Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць зьезд “правільных” пісьменьнікаў


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску пачаў працу зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі — таго Саюзу, які ачольвае сябра Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец і ў які ўвайшлі толькі тыя літаратары, што падтрымліваюць дзейную ўладу.

Трапіць на зьезд творчага Саюзу, які праходзіў у будынку Белдзяржфілярмоніі, было значна складаней, чым на якое рэжымнае прадпрыемства. Мажныя маладзёны са значкамі БРСМ і ахова філярмоніі прапускалі толькі дэлегатаў і запрошаных. Гутару з хлопцамі, якія ахоўваюць ўваход – дарэчы, яны прадставіліся студэнтамі:

(Карэспандэнтка: ) “Якіх сучасных беларускіх пісьменьнікаў студэнты ведаюць?”

(Доўгая паўза)

(Карэспандэнтка: ) “Зусім ня ведаеце? Ніякіх? Зьезд пісьменьнікаў быццам бы ахоўваеце. Няўжо ніводнага прозьвішча беларускага пісьменьніка ня ведаеце?”

(Зноў паўза. Маўчаньне.)

Тым часам у вялікай залі на прапанову сакратара СПБ Алеся Марціновіча аднагалосна абралі ганаровы прэзыдыюм зьезду, у які, як у стары добры час, увайшло ўсё кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня, прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, Палаты прадстаўнікоў, Савету міністраў, БРСМ.

Са справаздачай выступіў старшыня Саюзу Мікалай Чаргінец, які паведаміў, што шэрагі арганізацыі за год павялічыліся амаль утрая — цяпер у Саюзе 350 сябраў. Старшыня Саюзу выступаў, дарэчы, па-расейску.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Рубінаў зачытаў вітаньне Аляксандра Лукашэнкі. Выступіў і міністар культуры Ўладзімер Мацьвяйчук. Абодва таксама па-расейску.

У перапынку мне ўдалося паразмаўляць на ганку філярмоніі толькі з тымі дэлегатамі й запрошанымі, якія паляць.

(Голас: ) “Лайкоў Янка. Я сам з Барысаўскага раёну”.

(Карэспандэнтка: ) “Вашы ўражаньні ад зьезду?”

(Лайкоў: ) “Усё выдатна. Выступалі выдатныя людзі, вельмі цікава”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі дэлегатаў тут?”

(Лайкоў: ) “Трыста дэлегатаў і прыкладна столькі ж запрошаных”.

(Голас: ) “Груздоў Аркадзь. Мы ў суаўтарстве з жонкай напісалі п’есу. А наагул я празаік. Зьезд праходзіць нармальна. Прынамсі, усё зразумела, што гавораць”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаго вы чакаеце ад зьезду?”

(Груздоў: ) “Ой, ня ведаю. Усё адно працаваць буду, будзе гэты зьезд ці ня бузе. Я даўно ведаю Анатоля Аўруціна, Чаргінца. Гэта блізкія мне людзі”.

На ганак выйшла вялікая група афіцэраў, салдатаў-памежнікаў і курсантаў.

(Карэспандэнтка: ) “Вы таксама дэлегаты зьезду?

(Курсант: ) “Не. Мы ад Вайсковай акадэміі прыехалі на зьезд. Акадэмія выдзеліла групу маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня 344-га вучэбнага ўзвода”.

Гутару зь міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым, які выступіў на пачатку зьезду і ў перапынку сышоў.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не засмучае вас, што ўсё ж такі мала гучыць родная беларуская мова? Нават на зьезьдзе пісьменьнікаў бальшыня выступае па-расейску”.

(Радзькоў: ) “Ведаеце, мы ўжо праходзілі адміністратыўны ціск. Трэба мову падтрымоўваць, але гэта трэба рабіць інтэлігентна”.

У Беларусі цяпер існуюць два творчыя саюзы пісьменьнікаў. На зьезд праўрадавага Саюзу сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў не запрасілі, паведаміў старшыня СБП Алесь Пашкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG