Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесь Міхалевіч і Васіль Лепеш трапілі ў турму на Акрэсьціна


Любоў Лунёва, Менск Намесьнік сташыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч і сябра пазбаўленай рэгістрацыі арганізацыі “Згуртаваньне беларускіх студэнтаў” Васіль Лепеш знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Міліцыянты абвінавачваюць іх у дробным хуліганстве. Алеся Міхалевіча, Васіля Лепеша і яшчэ 28 чалавек затрымалі ў прыватнай кватэры Міхалевіча, дзе сябры ЗБС праводзілі вечарыну. Праз тры гадзіны дваіх пакінулі ў міліцыі, а астатніх адпусьцілі. Лепеша і Міхалевіча 26 сьнежня прывязуць у суд Савецкага раёну Менску.

Намесьніка старшыні партыі БНФ Алеся Міхалевіча, які зарэгістраваўся кандыдатам у дэпутаты Менскага гарадзкога савету, і актывіста ЗБС Васіля Лепеша трымаюць у турме на Акрэсьціна ў камэрах для затрыманых, дзе значна горшыя ўмовы, чым у камэрах , прызначаных для адбыцьця арышту. 22 сьнежня ў кватэры Алеся Міхалевіча, дзе раней быў офіс “Згуртаваньня беларускіх студэнтаў”, праводзілася сьвяточная вечарына з удзелам музыкі Зьмітра Казлоўскага і гурту “Знарок”.

Калі адзін з прысутных сыходзіў і адчыніў дзьверы, то туды адразу ўвайшлі некалькі спэцназаўцаў і міліцыянты ў цывільным. Некаторыя зь іх былі з відэа- і фотакамэрамі. Праз паўгадзіны да дому на вуліцы Дарашэвіча пад’ехалі “аўтазакі”. На іх у міліцыю Савецкага раёну адвезьлі 29 затрыманых удзельнікаў студэнцкай вечарыны. Пазьней туды прывезьлі Алеся Міхалевіча. Ва ўсіх узялі тлумачэньні і перапісалі пашпартныя зьвесткі.

Адзін з затрыманых Ігар Ляхновіч паведаміў “Свабодзе”, што ўсе затрыманыя зьяўляюцца студэнтамі сталічных унівэрсытэтаў. З кожным зь іх размаўлялі супрацоўнікі КДБ.

Гаворыць Ігар Ляхновіч:

(Ляхновіч: ) “Васіля, хутчэй за ўсё, пакінулі з-за таго, што яго ўжо ня першы раз затрымлівалі ў гэтай кватэры. Калі мы выйшлі і адзін аднаго чакалі на ганку, празь нейкі час да нас выйшаў Міхалевіч і перадаў нам свае рэчы – мабільны тэлефон, грошы. Ён нам сказаў, што яго затрымалі”.

Супрацоўнікі дзяжурнай частцы міліцыі Савецкага раёну паведамілі “Радыё Свабода”, што позна ўвечары ў міліцыю патэлефанавалі жыхары дома на вуліцы Дарашэвіча і паскардзіліся, што ў кватэры Алеся Міхалевіча моцна шумяць. Але на Алеся, як на гаспадара кватэры, склалі пратакол не за парушэньне правілаў карыстаньня жытлом, а за дробнае хуліганства (нецэнзурна лаяўся, пагражаў фізычнай расправай, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў).

26 сьнежня ў суд Савецкага раёну Менску прывязуць Васіля Лепеша і Алеся Міхалевіча. Ім пагражае арышт да 15 сутак альбо штраф да пяці базавых велічыняў.

Цяпер у турме на Акрэсьціна адбываюць арышт актывісты “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук і Алег Корбан за ўдзел у акцыі апазыцыі 10 сьнежня. Яны выйдуць на волю 25 сьнежня.
XS
SM
MD
LG