Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дамовіліся Лукашэнка й Пуцін падчас перамоваў у Маскве?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі зь Менску і дацэнт Маскоўскага Дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошняе сёлета паседжаньне найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі ў Маскве адбылося ў крытычны момант дачыненьняў, калі моцна абвастрыліся супярэчнасьці наконт нафтавага й газавага пытаньняў. Калі да новага году не дамовіцца, то можа здарыцца сур’ёзны крызіс, які набудзе міжнародны рэзананс, бо празь Беларусь праходзіць транзыт расейскага газу ў Эўропу. Таму якое значэньне мела гэтая сустрэча?”

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Найперш трэба адзначыць, што гэтая сустрэча стала нечаканай. Паседжаньні найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі адбываюцца рэдка — і рэдка бываюць сэнсоўнымі. Як правіла, бюджэт саюзнай дзяржавы на наступны год не зацьвярджаўся ў канцы папярэдняга году, а гэта рабілася недзе ўвесну. Але гэта не перашкаджала выдаткоўваць грошы не на прызначэныя пункты, як высьветлілі кантралёры. І амбасадар Расеі ў Беларусі казаў, што такой сустрэчы ў графіку прэзыдэнтаў няма. Лукашэнка ўвогуле павінен быў ехаць у Віетнам.

Па двухбаковай сустрэчы Лукашэнка сказаў, што знойдзеная нітка, за якую можна зачапіцца. Зь ягоных словаў вынікае, што пытаньне інтэграцыі дзьвюх краінаў і цана на газ зьвязаныя ў адзін пакет. А менавіта гэтага баялася беларуская апазыцыя”.

(Кірыл Коктыш: ) “Сустрэча сапраўды надзвычайная. Пытаньні нафты й газу балючыя для беларускай эканомікі. У гандаль за больш спрыяльныя ўмовы паставак энэргарэсурсаў пайшло ўсё: і адзіная валюта, і канстытуцыйны акт. Прычым, хутчэй за усё, гэтыя палітычныя пытаньні былі ўкінутыя беларускім бокам”.

(Карбалевіч: ) “Перамовы праходзяць на фоне пастановы ўраду РФ аб увядзеньні з будучага году мытаў на нафту, якая будзе пастаўляцца ў Беларусь. Што азначае загадкавая рэпліка Лукашэнкі, што пытаньне нафты й газу будзе ўвязвацца з пытаньнем адзінай валюты й канстытуцыйнага акту?”

(Коктыш: ) “Здаецца, беларускі бок уключыў у перамовы ўсе палітычныя пытаньні, якія толькі ёсьць. Незразумела, ці гатовая Расея ўключаць гэтыя пытаньні ў гандаль”.

(Быкоўскі: ) “Расейскі бок з самага пачатку даваў зразумець, што ўсе пытаньні наконт нафты й газу могуць быць разьвязаныя, калі Беларусь пагодзіцца на ўтварэньне паўнавартаснай саюзнай дзяржавы. Вось Лукашэнка й спрабуе выкарыстаць гэты чыньнік, бо знаходзіцца ў пастцы.

Пытаньне пра нафтавыя мыты цесна зьвязанае з будаўніцтвам саюзнай дзяржавы. Бо калісьці мыты адмянілі менавіта ў зьвязку з намерам дзьвюх краінаў інтэгравацца. Цяпер усясьветныя кошты на нафту падаюць, таму і ўвязаныя з гэтым мыты таксама зьмяншаюцца.

Для Беларусі больш важныя кошты на газ. Абяцаньне Расеі павысіць іх у чатыры разы вымушае Лукашэнку апэляваць да саюзных дамоўленасьцяў. Але тая нітка, пра якую казаў Лукашэнка, можа стаць для Беларусі вяроўкай.

Для Расеі пытаньне пра валюту й канстытуцыйны акт не зьяўляюцца першачарговымі. Да таго ж Лукашэнка на пасадзе віцэ-прэзыдэнта саюзнай дзяржавы ўяўляе для расейскай эліты пэўную небясьпеку. Ёсьць прапановы маскоўскіх экспэртаў, каб Беларусь спачатку перайшла на безнаяўны расейскі рубель. Цяпер у двухбаковым гандлі выкарыстоўваецца даляр, а пераход на рубель паспрыяў бы разьвіцьцю гандлю. Такім чынам у беларуска-расейскіх дачыненьнях эканоміка й палітыка вельмі пераблытаныя”.

(Карбалевіч: ) “Ці магчымы востры крызіс з пастаўкамі расейскага газу ў Беларусь на пачатку новага году?”

(Коктыш: ) “Крызіс ня выключаны. Дасюль пасьля чарговых перамоваў двух прэзыдэнтаў і аптымістычных заяваў ішлі жорсткія эканамічныя крокі, найперш з боку Расеі. Напрыклад, тое ж увядзеньне мытаў на нафту. Таму ня выключана, што для Беларусі гэтая зіма можа стаць вельмі суровай”.

(Быкоўскі: ) “Магчыма, сытуацыя будзе разьвівацца такім чынам, што зьявіцца нейкая даччыная кампанія “Газпрому”, якая будзе пастаўляць у Беларусь газ з Казахстану ці Туркмэніі. Гэта ўкраінская схема. Магчымая й армянская схема — то бок, кампэнсацыя коштаў на газ маёмасьцю. Думаю, кошт 1 тысячы кубамэтраў газу будзе складаць 100—110 даляраў”.
XS
SM
MD
LG