАДАР: ) “Званю вам з Жодзіна. У сем гадзін вечара калёна (прыкладна зь дзесяці аўтобусаў) у суправаджэньні міліцыі ўехала ў Жодзіна. Магчыма, гэта наша моладзь з плошчы. Хачу падзякаваць усім, хто ўдзельнічаў у гэтай акцыі: вы — малайчыны! Усё, што вы зрабілі, — гэта вялікі подзьвіг. Я сам быў у аўторак на плошчы. На жаль, ня мог удзельнічаць кожны дзень. Папросту мне няма за што дабрацца”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Дарагія людзі! Гвалту гэтага чакаць мы былі павінны. Бо няма ў нас кіраўніка, а карнік ёсьць краіны”.

(СПАДАР: ) “Добры дзень! Я заклікаю ўсіх людзей, здольных цьвяроза мысьліць, якія вераць у будучыню, прыйсьці ў царкву й запаліць сьвечку за супакаеньне душы нашага любімага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча. Паставіць сьвечкі менавіта за супакой душы. Можа быць, тады Бог зважыць на нас, убачыць сваім ясным паглядам”.

(СПАДАР: ) Перадайце па радыё, што Мілінкевіча й Казуліна й вас разам трэба адправіць у Сібір — лобзікам валіць Лес”.

(СПАДАР: ) “Хачу кінуць такі заклік: «адмарозкі» ўсіх рэгіёнаў, яднайцеся! Каб нам скінуць асноўнага неданоска зь ягонай прарасейскай хунтай!”

(СПАДАР: ) “Я хацеў бы вам сказаць пра тое, каго нам цяпер не хапае. Забітых. Карпенкі, Захаранкі, Ганчара. Крэмль і Лукашэнка ведалі, каго забіваць. А Мілінкевіч, Казулін — гэта ні рыба ні мяса”.

(СПАДАРЫНЯ, Віцебск: ) “Людзі! Я вас Богам прашу: расплюшчыце свае вочы, упусьцеце ў свае сэрцы праўду, а ня тую хлусьню, якую вам прапануе беларускае тэлебачаньне. Навучэцеся чытаць паміж радкоў нават у той хлусьні, якую нам падсоўвае цяперашняя ўлада. (Плача.) Сілавікі, міліцыянты, судзьдзі, што ж вы робіце са сваім родным народам, з тымі, хто знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы? Гэта ж вашы дзеці, браты й сёстры, бацькі. А як жа ваша душа, сумленьне? Як жа будзеце вы й вашы дзеці людзям глядзець у вочы?”

(СПАДАР: ) “Лукашэнка ўсё робіць на карысьць народу. Нават зрабіў спэцМАЗы, каб перавозіць дэманстрантаў. Гэта ж трэба дадумацца да такога! Гэтыя ж МАЗы ў народнай гаспадарцы не працуюць. А колькі гэтых малых белых МАЗікаў, якія перавозяць гэтую «чорную хеўру»! Раней жа такога не было! Нават расейскія журналісты дзівяцца. Гэта колькі народных сродкаў ён траціць на гэтыя мэты? Што, дэманстрацыі кожны дзень адбываюцца?”

(СПАДАРЫНЯ, Пінск: ) “Сын мой цяпер на Акрэсьціна. Узяла яго кнігі, адна зь іх Бэры Коварда «Олівэр Кромвэль». Цытата: «Тое, што дасягаецца сілай, для мяне — нішто».

(СПАДАР: ) “Бачыў аўтазакі на Чырвонай. Вельмі неэстэтычна выглядаюць. Там патрэбныя надпісы «За Беларусь!».

(СПАДАР: ) “Карацей, выбары прайгралі. Мілінкевічу й Казуліну будзем біць па галаве. А тым, хто сюды прыедзе нешта тварыць, яшчэ горш будзе. Спынеце цырк разам з Лукашэнкам. Гэты ваш цырк не на карысьць ні вам, ні нам. Прайгралі ўсе!”

(ЯБЛОНСКІ, Маладэчна: ) “Я вельмі балюча ўспрыняў тое, што адбылося на плошчы 24-га й 25-га на Дзень Волі. Я ўпэўнены, што вінаватыя ў гэтым жудасным зьбіцьці, правакацыях і захопах нявінных людзей дадуць адказ перад народам і асабліва перад Богам. Толькі самім ні ў якім разе ня трэба рабіць паміж сабой нейкіх разборак, трэба трымацца адзін аднаго, яднацца ўсім, не паказваць уладам слабасьці, а толькі сілу духу. Я ва ўсім падтрымліваю Мілінкевіча, веру, што ён здолее вывесьці нас з гэтага балота. І трэба падумаць, як ратаваць Казуліна й палітвязьняў”.

(СПАДАРЫНЯ: ) “Хачу сказаць пра дзень 25 сакавіка. Гэты дзень, мусіць, увойдзе ў гісторыю. Самы бязьлітасны дзень. Не разумею, шмат хто тэлефануе, абураецца… Калі жыве Бог у сэрцы, жыве нейкае дабро, то кожны разумее: як можна выйсьці супраць мірных людзей! Гэта проста жудасна! Шмат маіх знаёмых ня могуць прыйсьці ў сябе пасьля такога. Такое адбываецца, а мы нічога ня можам зрабіць, бо добра разумеем, што супраць нас стаяць гэтыя шчыты, дубінкі, кулі і ўсё астатняе”.
XS
SM
MD
LG