Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 4 студзеня апазыцыя вырашыць, ці працягваць удзел у мясцовых выбарах (абноўлены)


Радыё Свабода Апазыцыйныя партыі працягваюць кансультацыі наконт мэтазгоднасьці далей удзельнічаць у мясцовых выбарах. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў “Свабодзе”, што агульная пазыцыя ў гэтай справе будзе агучаная 4 студзеня.

Анатоль Лябедзька, які балятуецца ў Менскі гарадзкі савет па Машэраўскай выбарчай акрузе, гаворыць, што для апазыцыі самае галоўнае ў гэтых выбарах — інфармаваньне людзей:

(Лябедзька: ) “4-га будзе прэсавая канфэрэнцыя, і мы з улікам таго, як ідзе выбарчая кампанія, прымем канчатковае рашэньне. Мы прыхільнікі таго, каб адпрацаваць максымальна. Як бы там ні было, але ў мяне было чатыры хвіліны радыёэтэру, і я выступіў. Нават сказаў, што трэба вяртацца на плошчу Каліноўскага. І няхай гэта гучала праз радыё “Сталіца” і бяздротавае радыё — гэта значыць, на абмежаваную аўдыторыю, але ж гучала! Дый іншыя дэмакраты выступяць. Таму гэты час трэба выкарыстаць. Як і надрукаваць і разьнесьці інфармацыйныя матэрыялы, няхай людзі пачытаюць”.

Аднак актыўнасьці кандыдатаў, нават у сталіцы, дзе на адно месца — тры прэтэндэнты, не відаць. Як высьвятляецца, да сёньняшняга дня амаль ніхто зь іх яшчэ не надрукаваў агітацыйных матэрыялаў. Акрамя звычайных бюракратычных перашкодаў, тлумачыць кандыдат у дэпутаты па Жудроўскай выбарчай акрузе Ўладзімер Нісьцюк, зьявіліся й іншыя:

(Нісьцюк: ) “Перад Новым годам, перад Калядамі ў друкарнях шмат працы. А такога палажэньня, каб друкаваць выбарчыя матэрыялы па-за чаргой, няма”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік гаворыць, што пра такую праблему ён пакуль ня чуў:

(Лазавік: ) “Я не гатовы камэнтаваць сытуацыю, паколькі да нас з гэтым яшчэ ніхто не зьвяртаўся”.

Праваабаронца Алег Воўчак, які балятуецца ў Вясьнянскай выбарчай акрузе, тлумачыць невысокую актыўнасьць дэмакратычных кандыдатаў адсутнасьцю пэрспэктыў. Ён згадвае, як на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў разам з Уладзімерам Коласам яны арганізавалі прафэсійнае назіраньне ў акрузе, падалі мноства доказаў фальшаваньня вынікаў — і нічога не дамагліся. “Да таго ж, не надае натхненьня нявызначанасьць стану — удзельнічаюць дэмакраты ў выбарах ці здымаюць у апошні момант свае кандыдатуры”, — падкрэсьлівае Алег Воўчак.

(Воўчак: ) “Кандыдаты нават раскісьлі, калі няма вялікай стратэгічнай мэты”.
XS
SM
MD
LG