Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"...мне зайздросна, што ўва Ўкраіне першая лэдзі й прэзыдэнт клапоцяцца пра сваю родную мову, пра сваіх дзетак..."


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за сераду, 27 сьнежня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

(Белы Анатоль Яфімавіч, старшыня клюбу “Спадчына”:) “Добры дзень, “Свабода”! 24 сьнежня ва ўрочышчы “Трасьцянец” у 15 гадзін былі арыштаваныя 11 сяброў клюбу “Спадчына,” акрамя гэтага каля 20 чалавек было затрымана і пратрымана да завяршэньня мерапрыемстваў па ўскладаньню кветак да магілы Гадлеўскага. Гэта быў Дзень памяці Гадлеўскага, ён быў забіты немцамі менавіта 24 сьнежня 1942 года. І сябры клюбу “Спадчына,” адзначаючы гэты дзень барацьбы антыфашыстоўскага супраціву, усклалі кветкі да месца, дзе былі забітыя патрыёты Бацькаўшчыны. І ўсе “антыфашысты,” краіна, якая абвяшчае, што змагаецца з фашызмам, распачала наступ на тых людзей, якія ўшаноўваюць памяць антыфашыстаў. Вось такая справа”.

(Спадарыня:) “Добры дзень! Віншую ўсіх вернікаў са сьвятам Нараджэньня Пана Езуса, а праваслаўных са сьвятам, якое надыходзіць. А я хачу падзяліцца болем і смуткам, што адчувае наша парафія. Справа ў тым, што наша парафія фактычна застаецца перад Новым годам безь сьвятара. Наш сьвятар з Польшчы. Ён не атрымаў дазвол на візу на будучы год на працу ў Беларусі. І вымушаны пакінуць Беларусь. Гэта сьвятар ад Бога! За тыя пяць гадоў, што ён у нас жыў, ён жыў нашымі праблемамі, нашымі бедамі. Менавіта ён навучыў нас веры ў Бога. Ён знайшоў дарогу да кожнай душы. Яго палюбілі старыя й малыя. Цягам трох месяцаў наша парафія актыўна змагалася за свайго сьвятара, вяла актыўную перапіску з уладамі ўсіх рангаў, прасіла аб дапамозе. Пісалі ўсюды: у райцэнтар, Горадня, Менск, да прэзыдэнта. Адказу не было. Ніхто нам ня хоча адказаць на пытаньне, з-за чаго наш сьвятар мусіць пакінуць Беларусь. Сам біскуп і эпіскапы ўсе таксама прасіліся на прыём да прэзыдэнта, але ім было адмоўлена. Мы прасілі прэзыдэнта падтрымаць нас, хацелі даведацца, па якой прычыне нашаму сьвятару адмоўлена ў візе. Наш сьвятар не палітык, ён проста сьвятар. І разам з нашым сьвятаром не атрымалі дазвол на візу яшчэ шэсьць сьвятароў і пяць сясьцёр законных з Польшчы. Вы прасілі прэзыдэнта дапамагчы ў гэтай справе. Вера нацыянальнасьці не мае. Сьвятар не палітык, ён сьвятар. Наш прэзыдэнт, абраны народам, ня хоча слухаць просьбы свайго народу! Пытаньне без адказу да гэтай пары. Дзякуй, што слухалі”.

(Спадар:) “Паважанае Радыё Свабода! Я вось цяпер гляджу наўпроставую трансьляцыю прэсавай канфэрэнцыі першай лэдзі Ўкраіны Кацярыны Юшчанка, кіраўніка фонду “Дзіцячая лякарня Будучыні”. Ведаеце, мне зайздросна, што ўва Ўкраіне першая лэдзі й прэзыдэнт клапоцяцца пра сваю родную мову, пра сваіх дзетак. Яны выступаюць і агітуюць людзей пабудаваць лякарню для дзяцей і рэклямуюць сваю родную мову. І мне зайздросна. Шкада й прыкра, што мы знаходзімся на ўскрайку ад усяго зямнога шару. Мы, напэўна, адны такія, бо карыстаем чужую мову, у нас няма нічога свайго. Ганьба нам усім!”

(Сталы слухач:) “Сёньня я размаўляў з сябрам выбарчай камісіі. І мне ясна адказалі, што пры падліку галасоў прысутнічаюць назіральнікі. Хто заўгодна можа быць. Афармляйце, падавайце заяўку і прысутнічайце пры падліку галасоў. Справа ў іншым. Вашы і нашы так званыя апазыцыянэры прыйдуць, паглядзяць і ўсё роўна кажуць, што дрэнна. Гэта амэрыканскія правакацыі. Вы як іх блюдалізы працягваеце проста іх палітыку. Трэба крытыкаваць тое, што трэба, то, што ёсьць. Ды я магу сотні й тысячы прыкладаў прывесьці таго, за што трэба крытыкаваць. А Вы проста тэмаў не знаходзіце і адно і тое ж жуеце”.

(Міхаіл Леках, доктар тэхнічных навук, Рыга:) “Я хачу Вас павіншаваць з надыходзячымі сьвятамі і выказаць свае развагі. Ужо некалькі год у лістах і вусных паведамленьнях я тлумачу Вам, што трэба быць аб’ектыўнымі. А для гэта сумленна расказваць пра тое, што робіцца ў суседніх краінах: У Польшчы, Беларусі, Украіне і гэтак далей. Вы гэтага ня робіце. Нарэшце, пасьля маіх асабістых зваротаў да дырэктара беларускай службы Радыё Свабода спадара Лукашука, а я лічу, што гэта сумленны чалавек, ён у наўпроставым эфіры сказаў, што будуць расказваць пра тое, што робіцца ў суседніх краінах. Прайшоў месяц. Я Вам напісаў некалькі адкрытых лістоў з просьбай расказаць пра тое, што ў Польшчы ( толькі сумленна, а ня так, як Дзікавіцкі), у Латвіі. Але нічога няма. Давайце ж выканаем маё пажаданьне і Ваша расказваць слухачам пра тое, што Вы абяцалі. Да пабачэньня”.

(Алесь Гагін, Смаргонь:) “Віншую рэдакцыю “Свабоды” з Новым годам, Калядамі. Жадаю ўсяго добрага. Спадзяюся і надалей слухаць Вашы перадачы. Вельмі ўсхвалявала праблема пастаўкі расейскага газу. Але дасьць Бог, усё наладзіцца і Беларусь і далей будзе квітнець. Да пабачэньня і да сустрэчы на хвалях “Свабоды”!”

(Васіль Цюхай, Беразіно:) “Добры дзень. Адсутнасьць кантракту на пастаўкі газу ў Беларусь на наступны год тлумачыцца вельмі проста. Лукашэнка кляўся і бажыўся, што ні ў якім выпадку не аддасьць Расеі “Белтрансгаз,” інакш ён, Лукашэнка, будзе здраднікам Радзімы. Можа быць, я працытаваў яго словы не зусім дакладна, але ўсе беларусы памятаюць гэтую заяву, бо яна прагучала па ўсіх афіцыйных каналах. Цяпер Лукашэнка апынуўся ў становішчы чалавека, які асудзіў сам сябе сваімі ўласнымі словамі. Як толькі Лукашэнка аддасьць “Белтрансгаз,” Расея адразу перастане падтрымліваць яго “элегантныя перамогі”. У самімі існаваньні Лукашэнкі ня будзе неабходнасьці для Масквы, таму што, як было справядліва заўважана ў “Праскім акцэнце,” далучэньне Беларусі да Расеі ня будзе мець юрыдычнай сілы пры нелегітымным прэзыдэнце. Ну а “Белтрансгаз” – гэта ўсяго толькі суб’ект гаспадараньня. У гаспадарчых пытаньнях Лукашэнка пакуль яшчэ мае ўладу. А вось ягоны ўплыў на ўсясьветную палітыку рэзка зьменшыцца пасьля разрыву дачыненьняў з Расеяй. Бо што такое СНД, калі не Расея? І цяпер я магу адказаць на пытаньне тыдня, што я лічу добрай навіной 2006 году. У гэтым годзе не пачалося тое, што пачнецца ў наступным”.

(Віктар:) “Як я Вам казаў, так яно і будзе. Заўтра ці пасьлязаўтра будзе падпісаны кантракт на 20 кубамэтраў газу па кошце 47 даляраў плюс 30 адсоткаў акцыяў. Я Вам гарантую. Пра гэта ўжо дамовіліся беларускі й расейскі бок. “Белтрансгаз” і “Газпром” пра ўсё ўжо дамовіліся. Яны папросту вешаюць локшыны на вушы. Нікому ня верце. Спачатку было 125, 80. Сёньня ўжо зьнізілі і гэтак далей. Што сказаў беларускі бок, тое і будзе: 47 даляраў і 30 адсоткаў акцыяў. Я Вам казаў, што беларускае кіраўніцтва будзе скакаць, танчыць і далей разводзіць бардак у Беларусі. З нафтай будзе тое самае. Пры Лукашэнку столькі прайдзісьветаў разьвялося! Ніколі столькі прайдзісьветаў не было да Лукашэнкі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG