Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клецк: суд разглядае звальненьне апазыцыйнай актывісткі


Міхал Стэльмак, Менск Клецкі раённы суд пачаў разгляд скаргі моладзевай актывісткі Іны Кебікавай. Яна патрабуе аднаўленьня на працы настаўніцай Грыцэвіцкай сярэдняй школы, адкуль яе звольнілі напачатку лістапада. 23-гадовая актывістка лічыць гэта расправай за палітычную дзейнасьць, адміністрацыя школы й райана –– пакараньнем за парушэньне працоўнай дысцыпліны.

Іна Кебікава выкладала грыцэвіцкім школьнікам беларускую й ангельскую мовы. На судзе яна заявіла, што яе звольнілі неабгрунтавана:

(Кебікава: ) “На маю думку, мяне звольнілі праз мае палітычныя погляды. Таму што я зьбіралася стаць кандыдатам у дэпутаты. І калі я ў суботу падала сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы, то адпаведна ў панядзелак была ўжо звольненая з працы. Мае палітычныя погляды былі вядомыя, бо, па-першае, у мяне быў значок “Я за свабоду” на сумцы. Па-другое, час ад часу я насіла шалік “Наша Ўкраіна”, які падараваў мне сябра з Украіны. І, па-трэцяе, калі я хварэла, у мяне быў бальнічны, то ў маім кабінэце правялі ператрус. То бок, яны перагледзелі, каб у мяне не было ніякай апазыцыйнай літаратуры ў кабінэце”.

У працоўнай кніжцы Іны Кебікавай напісана, што яна звольненая за прагул. Гэтак пастанавілі дырэктарка школы Алена Клімовіч і яе муж, загадчык Клецкага райана Анатоль Клімовіч. Вось што ён паведаміў Радыё Свабода:

(Клімовіч: ) “Чалавек перастае хадзіць на працу. Чалавек кідаецца ў палітыку. Але палітыка палітыкай — ёй мы займаемся ў вольны ад працы час. Але гэты чалавек не разумее. Адзін раз зь ім пагаварылі: “Іна Аляксееўна, трэба хадзіць на працу. Вы прыехалі паводле разьмеркаваньня, на вас дзяржава выдаткавала нармальную суму”. Не разумее”.

Іна Кебікава — сёлетняя выпускніца Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Клецкі райана паінфармаваў гэтую ўстанову пра звальненьне маладога спэцыяліста. Спадар Клімовіч апавёў:

(Клімовіч: ) “Калі ў трохдзённы тэрмін пасьля звальненьня альбо няяўкі маладога спэцыяліста на працу я не паведамлю на месца яе вучобы, адкуль яна прыйшла, я падвяргаюся тут такім пакараньням!.. Таму, натуральна, праз тры дні дакумэнты ляжалі на стале ў рэктара пэдагагічнага ўнівэрсытэту. А навучальная ўстанова абавязаная спагнаць зь яе грошы за навучаньне”.

Іна вучылася за бюджэтныя грошы, таму навучальная ўстанова мяркуе выставіць рахунак колішняй студэнтцы. Як паведаміла намесьніца начальніка плянавага аддзелу пэдунівэрсытэту Натальля Шэрстабітава, паводле справы Кебікавай падрыхтаваная фінансавая справаздача:

(Шэрстабітава: ) “13 мільёнаў 904 тысячы 270 рублёў. За пяць гадоў. Улічваецца стыпэндыя, якую яна атрымлівала. Улічваюцца ўсе выдаткі ВНУ, балянсавых формаў. А наагул гэта згодна з пастановай — пастанова Савету Міністраў ад 23 верасьня 2006 году №1255”.

Клецкі суд прадоўжыць разгляд скаргі Іны Кебікавай 26 сьнежня. Вырашылі заслухаць сьведкаў, якія могуць даць паказаньні наконт працоўнай дысцыпліны звольненай настаўніцы.
XS
SM
MD
LG