Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адной нагой мы ўсё яшчэ застаемся ў савецкім мінулым”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111".

У гэтыя незвычайныя вечары ў хатах па-сьвяточнаму пахне яловымі галінкамі й смачнымі каляднымі стравамі. І хоць бясьсьнежныя краявіды і незамерзлыя рэкі ня надта адпавядаюць традыцыйным уяўленьням пра калядную й навагоднюю Беларусь, настрой у большасьці людзей — сьвяточны.

І ў нашай пошце апошніх дзён шмат маляўнічых навагодніх паштовак і цёплых словаў віншаваньня. А таксама пэўных падсумаваньняў і роздумаў — такіх, напрыклад, якія разам з паштоўкай адрасавала нам Алена Багданава са Жлобіна. Яна піша:

“Сьвет наўкол імкліва мяняецца. Мяняемся й мы разам зь ім — хоць і не заўсёды гэта заўважаем. У свой час нам, школьнікам, забаранялі хадзіць у храм, Раство Хрыстова адзначалі цішком, у сем’ях. А сёньня той самы парторг, які сачыў, каб настаўнікі дэманстравалі цьвёрдыя атэістычныя перакананьні, сам ходзіць у царкву кожную нядзелю й нават сьпявае ў царкоўным хоры.

Шмат у нашым жыцьці глупства і недарэчнасьці. Мы адной нагой усё яшчэ застаемся ў тым савецкім мінулым, хоць усе суседзі даўно рушылі наперад. А мы ўсё стаім на адной назе. Як жа, боязна... Няхай лепш усё за нас вырашае ўлада. Няхай галасуе за нас, няхай сама прызначае тых, хто будзе намі кіраваць. Але няхай і добрае жыцьцё забясьпечыць — каб і за мэдыцыну ня трэба было плаціць, і пэнсіі каб былі добрыя, і каб багацеяў наўкол не было.

“Свабода” пыталася на мінулым тыдні пра стаўленьне да моладзі... Я шмат гадоў адпрацавала настаўніцай. Вялікага адрозьненьня сучаснай моладзі ад той, што была дзесяць ці дваццаць гадоў таму, я ня бачу. Цяпер, як і раней, ёсьць рупліўцы і разумнікі, а ёсьць лайдакі й тугадумы. Адны — цікаўныя, грамадзка актыўныя, няўрымсьлівыя, а іншых цікавяць толькі забавы й грошы. Так было і так будзе.

Ці спадзяюся я на хуткія зьмены ў краіне? Ня вельмі. Але ведаю адно: зьмены непазьбежныя. Толькі прыйдуць яны не таму, што пастараецца нейкая партыя або асоба. Проста настане такі час, калі ўсё гэта наша глупства больш не захоча цярпець Бог. І мы, можа, самі не заўважым, як зьменімся, і перастанем падтрымліваць той лад і парадак, які сёньня маем. Тады і адбудуцца ў нас зьмены”.

Іншы погляд на сучасную беларускую моладзь у нашага слухача Вячаслава Кузьміча зь Менску. Ён піша:

“У мяне вялікія спадзяваньні на цяперашніх маладых. Яны больш сьмелыя, чым былі мы ў 1960-я гады. Нейкія разьняволеныя, незалежныя, упэўненыя ў сабе. Мы, студэнты 1960-х, не адважваліся выйсьці на вуліцу з пратэстамі, баяліся адкрыта абмяркоўваць тое, што нас па-сапраўднаму хвалявала. А галоўнае, мы ня ведалі ўсёй праўды. А цяперашняя моладзь праўду ведае. Вядома, я маю на ўвазе ня ўсю моладзь, а тую, якая гэту праўду ведаць хоча. Яны — у інтэрнэце, а мы былі — у інтэрнаце. Гэтым, напэўна, усё і тлумачыцца. Нас загналі, як быдла, у стойла, і мы там нават паварушыцца не маглі. Сёньня ўсё па-іншаму. І хоць пастух цяпер таксама жорсткі й суровы, ды толькі такога стойла, як некалі, нават ён стварыць ня можа.

Зрэшты, цяпер таксама хапае рознага… Колькі такіх маладых, якім усё да лямпачкі, колькі наркаманаў, алькаголікаў, прастытутак… Але цяпер ніхто масава не запісваецца ў БРСМ, як мы некалі запісваліся ў камсамол. Цяперашняя моладзь бачыць, дзе хлусьня й крывадушнасьць, а мы ў свой час у гэтым ня надта разьбіраліся”.

Напэўна, спадар Кузьміч, варта ўлічваць, што ў вашага пакаленьня не было таго выбару, які маюць цяперашнія маладыя. Няцяжка ўявіць, што чакала студэнта, які ў 1960-я гады адважыўся б на антыўрадавы пікет. Справа наўрад ці абмежавалася б толькі адлічэньнем з інстытуту. Турма, псыхушка, высылка ў Сібір, забарона на прафэсію — вось сьпіс найбольш верагодных наступстваў. За жалезную заслону былога студэнта ніхто ня выпусьціў бы, аб працягу навучаньня за мяжой палітычна нядобранадзейныя тады нават ня марылі…

А вось дзе хлусьня і крывадушнасьць, а дзе праўда і справядлівасьць — многія бачылі й тады, спадар Кузьміч. Масавай веры ў хуткі надыход камунізму ў брэжнеўскі час ужо не назіралася. І масавае ўступленьне ў камсамол для большасьці моладзі было выкліканае не парывам душы і шчырым імкненьнем будаваць камунізм, а разнарадкай райкамаў і загадамі школьнай адміністрацыі. У 1960-я гады і пазьней у камсамол прымусова заганялі кожнага падлетка-школьніка, калі толькі ён за нейкія правіны ня быў на ўліку ў міліцыі.

