Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэй Скурко: “Веру ва ўпартую штодзённую працу”


Радыё Свабода Андрэй Скурко — удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Я веру, што нашая будучыня залежыць ад таго, наколькі мы сёньня здольныя адрозьніваць істотнае ад неістотнага. Наколькі здольныя быць пасьлядоўнымі ў кожным сваім праекце, у кожным слове і дзеяньні. Наколькі здатныя зьмяніць тое, што па сілах, і прыняць тое, што немагчыма зьмяніць.

Веру ў тое, што “Наша Ніва”, у якую ўкладзена і ўкладаецца столькі працы, ператрывае ўсе выпрабаваньні. Што ўсе мы — яе аўтары, чытачы, неабыякавыя да “НН” людзі — выйдзем з тых выпрабаваньняў мудрэйшымі, зразумеўшы лепш сябе і наш час.

Веру ва ўпартую штодзённую працу. Веру, што нічога нам не ўпадзе зь неба. І не падала. Папросту мы зараз адрабляем тое, што не дапрацавалі на нашу незалежнасьць перад 1990-мі.

Веру ў тое, што няма нічога вечнага. Асабліва ня маю ілюзіяў наконт вечнай варожасьці, дый вечнай прыязьні таксама. Увогуле, слаба веру ў эмоцыі. Веру ў тое, што многае адносна. Але ня ўсё.

Яшчэ я веру ў тое, што лёд крануўся. У тое, што за наступны год многае зьменіцца. Хоць гэты пераходны этап тоіць у сабе найбольшыя небясьпекі і выклікі.

Андрэй Скурко — 28-гадовы журналіст. Пачынаў у “Студэнцкай думцы”, цяпер намесьнік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру, з 1 сьнежня 2006 — галоўны рэдактар незалежнага тыднёвіка “Наша Ніва”. У вольны час іграе рок-музыку. Ня паліць. Затое шмат п’е кавы.
XS
SM
MD
LG