Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Празь пяць дзён Беларусі могуць адключыць газ


Алесь Дашчынскі, Менск Безвынікова завяршыліся сёньня ў Маскве перамовы ў пытаньні паставак газу ў Беларусь. У іх браў удзел беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка й кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер. Дзейны кантракт на пастаўкі расейскага газу ў Беларусь завяршаецца празь пяць дзён.

Падчас сустрэчы кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер зьвінаваціў беларускі бок у непадпісаньні кантракту. Паводле спадара Мілера, канцэрн пайшоў насустрач Беларусі ва ўсіх пытаньнях. Болей льготных умоваў ня мае ніводная з краінаў СНД. Афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў сказаў, што чаканьні расейскай кампаніі “вельмі трывожныя”. Пра вынікі перамоваў ён сказаў:

(Купрыянаў: ) “Так, скончыліся — безвынікова. Я ўжо пракамэнтаваў, не магу больш гаварыць. Прабачце”.

“Газпром” прапаноўваў Беларусі магчымасьць пераходу на рынкавыя цэны цягам чатырох гадоў. Канцэрн быў гатовы пагадзіцца на цану 110 даляраў за тысячу кубамэтраў пры стварэньні сумеснага прадпрыемства зь “Белтрансгазам”. Аднак з гэтым не пагадзіўся афіцыйны Менск. Цяпер беларускі бок заявіў, што пастаўкі газу ў Беларусь павінны быць за цэны Смаленскай вобласьці. Прадстаўнік “Газпрому”зьвінаваціў афіцыйны Менск у безадказнасьці й зрываньні энэргазабесьпячэньня краіны.

Пазыцыю беларускага боку сёньня актыўна камэнтавалі ў Дзяржаўнай думе. Першы намесьнік старшыні камітэту ў эканамічнай палітыцы (фракцыя “Адзіная Расея”) Юры Мядзьведзеў заявіў, што Беларусь ня можа атрымліваць газ за ўнутрырасейскія цэны.

(Мядзьведзеў: ) “Дзьве зусім розныя сувэрэнныя дзяржавы. І тут так сябе некарэктна паводзіць. Калі ня згодныя — прадавайце актывы. Пальцам паказваць, што мы сабе таньней газ пастаўляем — гэта некарэктна… Калі наш прэзыдэнт лічыць, што пазыцыя “Газпрому” правільная, яе трэба й палітычна падтрымліваць, таму футбольны мяч на тым баку. І беларускі бок павінен прыняць для сябе рашэньне — альбо застацца без газу, альбо прыняць рашэньне, якое мы прапануем”.

Сябра камітэту Дзярждумы ў энэргетыцы Яўген Заяшнікаў заявіў, што пазыцыя Расеі ў пераходзе на рынкавыя дачыненьні даўно вядомая. Адносна адключэньня газу для Беларусі ён сказаў:

(Заяшнікаў: ) “Гэта будуць вырашаць суб’екты гаспадараньня. Тут пытаньне эканамічнае й палітычнае. Я думаю, сытуацыя з Украінай ня будзе дапушчаная. Урокі Ўкраіны мы будзем улічваць. Я думаю, што экстрэмісцкіх дзеяньняў ня будзе”.

Вядомы эканаміст зь Менску Яраслаў Раманчук прагназуе, што справа дойдзе да адключэньня газу.

(Раманчук: ) “Пасьля адключэньня газу будзе вельмі жорсткая заява беларускага боку — і гэта будзе такое пахаваньне саюзнай дзяржавы, дзесяцігодзьдзя дачыненьняў паміж Расеяй і Беларусьсю, якія мы бачылі з 1995 году. Беларускаму боку патрэбны вельмі буйны скандал, што Расея чарговы раз адключыць газ. І гэты скандал кіраўніцтва Беларусі будзе выкарыстоўваць, каб дабіцца сваіх мэтаў. Беларускі бок стараецца перакласьці адказнасьць зь сябе на Расею”.

У лютым 2004 году прыкладна на паўтара дня “Газпром” цалкам спыніў пастаўкі газу ў Беларусь і транзыт праз тэрыторыю краіны. Цяпер “Газпром” рыхтуецца да магчымага адключэньня газу. Канцэрн загадзя запампаваў дадатковыя аб’ёмы газу ў сховішчы Нямеччыны, якія на нейкі час забясьпечаць Польшчу й краіны Балтыі.
XS
SM
MD
LG