Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць Каляды ў Празе?


Алена Струвэ, Прага Мільярд хрысьціянаў у сьвеце, якія прытрымліваюцца грыгарыянскага календара, сустрэлі Сьвята Раства Хрыстовага. Не выключэньнем сталі і жыхары чэскай сталіцы Прагі, адкуль мы вядзем свае перадачы. Што ёсьць ноч з 24 на 25 сьнежня для пражанаў? Поўнае рэлігійнага сэнсу сьвята нараджэньня Хрыста – альбо вясёлыя каляды, у якія прынята дарыць шмат падарункаў сваім блізкім і асабліва дзецям? Адказ на гэтае пытаньне мы паспрабавалі сёньня высьветліць у жыхароў чэскай сталіцы.

Гукі Старамесцкай плошчы, што ў цэнтры старой Прагі. Конныя экіпажы возяць пражанаў і гасьцей гораду па старых брукаваных вуліцах. Тут жа на плошчы можна пакаштаваць смажаных каштанаў, выпіць глінтвэйну, сустрэцца зь сябрамі. Гэта ўсё вулічныя калядныя традыцыі, якія захоўваюцца ў Празе многія сотні год. Сёньня, пасьля каляднай ночы, Прага выглядае трохі стомленай і куды больш ціхай чым, бадай ува ўсе папярэднія сьнежаньскія тыдні. Яшчэ пазаўчора ў Празе адчувалася сапраўдная гандлёвая ліхаманка, і многія чэхі хадзілі па калядныя падарункі амаль як на працу.

16 гадовая Паўла, падобна да многіх сваіх праскіх равесьнікаў, цягам году зьбірала грошы, каб набыць невялікія калядныя сувэніры для сваіх бацькоў і сваякоў. Паводле дзяўчыны, гэтае сьвята ня мае для яе нейкага рэлігійнага сэнсу. Гэта клопат пра добры сьвяточны настрой сваіх блізкіх.

30-гадовая Міхаэла ня верыць у Бога, і ўвогуле ў нішто ня верыць. Каляды для яе –гэта прыгатаваньне смачных сьвяточных страваў, магчымасьць пабыць разам з усёй сям''ёй. Хаця… на начную калядную імшу Міхаэла таксама ходзіць. Паводле яе словаў, гэта, аднак, хутчэй дзеля стварэньня сьвяточнай атмасфэры.

Стары пражанін Войцех – вельмі строгі каталік, і таму з жалем канстатуе, што за апошнія 50 год большасьць яго суайчыньнікаў забылася пра рэлігійнае значэньне гэтага сьвята. Паводле Войцеха, Раство Божае ператварылася ў тупое сьвята спажыўцоў. Наўрад ці многія прыслухаліся да каляднага звароту папы Бэнэдыкта XVI. Пантыфік заклікаў хрысьціянаў, каб вобраз Ісуса Хрыста-дзіцяці нагадаў ім пра пакуты ўсіх дзяцей.

Тым часам малады пражанін, студэнт Якуб цалкам ня згодны з такім меркаваньнем. "Каляды – гэта думкі пра сапраўдную сямейную хрысьціянскую атмасфэру, пра тое, каб быць побач. На куцьцю мы думаем пра тых, каго няма разам з намі. Зьяўляецца нейкая настальгія. Дарослыя думаюць пра дзяцей. Малыя асабліва чакаюць гэтага сьвята, для іх Каляды –гэта ў першую чаргу Санта Клаўс з цэлым вазком падарункаў", лічыць пражанін.
XS
SM
MD
LG