Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Мікалай Пятрэнка<br><br>19.12.1919, в. Барбароў (цяпер Мазырскі раён) — 3.1.1997, Полацак.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ці кожны зь беларусаў, якія ў цьвярозым або падвясёленым стане любяць зацягнуць папулярную песьню "Ручнікі", адкажа на пытаньне пра яе аўтараў? Ды што казаць пра шараговых пеюноў, калі нават нібыта прафэсіяналы з БТ неаднойчы сьцьвярджалі, што словы і музыка "Ручнікоў" — народныя. Асабіста я ад такой ацэнкі сваёй творчасьці, магчыма, і не адмовіўся б, але ж песьню стварыў ня я, а паэтэса Вера Вярба і кампазытар Мікалай Пятрэнка.

Калі я пайшоў у першую клясу, Мікалай Макаравіч якраз пачаў настаўнічаць у Полацку. Вучыцца ў яго мне, на жаль, не пашчасьціла, а вось знаёмствам магу ганарыцца.

Большую частку свайго жыцьця ён выкладаў у Полацкай пэдагагічнай вучэльні беларускую мову і літаратуру. Сотні, а мо й тысячы выхаванак і выхаванцаў здабылі ў яго ня толькі веды, але навучыліся галоўнаму — любіць Радзіму. Не СССР, а — Беларусь.

"Беларусь — гэта сьвятое",— казаў ён, сьцьвярджаючы сваё credo і на ўроках, і ў жыцьці, і ў песьнях — мэлядычных, багатых на інтанацыі беларускага мэлясу, "сьпеўных".

Абвяшчэньне незалежнасьці сталася для яго сьвятам, але гэта ня значыла, што ён цалкам прымаў усе ідэі й прапановы тых лёсавызначальных гадоў. Пасьля зьяўленьня ў "ЛіМе" складзенага Сяргеем Дубаўцом звароту, назва якога казала сама за сябе — "Рэпрэсаваны правапіс" — я (бо ў газэце стаяў і мой подпіс) вытрымаў зь Мікалаем Макаравічам гарачую спрэчку. Урэшце мой апанэнт перайшоў на наш бок, аднак згадзіўся толькі на мяккі варыянт вяртаньня клясычнага правапісу.

Зборнік ягоных песьняў на вершы беларускіх паэтаў выйшаў у 1997-м празь некалькі месяцаў пасьля таго, як Пятрэнка разьвітаўся з гэтым сьветам. Ён меў назоў "Беларусі мілай" і стаўся як бы весткаю ад Мікалая Макаравіча адтуль, зь Беларусі нябеснай.
XS
SM
MD
LG