Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Der Spiegel”: “Газпром” добра падрыхтаваўся да дыскусіі зь Менскам”


Алена Струвэ, Прага Заходнія выданьні камэнтуюць дыскусію паміж афіцыйным Менскам і расейскім “Газпромам” вакол цэнаў на газ. Як піша нямецкі “Der Spiegel”, “гэтая спрэчка ператварылася ў сапраўдную эскаляцыю”.

“Жорсткая пазыцыя “Газпрому” што да газавых цэнаў для Беларусі прымушае меркаваць, што Масква становіцца агрэсіўнай у пытаньнях цэнаў на энэрганосьбіты нават у дачыненьнях з краінамі, якія былі яе блізкімі саюзьнікамі, – піша амэрыканскае выданьне “The New York Times” і працягвае: – “Газпром” папярэдзіў Беларусь, якая пакуль атрымлівае самы танны газ, што яна паводзіць сябе безадказна ў перамовах, што такі супраціў стварае пагрозу для энэргетычных паставак у Беларусь”.

Нямецкі штотыднёвік “Der Spiеgel” цытуе словы беларускага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі ў часе ўчорашніх перамоваў у Маскве: “Мы залежныя адзін ад аднаго. Калі мы не атрымаем прымальнага дагавору па пастаўках, “Газпром” не атрымае прымальнага дагавору аб транзыце”. 22 адсоткі расейскіх газавых паставак у Эўропу ідуць менавіта празь беларускую тэрыторыю.

Аднак, працягвае “Der Spiеgel”, “выглядае, што “Газпром” вельмі добра падрыхтаваўся да дыскусіі зь Менскам”. Аглядальнікі не выключаюць, што напярэдадні 2007 году Расея ў прафіляктычных мэтах прыпыніць пастаўкі газу ў Беларусь, аднак зробіць такім чынам, каб гэта ня выклікала заклапочанасьці ў заходніх партнэраў. “У Нямеччыне і Аўстрыі канцэрн дадаткова запоўніў газавыя рэзэрвуары, каб пераадолець магчымыя збоі паставак, падобныя да тых, што былі ў сьнежні летась, у часе газавай спрэчкі зь яшчэ адной транзытнай дзяржавай – Украінай”, – піша нямецкае выданьне.

Паводле нямецкай “Die Welt”, “Газпром”, расейскі энэргетычны гігант, які цалкам падкантрольны Крамлю, максымальна запаўняе рэзэрвуары ў Заходняй Эўропе. Гэта добрая навіна. Дрэнная ж такая: расейцы патрабуюць ад Беларусі плаціць па ўсясьветных цэнах”.

“Год таму, – працягвае выданьне, – калі “Газпром” перакрыў газ для Ўкраіны і Ўкраіна пачала мерзнуць, Захад адчуў сапраўдны жах палітычнага ледніковага пэрыяду. У выніку ціску Захаду абодва бакі тады прыйшлі да кампрамісу, які дазволіў Крамлю кантраляваць пастаўкі зь сярэднеазіяцкіх крыніцаў. Цяпер прыйшла чарга для ня надта платаздольнай Беларусі. Ізноў прыйдзецца плаціць палітычнай манэтай”.

Як піша “Die Welt”, найбліжэйшым часам Захад наўрад ці пойдзе на нейкі ціск. Аднак у доўгатэрміновай пэрспэктыве яму неабходна будзе дывэрсыфікаваць пастаўкі і ў большай ступені выкарыстоўваць ядзерную энэргію.
XS
SM
MD
LG