Наступны ліст — ад Алеся Рыбачонка з пасёлку Міханавічы Менскага раёну. Слухач разважае пра заганнасьць масавай культуры для духоўнага жыцьця грамадзтва.

“Сапраўдная культура выхоўвае, а масавая культура — задавальняе патрэбы. Ды каму падабаецца, калі цябе выхоўваюць? Куды прыемней, калі задавальняюць усе твае пажаданьні, нават самыя нізкія. І масавая культура робіць гэта — праз тэлебачаньне, FM-эфір, інтэрнэт — дае тое, чаго патрабуе чалавек. Яна замбуе, прымушае, як на наркотыкі, падсаджвацца на сэрыялы, крывавыя баевікі, псэўданавіны, дзе галоўнае — ня факт, а яго інтэрпрэтацыя.

Навошта думаць, калі ўсё за цябе перажоўвае камэнтатар? Навошта чытаць, калі можна паглядзець 101-ю серыю чарговага сэрыялу? Маскультура робіць жыцьцё прасьцейшым і прывабнейшым, а разам з тым і стандартызуе яго. Маскультура — патрэба чалавека, і таму яна непераможная. Яна захоплівае ўсё новыя краіны й новыя душы. За ёй — будучыня. І мне гэта будучыня не падаецца прывабнай. Гэта будучыня спажыўца, які спажывае культуру, як хот-дог, і не зьвяртае ўвагі на звычайны жытнёвы хлеб, у якім — душа продкаў”.

Працягваючы ваша, спадар Рыбачонак, параўнаньне культуры з жытнёвым хлебам… Нават самыя экзатычныя й прыгожа ўпакаваныя прысмакі й замежныя слодычы з часам прыядаюцца, а жытнёвы хлеб — ніколі. І ў памяці нашчадкаў застануцца ня мыльныя опэры, ня крывавыя баевікі й ня модныя жаночыя раманы, а зусім іншыя фільмы і іншыя кнігі.

Ня толькі ў цяперашнюю эпоху — і ў мінулыя стагодзьдзі былі дзясяткі і сотні аўтараў, кніг, спэктакляў, арыентаваных на ня самыя патрабавальныя густы спажыўца, на інстынкты, а не на працу душы. Але ў гісторыі, у памяці, у школьных падручніках і энцыкляпэдыях засталіся зусім не яны.

На заканчэньне некалькі кароткіх сьвяточных лістоў ад нашых даўніх сяброў. Нам піша Мікалай Клімовіч зь вёскі Валеўка Наваградзкага раёну. Спадар Клімовіч — удзельнік Клюбу сяброў “Свабоды”. Нядаўна ён, як і іншыя нашы сябры, атрымаў каляндарыкі з новым раскладам праграмаў “Свабоды” — і ўжо раздаў іх сваім знаёмым. Пра што і паведамляе ў лісьце. Ён таксама піша:

“Тыя навіны, якія даведаесься ад “Свабоды”, нідзе больш не пачуеш. Гэта многія людзі ведаюць — і ахвотна вас слухаюць. Але тут ёсьць адна важная акалічнасьць — ня ўсе маюць кароткахвалевыя прымачы. Старыя савецкія ў многіх зламаліся, а знайсьці новыя складана. Ды і каштуюць яны надта дорага — пры нашых пэнсіях гэта вялікая раскоша, якую могуць дазволіць сабе нямногія. А так прыемна доўгімі халоднымі зімовымі вечарамі сядзець ля цёплай печы і слухаць голас “Свабоды”.

Аўтар наступнага віншаваньня — Уладзімер Варанько зь Віцебску:

“Жадаю, каб “Свабода” ў наступным годзе прыйшла ў кожны беларускі дом. Калі людзі будуць ведаць праўду, то хутка самі зразумеюць, што ім трэба рабіць і як жыць. Без настаўнікаў і памочнікаў. Няхай у новым годзе ня будзе новых палітвязьняў і новых цэнаў на камунальныя паслугі, а няхай будзе надзея і радасьць. Чаго й зычу ўсім журналістам і слухачам “Свабоды”. Праўда пераможа — я ў гэта сьвята веру!”

Да Клюбу сяброў “Свабоды” належыць і наш даўні слухач, старшаклясьнік Андрэй Паско зь Берасьця. Кароткі калядны ліст ад яго:

“Свабоду” часам бывае вельмі цікава паслухаць — асабліва калі адбываюцца нейкія важныя падзеі, аб’ектыўнай інфармацыі пра якія ў афіцыйных мэдыях ня знойдзеш. Таму “Свабода” — мой даўні і верны спадарожнік. Усіх журналістаў “Свабоды” віншую з Калядамі й новым 2007 годам. Няхай ён будзе для ўсіх нас больш удалым, чым папярэдні”.

Дзякуй і вам, дарагія нашы слухачы, за цёплыя словы й сардэчныя віншаваньні. Няхай беражэ вас Бог у жыцьцёвых выпрабаваньнях і адорыць ласкай у гэтыя сьветлыя дні, калі Беларусь разам з усім хрысьціянскім сьветам радуецца Божаму Нараджэньню.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG