Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Газпром”: У беларускіх кіраўнікоў застаецца ўсё менш рычагоў


Радыё Свабода "Газпром" "не пакідае надзеі на тое, што ў беларускага боку хопіць разважнасьці вярнуцца за стол перамоў і выпрацаваць узаемапрымальнае рашэньне, заснаванае на агульнапрынятых прынцыпах вядзеньня бізнэсу". Так БелаПАН у кіраўніцтве "Газпрама" пракамэнтавалі сёньняшнія перамовы па пытаньнях паставак газу ў Беларусь у 2007 годзе. Беларускі бок на перамовах прадстаўлялі першы намесьнік прэм''ер-міністра Уладзімір Сямашка і кіраўнік "Белтрансгазу" Дзьмітрый Казакоў.

У кіраўніцтве расійскага канцэрна заявілі, што "Газпрам" не можа і не павінен субсыдаваць замежныя дзяржавы, якія выкарыстоўваюць нізкія цэны на энэрганосьбіты для забесьпячэньня ўласнага "эканамічнага цуда".

Паводле прадстаўнікоў “Газпрома” ва ўмовах лібэралізацыі расійскага рынку газу самае патрабаваньне захаваць для Беларусі цэны Смаленскай вобласьці ўяўляецца цяжкавыканальным, паколькі ўжо ў наступным годзе значныя аб''ёмы газу спажыўцамі Расеі, у тым ліку і Смаленскай вобласьці, будуць закупляцца па свабодных цэнах.

"Беларускім кіраўнікам неабходна ўсьвядоміць, што ў іх застаецца ўсё менш рычагоў ціску на сытуацыю. Пасьля вываду газаправода "Ямал- Эўропа" на праектную магутнасьць транзыт расейскага газу па сетках "Белтрансгазу" зьнізіцца з цяперашніх 16 млрд. кубаметраў да 13 млрд.”- падкрэсьлілі ў “Газпроме”.

Акрамя таго, у канцэрне адзначылі, што прыняцьце ў Расеі ў 2006 годзе закона "Аб экспарце газу" не дазволіць Беларусі атрымліваць газ ад незалежных расійскіх вытворцаў, як гэта было ў 2004 годзе, калі газ у Беларусь па тыднёвых кантрактах пастаўлялі незалежныя вытворцы.

Прадстаўнікі “Газпрома” зьвярнулі ўвагу і на палітычныя чыньнікі, падкрэсьліўшы, што "адрозьненьне ад леташняй сытуацыі з Украінай палягае ў тым, што ў вачах эўрапейскай грамадзкасьці Беларусь не зьяўляецца апорай маладой дэмакратыі і наўрад ці можа разьлічваць на разуменьне і падтрымку з боку эўрапейскіх спажыўцоў".
XS
SM
MD
LG