Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чым можа грунтавацца энэргетычны сувэрэнітэт Беларусі?


Ігар Карней, Менск Больш за 80% спажываных у Беларусі энэрганосьбітаў прыпадае на расейскі газ. Пераход на альтэрнатыўныя віды паліва кіраўніцтва Беларусі лічыць адным з прыярытэтных кірункаў дзеля зьмяншэньня залежнасьці ад расейскіх манапалістаў.

Згодна з пастановай ураду, да 2010 году ў энэргетычным балянсе дзяржавы залежнасьць ад расейскага газавага складніка мае паменшаць. Акцэнт пры гэтым плянуецца рабіць на скарыстаньне драўляных адкідаў і на радовішчы торфу.

З гэтым згодныя й асобныя эканамісты. Намесьнік кіраўніка Саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шавельзон кажа: Расея сваімі нафтагазавымі ўльтыматумамі не пакідае Беларусі іншых варыянтаў.

(Шавельзон: ) “Беларусь эканамічна не падрыхтаваная плаціць за газ і нафту дакладна гэтак жа, як, скажам, Літва, Латвія і Эстонія, таму што гэтым дзяржавам дапамагае Эўразьвяз. Беларусі Эўразьвяз дапамагаць ня будзе. Мы ад пачатку абралі для сябе стратэгічны кірунак: будаваць дачыненьні з Расеяй паводле іншых аналёгіяў — прыкладам, як ЗША і Канада, Нямеччына й Аўстрыя. То бок, вельмі ў нас былі ўзаемазлучаныя з Расеяй эканомікі”.

Беларускія лясы, паводле разьлікаў, могуць забясьпечыць звыш 2,5 мільёна тонаў умоўнага паліва. Аднак вытворчая база ўсіх кацельных на дровах складае 3,5 мэгават электрычнай і 35 мэгават цеплавой энэргіі. А гэта толькі 3% у энэргетычным балянсе краіны, што разьвяжа выключна лякальныя задачы. Таму дзяржаўныя органы прапануюць да рэалізацыі шэраг іншых праектаў: Полацкую ГЭС на Заходняй Дзьвіне, вугальную Зэльвенскую ЦЭС, тэхнічнае пераабсталяваньне менскіх ЦЭЦ.

Аднак кіраўнікі асобных рэгіёнаў разьлічваюць на больш глябальныя пляны. Першы намесьнік кіраўніка Чавускага райвыканкаму Васіль Сысоеў спадзяецца на будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

(Сысоеў: ) “Гэта прыцягненьне і людзей, і сілы, і ўсяго астатняга. Гэта, безумоўна, будзе спрыяць разьвіцьцю рэгіёну. Гэта такі штуршок нам дасьць, што крок будзе зроблены вельмі сур’ёзны. Ня кажучы ўжо пра пытаньне забесьпячэньня краінай электраэнэргіяй. Таму мы толькі за прыняцьце гэтага рашэньня. І для нас гэта ўсё вельмі нядрэнна было б. Да таго ж, я сам чытаў дакумэнт: гомельская арганізацыя ў геоляга-вышукальных працах на тэрыторыі раёну актыўна праводзіць свае дасьледаваньні”.

Беларускія эколягі выступаюць за ўкараненьне іншага досьведу, які актыўна культывуецца ў заходніх краінах — будаваньня ветракоў. Аднак у канцэрне “Белэнэрга” адсутнасьць цікавасьці да рэалізацыі праектаў тлумачаць знаходжаньнем Беларусі ў зоне слабых і ўмераных патокаў ветру, што не дае спадзявацца на эфэктыўнасьць ветракоў у беларускіх умовах.

Агучваліся й экзатычныя прапановы: у якасьці паліва на чорны дзень рыхтаваць кізякі — спрэсаваныя адкіды жыцьцядзейнасьці буйной рагатай жывёлы. Ініцыятыву ў дзяржаўных структурах пакідаюць без камэнтароў.

Энэргетычную бясьпеку наўрад ці гарантуюць унутраныя запасы нафты. Беларусь забясьпечваецца сваёй нафтай толькі на пятую частку ад аб’ёмаў, якія спажываюцца за год. Да таго ж, пры цяперашнім засваеньні радовішчаў, як кажуць у прадпрыемстве “Белгеалёгія”, запасаў нафты хопіць толькі на трыццаць гадоў.

Расейскія эканамісты ў энэргетычную незалежнасьць Беларусі ад Расеі ня вераць. Таму, як кажа дырэктар расейскага Інстытуту эканамічных стратэгіяў Аляксандар Агееў, беларускаму боку ў перамоўным працэсе варта дэманстраваць большую згаворлівасьць.

(Агееў: ) “Калі рынак, ягоныя агенты адчуваюць, што існуе якаясьці напружанасьць паміж лідэрамі, яны пачынаюць кожны на сваім месцы таксама паводзіць сябе вельмі напружана й эгаістычна. Таму я б усю гэтую сытуацыю назваў урокам, да якога трэба паставіцца без наплыву эмоцыяў і падысьці з бугальтарскай дакладнасьцю. Наш урад абвясьціў: тая дэльта, якая ствараецца, прыкладам, з паставак нафты павінна прапарцыйна разьмяркоўвацца. Альбо 80 на 20, альбо 90 на 10. Гэта пытаньне добрай волі дзьвюх краінаў і аргумэнтаў, якія яны агалосяць у гэтай перамоўнай сытуацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG