Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працуе мэханізм перадачы улады ў дыктатарскіх краінах?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: галоўны рэдактар часопісу “Палітычная сфэра” Андрэй Казакевіч і палітычны аналітык Ўладзімер Мацкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Сьмерць дыктатараў, як правіла, заўсёды нечаканая. Бо яны зьяўляюцца ня толькі кіраўнікамі, але й сымбалямі дзяржавы, сымбалямі стабільнасьці, нязьменнасьці. Рэдка хто з дыктатараў клапоціцца пра пераемніка, бо баіцца, што той можа паскорыць свой прыход да ўлады. Таму сьмерць дыктатара непазьбежна выклікае ўладны вакуўм, крызіс улады, канфлікты й барацьбу паміж кланамі. Можна згадаць, якая барацьба разгарнулася ў кіраўніцтве дзяржаваў пасьля сьмерці Сталіна ці Мао Дзэ-дуна.

На фоне аўтарытарных ці паўаўтарытарных рэжымаў у СНД рэжым Ніязава выглядаў клясычнай усходняй дэспатыяй. Паводле Канстытуцыі Туркмэністану, выконваць абавязкі прэзыдэнта павінен сьпікер парлямэнту Атаеў. Аднак было абвешчана, што той абвінавачаны ў злачынствах, а выканаўцам абавязкаў прызначаны віцэ-прэм’ер Бэрдымухамэдаў. Як вы можаце ацаніць гэтую сытуацыю зь пераемнасьцю ўлады у Туркмэніі?”

(Андрэй Казакевіч: ) “На постсавецкай прасторы не існуе традыцыі перадачы ўлады. У сытуацыі з Туркмэністанам цікава тое, што не пасьпеў памерці Туркмэнбашы, як пачынае парушацца Канстытуцыя краіны. Таму могуць узьнікнуць праблемы зь легітымнасьцю новага кіраўніка. Але тут важна тое, што рэальная ўлада мае большае значэньне, чым канстытуцыйная норма.



Туркмэнскі рэжым быў вельмі закрыты. Таму складана рабіць прагнозы пра тое, як разгорнецца там барацьба за ўладу. Тыя, хто цяпер імкнецца ачоліць уладу, павінны дзейнічаць хутка. Таму ўжо на 25 сьнежня прызначанае паседжаньне Народнага сходу, які павінен зацьвердзіць кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта. Хутчэй за ўсё, гэта будзе чалавек з выканаўчай улады ці службы бясьпекі”.

(Уладзімер Мацкевіч: ) “Звонку аднолькавыя рэжымы насамрэч маюць рознае паходжаньне, традыцыі, рытуалы. Напрыклад, з савецкага часу дзейнічае рытуал: той, хто ўзначальвае камісію пахаваньня былога лідэра, і зьяўляецца яго пераемнікам. Магчыма, гэтая традыцыя спрацуе і ў Туркмэністане.

Звычайна дыктатары імкнуцца вынішчыць у палітычнай прасторы ўсіх выбітных палітыкаў, сур’ёзных канкурэнтаў. Таму і цяжка сказаць, хто можа ўзяць там адказнасьць за краіну.

Яшчэ трэба адзначыць, што стабільнасьць дыктатарскіх рэжымаў — зьява ўяўная. У такім застоі нічога стабільнага няма. Стабільнасьць — дынамічная характарыстыка палітычнага рэжыму. І яна выпрабоўваецца цягам часу. І праверка на стабільнасьць якраз і адбываецца падчас сьмерці правадыра”.

(Казакевіч: ) “Той факт, што ў эліце Туркмэністану няма выбітных асобаў, зьяўляецца дадатковым чыньнікам нестабільнасьці. Можа атрымацца так, што ня будзе цэнтру, які змог бы кансалідаваць уладу. А стабільнасьць Туркмэністану мае вялікае значэньне, бо краіна пастаўляе энэргарэсурсы для Эўропы й дзяржаваў іншых рэгіёнаў”.

