Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каталікі Беларусі сьвяткуюць Раство Хрыстова (фота)


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў каталіцкіх храмах Беларусі прайшлі ўрачыстыя набажэнствы з нагоды сьвята Раства Хрыстова. У кожным касьцёле таксама адбыліся сьвяточныя канцэрты і мастацкія імпрэзы.

Каталіцкія храмы ў Менску сёньня перапоўненыя. Таму ўрачыстая імша ў Катэдральным касьцёле трансьлявалася прад адмысловы экран, выстаўлены на двары. Калядныя сьпевы ў Чырвоным касьцёле і іншых бажніцах гучаць сёньня цягам усяго дня. Перад вернікамі выступаюць, як прафэсійныя артысты, так і самадзейныя хоры, сьпевакі і музыкі. Пра гісторыю Хрыстовага нараджэньня маладыя парафіяне многіх касьцёлаў распавядалі таксама праз тэатральныя пастаноўкі. Самадзейныя акторы кажуць, што ахвотна бяруць удзел у кожным касьцельным спэктаклі. Але асаблівае радасьць – на сьвята Раства Хрыстова, кажуць удзельнікі спэктаклю ў касьцёле маці Божай Ружанцовай у мікрараёне Лошыца.

(Карэспандэнтка: ) “Кім вы былі ў спэктаклі?”

(Дзяўчынкі: ) “Анёламі”.

(Хлопчыкі: ) “Мы былі трыма каралямі, якія прынесьлі дзіцятку Езусу дары”.

(Карэспандэнка: ) “Што для вас было самым складаным?”

(Хлопчыкі: ) “Каб не забыцца словы”.

(Карэспандэнтка: ) “А самым прыемным?”

(Хлопчык: ) “Калі табе апладзіруюць”.

(Хлопчык: ) “І выступаць таксама прыемна”.

Раство Хрыстова – аднолькава радаснае сьвята, як дзецям, так і дарослым кажа спадарыня Леакадзія:

(Леакадзія: ) “Гэта сьвята душы, сьвята надзеі, сьвята цяпла і любові, гэта сьвята веры. Веры ва ўсіх людзей, што людзі будуць шчасьлівыя”.

Са сьвятам Раства Хрыстова Ксёндз парафіі Маці Божай Ружанцовай Генадзь Кухарэвіч павіншаваў і ўсіх слухачоў Свабоды:

(Кухарэвіч: ) “Жадаю ўсім слухачам Радыё Свабода, каб Езус, гэтае маленькае дзіцятка даў вам тое, што найважнейшае. Жадаю вам браць прыклад у гэтага дзіцяці ў адкрытасьці, шчырасьці, жадаюць умець радавацца і ў кожным дні знаходзіць прыгажосьць. Ад цэлага сэрца жадаю, супакою, няхай вашыя сем’і будуць моцныя Богам”.





XS
SM
MD
LG