Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Кіеве сустрэліся прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны


Ганна Соўсь, Прага Уладзімір Пуцін сёньня знаходзіцца з аднадзённым працоўным візытам ва Ўкраіне. Упершыню пасьля “памаранчавай рэвалюцыі” ў Кіеве адбываецца паседжаньне прэзыдэнцкай камісіі "Юшчанка-Пуцін". Асноўныя тэмы перамоваў лідэраў Расеі і Ўкраіны – пытаньні энэргетычнай бясьпекі, Чарнаморскага флёту на тэрыторыі Ўкраіны і дэмаркацыі і дэлімітацыі межаў.

“Украіна спадзяецца на падпісаньне з Расеяй мэмарандуму пра стратэгічнае супрацоўніцтва”, – такой заявай распачаў сёньня ўкраінскі прэзыдэнт паседжаньне міждзяржаўнай камісіі “Юшчанка-Пуцін” у Кіеве.

Пуцін прыляцеў ва Ўкраіну са спазьненьнем амаль на дзьве гадзіны. Гэта рабочы, а не афіцыйны візыт. У часе закрытай сустрэчы Юшчанкі і Пуціна ля будынку сакратарыяту адбываліся два мітынгі – прадстаўнікі блёку Натальлі Вітрэнкі скандавалі “Украіна! Беларусь! Расея!”, трымаючы ў руках партыйныя і расейскія сьцягі, а прадстаўнікі ЎНА-УНСО і моладзевага нацыяналістычнага кангрэсу, стоячы з украінскімі сьцягамі выкрыквалі “Ўкраіна”.

Як папярэдне прагназавала Натальля Вітрэнка, “умовы знаходжаньня расейскага прэзыдэнта ва Ўкраіне будуць складанымі, але лепш дрэнны мір, чым добрая вайна”.

Амаль год таму ў студзені Расея адключыла Ўкраіну ад газавых паставак з прычыны спрэчак адносна цэнаў на паліва. І натуральна, падчас цяперашніх перамоваў пытаньням энэргетыкі нададзена шмат увагі. Вось што заявіў Уладзімер Пуцін:

(Пуцін: ) “Важна, што мы ставім на трывалыя рэйкі рыначнай эканомікі наша ўзаемадзеяньне ў паліўна-энэргетычным комплексе. Нашы энэргетыкі выходзяць на канчатковыя дамоўленасьці. Толькі так мы забясьпечым энэргетычную бясьпеку і нашых краінаў, і Эўропы”.

Пра асноўныя пункты перамоваў гаворыць Віктар Юшчанка:

(Юшчанка: ) "Адна з ключавых тэмаў супрацоўніцтва 2007 году – гэта ўрэгуляваньне пытаньняў, зьвязаных з межамі. Другі блёк пытаньняў – знаходжаньне Чарнаморскага флёту Расеі і пытаньні зямельнай уласнасьці, нерухомасьці, радыёчастотаў, навігацыі".

Ад візыту Пуціна ва Ўкраіне не чакаюць кардынальных зьменаў у дачыненьнях з Расеяй. Украінскія палітыкі заклікаюць прэзыдэнтаў вырашыць у першую чаргу праблемы паставак энэрганосьбітаў і доўгатэрміновага супрацоўніцтва Ўкраіны і Расеі ў пастаўках газу ў краіны Эўропы, а таксама пытаньне аб знаходжаньні Чарнаморскага флёту на тэрыторыі Ўкраіны.

Дагэтуль паміж Украінай і Расеяй не ўрэгуляваныя пытаньні дэмаркацыі і дэлімітацыі межаў. Дэпутат украінскага парлямэнту ад Партыі рэгіёнаў Уладзімер Зубанаў мяркуе, што на перамовах будзе закранутая і тэма ўступленьня Ўкраіны ў НАТО. “Мы бачым, што сяброўскіх дачыненьняў ня будзе, калі мы ідзем у НАТО, – кажа Зубанаў. – Я думаю, што Ўладзімір Уладзіміравіч намякне, што наша дзяржава павінна вызначыцца ў замежнай палітыцы, ад гэтага будзе залежаць і дэмаркацыя межаў і гэтак далей”, мяркуе прадстаўнік Партыі рэгіёнаў.

Украінскі палітоляг Уладзімер Палахала адзначае, што “Крэмль не хавае свайго нэгатыўнага стаўленьня ня толькі да эўраатлянтычнай інтэграцыі, але і да эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны, і робіць гэта гэтак нязграбна, што нагадвае наўпроставае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Ўкраіны”.
XS
SM
MD
LG