(Карбалевіч: ) “У рамках тых аўтарытарныя ці паўаўтарытарных рэжымаў, якія склаліся ў бальшыні постсавецкіх краінаў, праблема перадачы ўлады стаіць вельмі востра. І вырашаецца яна па-рознаму. У шэрагу краінаў справа дайшла да каляровых рэвалюцыяў. У Азэрбайджане ўлада перайшла ад бацькі да сына.

Нават у Расеі, дзе, гледзячы па ўсім, пераход улады будзе адбывацца ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй, усе экспэрты аднагалосна кажуць пра “пераемніка”. Слова незразумелае для дэмакратычных краінаў. Прычым прагназуецца, што нават перадача ўлады ў рамках аднаго клану ўсё роўна можа выклікаць сур’ёзны палітычны крызіс. Як вы ацэньваеце сыстэму перадачы ўлады на постсавецкай прасторы?”

(Казакевіч: ) “Казаць пра нейкую сыстэму ці агульную тэндэнцыю не выпадае. Кожная краіна дэманструе розныя падыходы да вырашэньня гэтага пытаньня — ад спадчыннай перадачы ўлады да гвалтоўных ці негвалтоўных рэвалюцыяў. Цяжка казаць пра адну мадэль пераходу ўлады — напрыклад, у Малдове і Туркмэністане. Пераход улады ў краінах СНД — праблема сытуацыі, а не традыцыі. У некаторых краінах яна мае амаль дэмакратычны характар”.

(Мацкевіч: ) “Перадача ўлады ў краінах СНД — творчы акт тамтэйшых элітаў. Амаль няма гульні адпаведна строгім дэмакратычным правілам, якія б нікім не аспрэчваліся. Наадварот, прайгралы бок аспрэчвае вынікі змаганьня за ўладу. Гэта сьведчыць пра адсутнасьць дэмакратычных традыцыяў і слабасьць грамадзянскай супольнасьці. А традыцыі захоўвацца толькі тады, калі людзі іх падтрымліваюць. А творчасьць у выпадку зьмены ўлады нагадвае вынаходніцтва ровараў”.



(Карбалевіч: ) “А як на гэтым фоне выглядае Беларусь? Якія мэханізмы перадачы ўлады магчымыя ў выпадку сыходу Лукашэнкі? Пакуль верагоднасьць рэвалюцыі тут, выглядае, невялікая. Падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі для ўкраінскіх журналістаў беларускі кіраўнік катэгарычна адкінуў ідэю пераемніка. Зь іншага боку, вядома, што набірае палітычную вагу і ўплыў сын Лукашэнкі Віктар. Якія магчымыя варыянты зьмены ўлады ў Беларусі?”

(Казакевіч: ) “Сытуацыя можа разьвівацца згодна зь любым зь пералічаных вамі варыянтаў. Але зьяўляецца несумненным фактам тое, што пераемнасьць будзе праблемай для існай у нас палітычнай сыстэмы. Прычым, я ня думаю, што трэба сур’ёзна ставіцца да розных заяваў. Усё будзе вырашацца зь лёгікі разьвіцьця сытуацыі, а не традыцыяў ці канстытуцыйных нормаў. Адным з варыянтаў разьвіцьця можа стаць пераход да дэмакратычнай мадэлі разьвіцьця”.

(Мацкевіч: ) “Сапраўды, усё будзе вырашацца ў адпаведнасьці з сытуацыяй. Да такой падзеі, якая здарылася ў Туркмэністане, немагчыма падрыхтавацца. Іншая сытуацыя на Кубе, дзе ўсе ўжо чакаюць сыходу Фідэля.

І сёньня шмат каму з кіроўных вярхоў Беларусі трэба задумацца пра тое, што ён будзе рабіць, калі цяперашні рэжым пачне бурыцца. Таму й для іх лепш мець прапісаныя правілы гульні”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, у недэмакратычных рэжымах адсутнічае мэханізм перадачы ўлады. І падчас сыходу дыктатара, як правіла, адбываецца сур’ёзны крызіс улады — нават калі гэтая перадача адбываецца ў межах аднаго клану. Такі крызіс можа набыць вялікі маштаб, форму вострага канфлікту з удзелам шырокіх колаў насельніцтва. Адзіныя лекі ад гэтай хваробы — дэмакратыя, дэмакратычныя мэханізмы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG