Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і Літва рыхтуюцца да адключэньня падачы газу празь Беларусь


Радыё Свабода

У выпадку перабояў з падачай расейскага газу празь Беларусь з пачатку студзеня 2007 году Польшча спадзяецца на назапашаныя запасы гэтага паліва. Польскі газавы манапаліст-кампанія PGNiG запэўнівае, што краіна гатовая адолець нястачу газу, да якой можа прывесьці расейска-беларускае процістаяньне з-за цаны на газ, спадзеючыся на пастаўкі праз Украіну, мясцовую сыравіну і назапашаныя рэзэрвы.

“Для атрымальнікаў расейскага газу ў Польшчы вельмі важна, што значная частка імпарту паступае праз Украіну, – сказаў афіцыйны прадстаўнік кампаніі Томаш Філь газэце “Rzeczpospolita”. – Гаворка ідзе аб 2,8 млрд. кубамэтраў з 6,8 млрд. кубамэтраў, якія мы купляем у Расеі. Да гэтага трэба дадаць, што траціна попыту пакрываецца за кошт здабычы ў самой Польшчы”.

Па ягоных словах, Польшча таксама будзе спадзявацца на свае запасы, калі газ перастане паступаць у выпадку перакрыцьця яго патоку з Расеі празь Беларусь. “Польскія сховішчы поўныя газу, там знаходзіцца каля мільярда кубамэтраў”, – сказаў Томаш Філь.

Паводле неафіцыйных зьвестак, назапашаныя ў самой Польшчы запасы забясьпечаць попыт на працягу 45 дзён, аднак прамысловыя спажыўцы газу могуць сутыкнуцца са скарачэньнем паставак.

Кіраўнікі парлямэнту і ўраду Літвы спадзяюцца, што магчымае спыненьне паставак газу з Расеі ў Беларусь ня зробіць праблемаў спажыўцом гэтага паліва ў Літве. “Думаю, што гэта на Літву не паўплывае, бо на такі выпадак у нас ёсьць запасны варыянт забесьпячэньня газам”, – сказаў старшыня Сойму Віктарас Мунцянас сёньня ў інтэрвію радыё “Žinių radijas” (“Радыё навінаў”).

Такім запасным варыянтам, паводле кіраўніка парлямэнту, былі б пастаўкі газу праз Латвію. “Там ёсьць сховішча газу, ад гэтага тэрміналу мы маем газаправод, і ёсьць улік колькасьці пастаўлянага газу на мяжы”, – сказаў Віктарас Мунцянас.

У сваю чаргу прэм’ер-міністар Літвы Гедымінас Кіркілас, камэнтуючы напярэдадні ўвечары магчымасьць спыненьня паставак газу з Расеі у Беларусь, адзначыў, што “на такі выпадак Літва падрыхтаваная – у нас ёсьць запас газу”. Ён не ўдакладніў аб’ёмаў запасу, спасылаючыся на канфідэнцыйнасьць інфармацыі. “Але магу сказаць, што ён дастатковы для таго, каб на час магчымага крызісу запатрабаваньні былі пакрытыя”, – сказаў кіраўнік літоўскага ўраду.

У лютым 2004 году праз спыненьне паставак газу ў Беларусь у Літве склалася напружанае становішча – газ пастаўляўся толькі праз Латвію, і патрэбы Літвы ў газе задавальняліся толькі прыкладна на 30%.
XS
SM
MD
LG