Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Витебский курьер" высяляюць праз гаспадарчы суд


Радыё Свабода Акцыянэрнае таварыства "Элсан", у якога незалежная газэта арэндуе некалькі пакояў, зьвярнулася ў абласны гаспадарчы суд, каб выселіць рэдакцыю з памяшканьня.

Назіральная рада прадпрыемства прызнала дамову пра арэнду несапраўднай, бо пры яе складаньні нібыта былі дапушчаныя парушэньні заканадаўства. У прыватнасьці, разьмяшчэньне рэдакцыі ў гэтым будынку не было ўзгоднена з адміністрацыяй Першамайскага раёна Віцебска, на тэрыторыі якога знаходзіцца ААТ "Элсан".

Загад пра высяленьне газэта атрымала 6-га сьнежня, аднак рэдактар Уладзімер Базан прыняў рашэньне застацца на месцы насуперак рашэньню акцыянэраў прадпрыемства, бо лічыць, што дамова правамоцная і мае тэрмін дзеяньня да 31-га жніўня 2007 году.

Абаронца Зьміцер Зіркацкі, які прадстаўляе інтарэсы газэты ў гаспадарчым судзе, даводзіў, што дазволу ў раённай адміністрацыі "Витебский курьер" прасіць ня мусіў, бо адпачатку ён быў зарэгістраваны ў гарвыканкаме ў якасьці гарадзкой газэты. Тады прадстаўнікі ААТ "Элсан" высунулі новы аргумэнт з мэтаю прызнаць дамову пра арэнду несапраўднай: юрыст прадпрыемства заявіў, што яго ўвялі ў зман, не папярэдзіўшы пра тое, што арэндаваныя памяшканьні будуць ня толькі офісам для рэдакцыі, але й юрыдычнай адрэсай.

Суд адкладзены да 5-га студзеня. Рэдактар газэты Ўладзімер Базан не выключае, што "Витебский курьер" будзе выселены з памяшканьня пад прымусам менавіта напярэдадні мясцовых выбараў. Ён пэўны, што гарадзкія ўлады зробяць усё, каб недзяржаўнае выданьне ня мела магчымасьці асьвятляць гэтую палітычную падзею.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG