Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва” і віленскае паветра


Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача сэрыі “Вострая брама”. Эфір 3 сьнежня 2006 году.

Такім чынам, у 1906 годзе беларусы ў Вільні былі на тых самых правах і ў тым самым аб’ёме прысутнасьці, што й літоўцы. Вобразна кажучы, і беларускія, і літоўскія пачынальнікі нацыянальнага адраджэньня прыехалі ў Вільню ў адным вагоне з Санкт-Пецярбургу, дзе вучыліся ў адных унівэрсытэтах. Віленскі ўнівэрсытэт, як вядома, даўно быў зачынены – як рассаднік незалежніцкага супраціву патрыётаў колішняга ВКЛ.

Дык вось, прыехаўшы, і беларусы, і літоўцы ўзяліся за работу. Але ўзяліся па-рознаму. Беларусы паводзілі сябе як рамантыкі, літоўцы – як прагматыкі. Чым дыктавалася такая розьніца? У першую чаргу, выбарам назвы. Літоўцы адраджалі старажытную эўрапейскую дзяржаву – Літву. Беларусам жа трэба было стварыць тое, чаго дагэтуль ніколі не было – Беларусь. Літоўцы ехалі нібы ў разбураны горад, які трэба было адбудаваць. А беларусы ехалі ў чыстае поле, на цаліну, што ўяўлялася ім культурным Кландайкам. Адсюль дарэчнае параўнаньне беларускіх піянэраў з амэрыканскімі. Адсюль таксама сёньняшняя гатовасьць літоўцаў быць часткаю Эўразьвязу, да чаго беларусы не дасьпелі дагэтуль. Словам, выбар назвы краіны і нацыі адыграў у нашай гісторыі вызначальную ролю. Мы не маглі стаць прагматыкамі. Затое, у адрозьненьне ад літоўцаў, сталі, як амэрыканцы, нацыяй паэтаў.

На мове фактаў гэтая розьніца выглядае так. У 1906 годзе літоўцы супраць адзінага беларускага тыднёвіка “Наша Ніва” мелі ажно дзьве штодзённыя газэты і шэсьць тыднёвікаў, тры месячнікі і адзін гадавік.

“Між імі “Наша Ніва”, – пісала яна пра саму сябе, – адна-адзіная беларуская газэціна. А тым часам нас, беларусаў, ёсьць 8 1/2 мільёнаў чалавек; літвіноў жа і трох мільёнаў не набярэцца. Затое літвіны шчыра ўзяліся за сваё нацыянальнае адраджэньне і працуюць не пакладаючы рук”.

Літоўцы стваралі прэсу, а беларусы пісалі паэму. Гэта добра відаць з вышыні часу. Ніводзін з тых літоўскіх пэрыёдыкаў і ўсе яны разам узятыя ня сталі такім эпасам, які б можна было з захапленьнем перачытваць і сёньня. Зь іншага боку, мы дагэтуль як сьлед не аформіліся ў сучасную нацыю. Але важна тое, што і таго зачыну, які мы маем цяпер – пачынаючы ад “Нашай Нівы”, – магло ня быць. Бо, у адрозьненьне ад літоўцаў, беларусы не ўхапіліся за канец гістарычнае заканамернасьці, а слухалі біцьцё ўласнага сэрца і былі захопленыя чысьцінёй разгорнутае старонкі гісторыі.

Паэмы і эпасы не ўзьнікаюць як гістарычная заканамернасьць. Тут імпульс прыходзіць з сэрца. Прыходзіць або не прыходзіць.

Ці магло ў шапцы “Нашай Нівы” замест слова “першая БЕЛАРУСКАЯ газэта” зьявіцца нейкае іншае? Першая літоўская, літвінская, крывіцкая?.. Верагодна, калі б зьявілася, гісторыя нашай краіны была б істотна скарэктаванай. Зь іншага боку, самавызначэньне, абранае Багушэвічам і краязнаўцамі, не было зусім эфэмэрным.

У артыкуле “Беларусы”, які ў 1909 годзе выйшаў у Санкт-Пецярбургу ў зборніку “Формы нацыянальнага руху ў сучасных дзяржавах”, Антон Луцкевіч піша:

“Перапіс 1897 году налічвае ў Расейскай імпэрыі 5 885 547 беларусаў”.

Аднак, удакладняе Луцкевіч, лічба гэтая ня можа лічыцца поўнай.

Рэч ня ў тым, што беларусы былі прыдуманыя – гэта ня так, а ў тым, што нацыі і дзяржавы з такой назвай не існавала ў гісторыі. У адрозьненьне ад тых жа літоўцаў, у нас гаворка ішла (і ідзе) не пра нацыянальнае адраджэньне, а пра нацыянальнае нараджэньне.

Гэта ня добра і ня дрэнна, гэта папросту іншы шлях. Гэта можа быць дрэнна для палітыкі, бо адставаньне ў дасьпеласьці нацыі ўжо закладзенае такім выбарам. І гэта можа быць добра для культуры, бо тварэньне нацыі і краіны “з чыстага ліста” – гэта суцэльная творчасьць. Гледзячы на Купалу і Багдановіча, адны нашы пачынальнікі прасякаліся іхным натхненьнем абсалютных творчых узьлётаў. Гледзячы на суседзяў-літоўцаў, іншыя пачынальнікі імкнуліся быць прагматыкамі і не зважаць на ўсякія там эстэтычныя палёты. Адсюль нараджалася спрэчка, канфлікт, які можна прасачыць праз усю “Нашу Ніву”.

Характэрны прыклад – два артыкулы ў суседніх нумарах. Першы – “Аб патрэбе стылю ў жыцьці народу”:

“Больш здольны чалавек умее арыгінальней, значыць, больш па-свойму выявіць свой духоўны твар і астаецца надоўга ў памяці тых, што яго акружаюць. Гэтаксама і цэлы народ, які ўмеў ярка паказаць сваю духоўную арыгінальнасьць, заўсёды будзе даражэйшы, цікавейшы для іншых народаў... Разглянема цяпер, што ў жыцьці вымагае стылю і што носіць характар яго ды на чым адбіваецца стыльнасьць.

Бачым тут перш за ўсё мову, каторая надае асобны характар таму спосабу, якім выяўляюцца настраеньня душы чалавека. Посьле ідзе адзежа, будоўлі, аздобы і прыкрасы, а ў канцы – грамадзянскае жыцьцё, каторае відаць у звычаях, веры, забабонах, а далей у інстытуцыях грамадзкіх і дзяржаўных”.

Гэтак Вацлаў Ластоўскі заклікае публіку мысьліць абстрактнымі катэгорыямі ды паверыць у нематэрыяльныя каштоўнасьці. Побач, у наступным нумары, “Рады для гаспадароў” – “Як абыходзіцца з коньмі”:

“Пугі ўжывай як найменш; не крычы, не праклінай каня, бо ты чалавек, а ён – неразумнае стварэньне”.

Нараджэньне замест адраджэньня – такі выбар быў зроблены ад пачатку. Спадзевы на тое, што ВКЛ адродзіцца ў колішнім выглядзе, не апраўдаліся, і беларусы апынуліся за бортам – сам-насам з сабою. Мабыць, і ў гэтым не было ніякае фатальнае страты. Усё залежала ад нашых піянэраў. Працэс нараджэньня нацыі ні ў якім разе ня мог быць плебэйскім, басяцкім, сацыялістычным, для якога заўсёды галоўнае – гэта матэрыяльныя каштоўнасьці, з чаго нацыі не пабудуеш. Таму ў ніву мусіла кідацца арыстакратычнае зерне. Беззапаветная любоў да роднага слова, да роднага краю і да ўласных радаводаў. Культ старое гісторыі, старое літаратуры і слаўных продкаў, патрыярхальнае вясковае хаты і гарадзкіх камяніц. Культ Скарыны і культ Вільні.

“Вільня, як вядома, – самы прыгожы горад у сьвеце”, – пісаў Максім Гарэцкі. І “Наша Ніва” была зьяваю віленскай.

Заснавальнікі яе браты Луцкевічы жылі ў Менску і займаліся кансьпірацыйным рэвалюцыянізмам – тайнымі сходамі, падрыхтоўкай збройнага паўстаньня.

Гэта ў іхным доме захоўвалася бомба, якую Іван Пуліхаў кідаў у губэрнатара Курлова. Бомба ня выбухнула, бо кансьпірацыйнікі не пасьпелі выпрабаваць свой мэханізм – як ён спрацуе ў моцныя маразы. Курлоў застаўся жывы, Пуліхава павесілі на браме менскай турмы. Астатнія падпольшчыкі паўцякалі і пахаваліся ў іншых гарадах імпэрыі. Іван і Антон Луцкевічы знайшлі сабе нелегальны прыстанак у Вільні.

І вось тут пытаньне: ці магла “Наша Ніва” распачацца ў Менску? На маю думку, не. Па-першае, таму, што й не распачалася. Па-другое, Менск быў хоць горадам і губэрнскім, але не сталічным, як удвая большая Вільня, якую называлі сэрцам усяго беларускага-літоўскага краю. Ня тыя, словам, мэлёдыі і рытмы. Ня той узровень талеранцыі і велікадушнасьці. Па-трэцяе, цэлая анталёгія беларускай паэтычнай клясыкі прысьвечана Вільні. Менск, можа быць, калі й атрымае такую анталёгію, дык яшчэ ня хутка. У чым тут рэч?

У тым, што, у адрозьненьне ад Вільні, якая заўсёды заставалася вечнай Вільняй, эўрапейскай сталіцай, гэткай самай завершанай у сваім вобразе, як Рым ці Парыж, Менск яшчэ й сёньня ня мае яснага адказу – што ён?

У Вільні беларуская душа набіраецца той энэргіі, якую пасьля выдаткоўвае ў Менску. Нездарма ж і ідэя незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе была прывезена зь Вільні ў Менск.

Вось жа калі мы з калегамі ў 1991 годзе пачыналі аднаўляць “Нашу Ніву”, мы мусілі паўтарыць шлях Луцкевічаў. Рэч у тым, што аднаўлялася газэта яшчэ ў СССР, савецкім працягу Расейскае імпэрыі. Прытым яна не магла быць нелегальнай – як увесь тагачасны нефармальны друк у Менску. Таму ўся сытуацыя мала чым адрозьнівалася ад 1906 году. Гэта пасьля абвешчаньня незалежнасьці Літвы і Беларусі ўзьнікла натуральная ідэя перабазаваць “НН” у Менск.

Беларуская паэма пад назвай “НН” не магла ўзьнікнуць у іншым горадзе яшчэ й таму, што стваралі яе абсалютна натхнёныя Вільняю людзі. Паэтам кружыць галаву паветра. Віленскае паветра – гэта сумесь хваёвага паху навакольных бароў і павеваў з Балтыкі. Да мора адсюль далекавата – больш за тры сотні кілямэтраў, але якраз таму, што горад стаіць на самым канце дасягальнасьці марскога паветра, яно тут вычуваецца больш востра.

* * *

З шасьці адрасоў на Вялікай Пагулянцы, на Завальнай, на рагу Троцкай, на Віленскай, зноў на Завальнай і зноў на Віленскай, якія рэдакцыя “Нашай Нівы” займала на пачатку мінулага стагодзьдзя, да нашых дзён не дажыў толькі адзін – там цяпер іншы будынак. Таксама, згадзіцеся, нехарактэрная для Менску сытуацыя. Усе астатнія ня толькі датрывалі, але й выглядаюць амаль гэтаксама, як і сто гадоў таму. Для фантазіяў гісторыка – поўная раскоша.

Дасьледнік беларускай Вільні Лявон Луцкевіч у сваёй кнізе “Вандроўкі па Вільні” самым важным адрасам называе дом на Завальнай, 7. Тут рэдакцыя праіснавала тры гады. У наш час у гэтым памяшканьні ў мадэрнавым будынку на рагу колішніх Завальнай і Малой Пагулянкі, а сёньня – Піліма і Кастуся Каліноўскага – месьціцца невялікая пякарня.

Згадваючы, як гэта ўсё выглядала сто гадоў таму, Вацлаў Ластоўскі піша:

“Рэдакцыйнае памяшканьне дзялілася на дзьве палавіны: ад вуліцы, у быўшым магазыне, была кантора рэдакцыі, ад падворку ж пакой, у тры вакны, з прысёнкам – кватэра Ўласава, і ў ім маленькі зачатак будучага беларускага Музэю, які зьбіраў Іван Луцкевіч. У прывулічным памяшканьні, акром рэдакцыйнай канторы, быў яшчэ начлежны лёкум для трох асоб: А.Лявіцкага, за дашчанай перагародкай справа, Я.Купалы і рабочага Нагурскага – за шафай, зьбітай зь негабляваных дошак.

