Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром”: “Няма кантракту — няма паставак”


Алесь Дашчынскі, Менск Афіцыйны Менск зьвінаваціў “Газпром” у наўмысным зрыве перамоваў аб пастаўках газу ў Беларусь. Да магчымага адключэньня газу застаюцца чатыры дні. Кантракты на пастаўку газу ў Беларусь і яго транзыт празь яе тэрыторыю дагэтуль не падпісаныя.

Пасьля няўдалых перамоваў у Маскве віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка ў ноч на 27 сьнежня сустрэўся ў менскім аэрапорце з журналістамі. Ён заявіў, што “спадзяваўся на прыстойнасьць расейскіх партнэраў, а адбылася наўмысная правакацыя”. Віцэ-прэм’ер зьвінаваціў “Газпром” у зрыве перамоваў.

Гэтую заяву “Свабодзе” пракамэнтаваў афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў:

(Купрыянаў: ) “Назваць нашу перамоўную пазыцыю правакацыяй — у нас гэта выклікае крайняе зьдзіўленьне. Бо мы прапанавалі для Беларусі ў наступным годзе беспрэцэдэнтныя ўмовы — значна больш камфортныя, чым любой іншай краіне СНД. Пры гэтым пагадзіліся на самую высокую ацэнку кошту “Белтрансгазу”. Як такія прапановы можна назваць правакацыяй і зрывам перамоваў, мне незразумела. Мы пасьлядоўна абмяркоўвалі з нашымі беларускімі калегамі ўмовы пастаўкі й прапанавалі ўсё новыя й новыя саступкі. Які ж зрыў перамоваў — прынамсі, з нашага боку?”

Паводле Ўладзімера Сямашкі, падпісаньне кантракту з “Газпромам” можа зацягнуцца да лютага 2007 году. А да яго падпісаньня беларускі бок будзе лічыць, што цана на газ складае, як і сёлета, 46 даляраў. Сяргей Купрыянаў заявіў, што такога не прапісана ў кантракце. Перамовы павінны завяршыцца да канца гэтага году. Значыць,“Газпром” адключыць газ Беларусі?

(Купрыянаў: ) “Вы ведаеце, што мы заўсёды кажам на гэты конт — няма кантракту, няма паставак. І гэта ня нашыя нейкія ўмовы й пазыцыя. Мы проста ня можам пастаўляць газ, ня маючы адпаведных на гэта дакумэнтаў”.

Паводле віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі, для Беларусі катэгарычна непрымальная цана на газ 110 даляраў за тысячу кубамэтраў, якую прапанаваў “Газпром”. Беларускі бок настойвае на 75 далярах. Уладзімер Сямашка прадэманстраваў графік паступовага падвышэньня цэнаў на газ.

(Сямашка: ) “Вось ён, графік — 75 даляраў 1 студзеня 2007 году – і подпіс намесьніка Мілера Голубева 25-га сьнежня. Значыць, Голубеў прызнаў, што гэтыя цэны павінны быць. А я прыяжджаю, і ў нас як быццам размова пачынаецца зноў спачатку — са 110 даляраў”.

Беларускі віцэ-прэм’ер зьвяртае ўвагу, што не падпісаны кантракт на пастаўку газу ў Беларусь, але “Газпром” ня мае кантракту й на яго транзыт. Адносна транзыту Сяргей Купрыянаў сказаў:

(Купрыянаў: ) “Гэта асобнае пытаньне, якое мы гатовыя абмяркоўваць, але зьвязаць пытаньні транзыту і паставак — няправільна”.

Беларускі бок таксама настойвае на грашовым унёску “Газпрому” ў стварэньне сумеснага газатранспартнага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу” — на 2,5 мільярда даляраў. Таксама афіцыйны Менск не пагаджаецца на набыцьцё “Газпромам” 50 працэнтаў актываў беларускай газатранспартнай сыстэмы праз залік часткі цаны паставак газу. Пазыцыя беларускага боку: спачатку – грошы, а потым – акцыі.

Сяргей Купрыянаў патлумачыў пазыцыю “Газпрому”:

(Купрыянаў: ) “Мы пагадзіліся на самыя камфортныя ўмовы для Беларусі. Мы атрымліваем 50 працэнтаў, а не кантроль. І плацім пры гэтым цану нават вышэйшую за рынкавую”.

Паводле беларускага віцэ-прэм’ера, чарговы раўнд перамоваў мае адбыцца ў Менску. Прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў сказаў:

(Купрыянаў: ) “Мы гатовыя да яго хоць сёньня”.

Пакуль ідуць перамовы, абодва бакі падрыхтаваліся да газавай вайны. На выпадак перакрыцьця газу Беларусь запаслася вугалем і мазутам. А Расея, на выпадак перашкодаў з боку Беларусі транзыту (а па яе тэрыторыі ідзе 22% экспартных паставак “Газпрому”), запампавала дадатковыя аб’ёмы газу ў нямецкае газасховішча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG