Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваны ў шпіянажы Моніч абскардзіць рашэньне аб яго выдачы Польшчы


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня Віленскі акруговы суд абвесьціў, што падазраваны ў шпіянажы грамадзянін Беларусі Сяргей Моніч, арыштаваны ў Літве, будзе перададзены Польшчы. Сяргей Моніч заявіў, што ня згодны з гэтым рашэньнем. Консул амбасады Беларусі ў Літве заявіў, што адвакаты пададуць апэляцыю.

У рашэньні судзьдзі Віленскага акруговага суду Лінаса Жукаўскаса цьвердзіцца, што суд не разглядаў віну С. Моніча, а толькі вырашаў пытаньне яго экстрадыцыі. "Няма ніякіх прычынаў, каб С. Моніч ня мог бы быць перададзены Польшчы", гаворыцца ў судовым рашэньні.

Паводле рашэньня суду, С.Моніч цягам сямі дзён можа абскардзіць гэтае рашэньне ў Апэляцыйным судзе Літвы. Калі ён гэта зробіць, яго перадача ў Польшчу можа быць адкладзеная прыкладна на два месяцы. Таксама суд працягнуў яшчэ на месяц ўтрыманьне С. Моніча ў турме.

Жонка Сяргея Моніча, якая прысутнічала на судзе ў Вільні, адмовілася ад камэнтароў і папрасіла выслухаць прадстаўніка амбасады Беларусі ў Літве.

Консул амбасады РБ ў Літве Анатоль Жалтоўскі сказаў, што не разумее, як можа абвінавачвацца ў шпіянажы супраць краіны чалавек, які ніколі ня быў у гэтай краіне. Ён таксама заявіў:

(Жалтоўскі:) "Як консул я не маю права камэнтаваць рашэньне суду, таму ўстрымаюся ад камэнтароў. Аднак як прадстаўнік Беларусі, хачу сказаць, што нашыя адвакаты пададуць апэляцыю. Мы спадзяемся, што рашэньне будзе справядлівым, абгрунтаваным законамі. Спадзяемся, што суд з Польшчы атрымае дадатковыя дадзеныя, зьвязаныя са справай нашага грамадзяніна. Я ўпэўнены, што адвакаты абавязаны трымацца юрыдычнага пагадненьня, падпісанага паміж Літвой і Беларусьсю. Калі гэтае пагадненьне ня будзе выконвацца, можа быць парушаная дамова аб супрацоўніцтве".

Консул амбасады Беларусі ў Літве падкрэсьліў, што дамова аб супрацоўніцтве паміж Літвой і Беларусьсю дасюль ні разу ня была парушаная.

С. Моніч, падазраваны ў шпіянажы супраць Польшчы, ня згодны з тым, што ён павінны быць перададзены гэтай краіне. Ён заяўляе, што стаўся ахвярай польскіх спэцслужбаў. Расьсьледваньне адносна дзейнасьці затрыманага ў Літве С. Моніча распачатае і Дэпартамэнтам дзяржаўнай бясьпекі Літвы.
XS
SM
MD
LG