Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк пра фатаконкурс "Свабоды": “Мастак вольны ў сродках выяўленьня…”


Сяргей Навумчык, Прага Да таго, як адкрыць сьвету праўду пра Курапаты і стварыць Беларускі Народны Фронт, Зянон Пазьняк набыў вядомасьць як прафэсійны фотамастак. Першы фотаальбом, прысьвечаны Менску, выйшаў, калі Пазьняку было толькі 23 гады. У 1970 годзе ён выдаў фотаальбом “Браслаўшчына”. Не прайшоў незаўважаным і фотарэпартаж у “Маладосьці” з сумеснай, разам з Валянцінам Ждановічам і Ўладзімерам Караткевічам, вандроўкі па Прыпяці. Удзельнічаў у фотавыставах. Здымкі розных гадоў зьмешчаныя і ў апошніх кнігах Зянона – “Глёрыя Патрыя” і “Вялікае Княства”.

Мы патэлефанавалі ў Варшаву і папрасілі Зянона Пазьняка выказаць меркаваньне пра фатаконкурс "Свабоды".

(Пазьняк: ) “Я праглядаў у Інтэрнэце ўсе здымкі конкурсу на працягу некалькіх месяцаў. Ёсьць толькі адзін здымак, які заслугоўвае безумоўна першага месца і стаіць на парадак вышэй за астатнія. Фактычна ён можа ацэньваецца паводле прафэсійных крытэраў. Гэта здымак Яўгена “25 сакавіка 2006 г. у Менску”.



Ён выдатна зроблены, ёсьць усе кампанэнты – і творчыя, і тэхнічныя, што вельмі важна. Адлюстравана дакумэнтальна падзея, адлюстраваны вобраз, адлюстравана сымболіка, і на добрым тэхнічным узроўні. Фактычна, паўтаруся, ён мераецца па прафэсійных парамэтрах. Астатнія здымкі – гэта здымкі тыпова аматарскія. Але сярод іх я вылучыў бы здымак Сьвятланы Рахманавай "Прыгажуні з Акрэсьціна".



Вельмі своеасаблівы, шчымлівы і беларускі, падзея тонка схоплена. І гэты здымак я б вылучыў як адлюстраваньне глыбіннай сутнасьці падзеяў у Беларусі, сутнасьць беларускай моладзі. Гэтыя маладыя, прыгожыя дзяўчаты, якіх вязуць у гэты бруд, у гэтыя камэры… Здымак можа казаць вельмі шмат, больш, чым раман ці эпапэя тыпу "Вайна і мір", таму што фатаграфія – гэта найвялікшае мастацтва. І трэці здымак – Аляксея “Дзяды. Шэсьце ў Курапаты”.



Трэба сказаць, што тут ёсьць пэўнае адкрыцьцё. Таму што калёна, якая ідзе – гэта вельмі банальная зьява, шмат разоў такое здымалі, і нешта тут па-новаму зьняць ну проста не выпадае. Гэта надзвычай цяжка, гэта як здымаць кветкі. І тым ня менш аўтар знайшоў абсалютна арыгінальны падыход. Як яму гэта ўдалося, выпадкова ці не, але вельмі добра зьнята. І фармальна прыгожа, і кампазыцыйна не банальна, і ёсьць падтэкст, ёсьць сэнс. Вось гэтыя б здымкі адзначыў. Але першы здымак, як казаў, гэта безумоўна найлепшы, з пункту гледжаньня маіх крытэраў як мастацтвазнаўцы, як фатографа”.

(Навумчык: ) "Вашае меркаваньне адносна здымка Яўгена супадае з думкамі большасьці тых, хто даслаў нам свае ацэнкі. Але некаторыя выказалі і заўвагі: Яўген пры апрацоўцы неба скарыстаў тэхнічныя магчымасьці фаташопу. Нават гучалі прапановы ўвогуле зьняць гэты здымак з конкурсу. Вы дапускаеце магчымасьць тэхнічнай апацоўкі здымка?"

(Пазьняк: ) “Ну, такога пытаньня, у прынцыпе, не павінна быць. Таму што мастак, фатограф, музыкант, увогуле творца можа рабіць што хоча. Карыстацца якімі заўгодна мэтадамі, якімі заўгодна прыёмамі. Галоўнае – вынік. Фатаграфаваць можна пустым вядром, прабіўшы дзірку. Іншая справа – які будзе вынік, што ты зробіш? Дык вось, па выніку ўсё і ацэньваеца. А сродкі вобразнага выяўленьня мастак можа браць розныя, якія захоча. І як ён карыстаўся – ці ён маляваў масьціхінам, ці пэндзлем, ці пальцамі пісаў, ці асьліным хвастом – гэта ня мае значэньня. Мае значэньне, які вынік, што ён выказаў. Таму што бывае, чалавек бравіруе, што ён асьліным хвастом напісаў, – ну, “асьліны” і жывапіс атрымліваецца. Каб ён напісаў шэдэўр асьліным хвастом – тады б гэта ня мела ніякага значэньня, чым ён пісаў. Дык вось, у сытуацыі зь першым здымкам паўтару: адлюстравана падзея, адлюстравана дакумэнтальная падзея, і яна б была няпоўная, калі б ён менавіта не "папрацаваў" зь небам, прычым ён зрабіў гэта прафэсійна. Неба падкрэсьліла глыбіню кампазыцыі, падкрэсьліла драматызм, і гэты здымак набывае вобраз сымбалю менавіта дзякуючы правільнаму кампазыцыйнаму рашэньню зь небам. Зроблена гэта выдатна”.
XS
SM
MD
LG