На другі дзень прыйшоў я ў рэдакцыю рана і застаў усіх кватарантаў канторы ў поўным камплекце і даволі кіслых настраеньнях, якія былі вынікам дрэнных кватэрных варункаў. Кантора была ў запушчаным стане і на першы погляд рабіла ўражаньне складу макулятуры, якая ў постаці ўсякіх газэт была звалена каля сьцен і сторшылася на паліцах спамянёнай дашчанай шафы. Наганялі нуду даўно не аднаўляныя і спрадвеку не апыляныя сьцены. Паветра было прасычана кіслай вільгацьцю, дымам ад жалезнай печкі, на якой пякліся прамочаныя наскрозь учора зьвечара чыесь камашы, і тут жа, у скавародцы, сквірчэлі скваркі, якія зь вялікім адданьнем асьцярожна мяшаў пальцам чалавек з рыжаватай бародкай, у расхрыстанай кашулі і ў апорках на босую нагу, а другі, малады, пасьпешна апрануўся ў камізэльку над свайго роду мадэявым расьцяганым ложкам, якое ад уходу рабіла ўражаньне сьвежа сканаўшага на сьцюдзёнай тундры вярблюда.

Незнаёмы над скваркамі быў Антон Лявіцкі, незнаёмы пры ложку назваў сябе Янка Купала. Я сказаў, што прыехаў сюды на сталую працу. Лявіцкі асьцярожна адставіў на падлогу скавародку і зьдзіўлена выпрастаўся, Купала, які да гэтага часу скончыў свой туалет, схапіў капялюш і палку і, прабурчэўшы нешта кшталтам: “Сам чорт тутака ня ўбудзе, калі так далей будзе”, – выскачыў за дзьверы”.

На думку віленскай мэмуарысткі Галіны Войцік, Ластоўскі ў сваіх успамінах быў схільны зьмяняць акцэнты. Прынамсі, гэтак сьцьвярджала маці спадарыні Галіны, знакамітая пісьменьніца Зоська Верас, якая бывала ў той рэдакцыі і запомніла яе крыху іншай.

Аднак у канцы XX стагодзьдзя ўсё паўтарылася ледзьве ня ў тых самых дэталях, пра якія згадваў Ластоўскі. Супрацоўнікі зноў жылі ў рэдакцыі, многія тут спыняліся, тут жа гатавалі сабе есьці і перажывалі бясконцую колькасьць усялякіх вартых успамінаў сытуацыяў і канфузаў.

У той, апісанай Ластоўскім, рэдакцыі дзьве ночы правёў і Максім Багдановіч, што моцна паўплывала на ягоную творчасьць. Наагул, візытанты часьцяком выходзілі з рэдакцыі з новай жыцьцёвай праграмай. Тое самае было і ў наш час, калі рэдакцыя адноўленай газэты мясьцілася на вуліцы Жыгімонта, 12. Здараліся й забаўныя выпадкі. Вось цытата з нумару пятнаццацігадовае даўніны:

“Напрыканцы кастрычніка, калі пачаліся ўжо восеньскія халады, а ў Вільні ўсё ніяк не ўключалі ацяпленьне, у Рэдакцыі НН пабываў госьць з Аўстрыі сп. Гэрбэрт Гартль. Дзякуючы цяплу ў рэдакцыйным памяшканьні (дамы на Жыгімонта, 12 абаграваюцца печамі) і добрай кампаніі (з Гэрбэртам быў ягоны сябра – менскі фатограф Уладзімер Парфянок), размова доўжылася некалькі гадзін”.

Я прыгадаў гэты выпадак, калі ў стогадовай газэце натыкнуўся на такі эпізод:

“Вільня. Гэтымі днямі быў у рэдакцыі НН цікавы мандровец, каторы выехаў на матацыклетцы (машыне-самакатцы) з Адэсы і маніцца аб’ехаць кругом усю Расею. Дагэтуль пабываў ён у 40 вялікіх гарадох. Гэта малады хлопец гадоў 19, украінец, родам з Хэрсонскай губэрні”.

Трэба мець на ўвазе і тую розьніцу ў геаграфічных уяўленьнях людзей пачатку мінулага стагодзьдзя і нас сёньняшніх. Беларусь, якую яны ўзяліся ствараць, уяўлялася ім не такой, як цяпер. Вільня для іх была натуральнай сталіцай іхнае Беларусі, а паведамленьні са Смаленску і Беластоку ішлі ў рубрыцы “Зь Беларусі і Літвы”. Допіс з Магілёва пачынаўся так:

“Хоць наш горад і стаіць чуць не пасярод Беларусі, але яшчэ мала тутака ёсьць інтэлігентаў, каторыя цікавіліся б нашай роднай мовай, нашымі звычаямі”.

Каардынаты будучае краіны “намацваліся” на яе межах:

“Калуская губэрня гэта ўжо Велікарусія. Але часьць Масальскага павету і ўвесь Жыздрынскі мае беларускі дух. Гэта была пагранічная зямля паміж Літвой і Масквой. Рыбоўская, Семілёўская, Маманеўская, Саўцінская, Лосінская, Бутчынская воласьці беларускія, але трошкі абруселі, хаця захавалася адзежа і многа звычаяў. У палудзённай часьці ў Падбускай і Мілееўскай воласьці бліжэй к Бранскаму павету Арлоўскай губэрні жывуць палешукі. Граматных больш, як у нас, бо тут працуе земства, але культура зямлі горшая і ніжэйшая, як у Беларусі. П’янства большае, як у нас”.

Шмат месца ў кожным нумары “Нашай Нівы” адводзілася самой Вільні, зь якою часьцяком міжволі параўноўваўся Менск:

“Вільня – найбольшы горад у Беларусі і Літве. Тутака жывуць 174 тысячы народу; гэта па велічыні дзясяты горад у Расеі. Папярэднія 9 – гэта Пецярбург, Масква, Варшава, Адэса, Лодзь, Кіеў, Рыга, Харкаў, Баку.

У Менску – 106 тысяч. Гэта другі горад у краі”.

Пазьней параўнаньне Вільні і Менску, ужо пасьля таго, як стане зразумела, што сталіцаю Беларусі будзе Менск, адлюструецца ў праграмным артыкуле Антона Луцкевіча “Два цэнтры”, дзе аўтар сьцьвердзіць, што Вільня па-ранейшаму мусіць заставацца беларускай культурнай сталіцай, тады як Менск павінен быць цэнтрам адміністрацыйна-палітычным.

За прамінулае стагодзьдзе шмат разоў зьмянялася аблічча і Вільні, і Менску. Менск некалькі разоў руйнаваўся і будаваўся наноў, Вільня перажыла прыніжэньне да статусу міжваеннай польскай правінцыі, за што францускі пісьменьнік Рамэн Гары, які ў тыя часы гадаваўся тут, назаве яе “захалусьцем Усходняй Эўропы”.

Сёньня Вільня рыхтуецца да 2009 году, калі яна стане культурнай сталіцай Эўропы. Менск тым часам далёкі ад падобных праблем. Пасьля Варшавы альбо Масквы Вільня і Менск выглядаюць гарадамі менш жывымі. Вільня такая, бо па сёньняшніх мерках зусім невялікая. Менск такі дзякуючы заведзенаму ў ім парадку. Ён нагадвае музэй, дзе з будынкаў і вуліц акуратна зьмецены пыл, а людзі больш падобныя да экскурсантаў, якія сваёй прысутнасьцю толькі замінаюць так характэрнай для музэю атмасфэры чысьціні і сну.

І хоць Вільня за гэтыя сто гадоў мала чаго страціла, а Менск стаў цалкам іншым горадам, нешта зусім адваротнае адбылося зь іх унутранай сутнасьцю. У Менску тая сутнасьць засталася па-ранейшаму неразбуджанай, а ў Вільні – быццам стаілася да нейкіх іншых часоў. Пасьля ўздыму 1990-х, калі ў беларускай паэзіі зноў пачалі пісацца вершы пра Вільню, наступіла чарговая пярэрва. І ў выглядзе газэт паэмы сёньня ня пішуцца таксама. Мне цікава з гэтага гледзішча зірнуць на журналістыку на старонках стогадовае “Нашай Нівы” і параўнаць яе з журналістыкай сёньняшніх СМІ. Але гэта я зраблю ў наступнай перадачы.
XS
SM
MD
LG