Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацельні ў рэгіёнах пераводзяць з газу на дровы


Сяргей Астраўцоў, Горадня Каб зэканоміць на газе, кацельні пераводзяць на мясцовыя віды паліва. Цяпер гэта распаўсюджаная ў краіне зьява. Пры гэтым нярэдка пагаршаюцца ўмовы працы ў кацельнях, што выклікае пратэсты работнікаў. Пра адзін такі выпадак у Мастоўскім раёне падрыхтаваў матэрыял наш карэспандэнт.

Работнікі трох кацельняў — у Луньне, Глядавічах і Пілках, разам дванаццаць чалавек, не задаволеныя ўмовамі працы пасьля пераводу кацельняў на цьвёрдае паліва — і зьвярнуліся да кіраўніка раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Сяргея Фралова. Адзін зь незадаволеных — Іван Казлоўскі, які працуе ў Луньне, апавёў:

(Казлоўскі: ) “Вось яны нам не далі ні кувалды, ні кліна, яны не далі нам сякеры, яны не далі нават тачкі, каб вывезьці попел ці той жа брыкет прывезьці. Вы можаце ўявіць — мы вёдрамі носім брыкет, далі адно вядро”.

Іван Казлоўскі гаворыць, што яму давялося прынесьці бэнзапілу з дому, і ва ўсіх трох кацельнях работнікі маюць працаваць з сваім інструмэнтам.

Я зьвярнуўся да кіраўніка жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Мастоўскага раёну Сяргея Фралова, і той сказаў наступнае: “Бэнзапілу з дому прыносіць не забараняецца. Але я іх не прымушаю пілаваць дровы. Іхнае заданьне толькі паліць, больш нічога”.

(Фралоў: ) “Я кажу: у мяне ёсьць брыгада, якая езьдзіць па кацельнях, у мяне іх усяго дваццаць адна, зь іх тры на газе, а дзевятнаццаць — на цьвёрдым паліве. Ёсьць спэцыяльная машына “жыгулі”, сядаюць двое зь піламі, адзін ім дапамагае, езьдзяць і пілуюць дровы на кожную кацельню”.

Працаўнік луньненскай кацельні Іван Казлоўскі зазначае, што дровы хутка прагараюць, таму даводзіцца пілаваць самому. Ён таксама наракае на зьмяншэньне заробкаў.

(Казлоўскі: ) “У тым годзе мы на газе атрымлівалі 360 тысяч. А цяпер вось прыйшоў разьлік: 290 тысяч. Мы працавалі па трэцім разрадзе, нас узялі перавялі на другі разрад, а гэта ўжо 100 тысяч страчана”.

Кіраўнік раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ня згодны: так, зьменшылі разрад, але сталі даплачваць 50% за цьвёрдае паліва, і людзі сталі атрымліваць болей, лічыць спадар Фралоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG