Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віталь Броўка: “Я веру ў сябе”


Радыё Свабода Віталь Броўка— удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Кажуць, вера дапамагае жыць... Мне ж, напэўна, дапамагае жыць тое, у што я веру.

Я веру ў сяброўства і, пэрсанальна, у сваіх сяброў. Аднойчы ў аўтаспыннай вандроўцы ў Крым, седзячы ўначы ў прыдарожнай забягалаўцы, адзін татарын спытаўся ў мяне: “А ў цябе ёсьць сябры? Такія, што ня кінуць ніколі? Вось мабільнік, давай патэлефануем у тваю Беларусь, скажам, што табе трэба дапамога і будзем чакаць. Праз колькі яны будуць тут?” Я тады ня стаў тэлефанаваць, бо мне ня трэба правяраць сваіх сяброў — я ведаю, што дзе б ні спатрэбілася мне іхная падтрымка, яны зьявяцца і падтрымаюць.

Я веру, што перастану губляць сяброў, што нас перастануць падзяляць турэмныя тэрміны, што раздаюцца толькі за любоў да Бацькаўшчыны, ня будзе паміж намі межаў, за якія сябры вымушаныя зьехаць, каб вучыцца ці зарабляць на жыцьцё.

Я веру ў будучыню. І хай сабе традыцыі забараняюць за будучыню ўздымаць келіх, але кожны раз, кажучы нейкі тост, я моўчкі прамаўляю яго яшчэ й за Будучыню... Напэўна мне цесна ў сучаснасьці.

Я веру, што ў нейкі дзень выйду раніцай з хаты, буду цэлы дзень хадзіць па грамадзкіх месцах, фірмах, крамах, установах, буду актыўна зьвяртацца да сустрэтых людзей, задаваць шмат пытаньняў, размаўляючы, як заўсёды, на сваёй мове і НІ РАЗУ за дзень не пачую ў адказ “А почему вы говорите по- беларуски?”

Я веру ў Асобу. Не ў вызначальную ролю аднае асобы ў лёсах народаў, пра што часта даводзіцца чуць, а ў тое, што кожны з нас, людзей на гэтай зямлі — Асоба, і кожны — незаменны, індывідуальны, нават калі сам гэтага не ўспрымае.

Я веру ў наш народ. І хаця гэтая вера хісталася апошнім часам, але я веру, бо іншага народу мне ня дадзена, бо я — частка гэтага народу, бо безь яго не было б мяне, якім я ёсьць, а я веру ў сябе. Ведаю, што толькі ад мяне залежыць зрабіць, каб мне тут, на Радзіме, было добра й утульна.

Я веру, што ўсё будзе добра. І гэтае маё дзіцяча-наіўнае вераньне ідзе са мною па жыцьці й знаходзіць сабе пацьверджаньне… Веру ў сваіх аднагодкаў, у тое, што яны перастануць спаць у шапку, уздымуць галаву і пачнуць не прыстасоўвацца, а жыць, ствараць, сябраваць, рабіць жыцьцё ўтульным! Шчыра й адкрыта, зь Вераю.

Віталь Броўка — дваццаціпяцігадовы віцяблянін, юрыст паводле адукацыі і грамадзкі дзеяч паводле закліканьня, любіць айчынную паэзію, глінтвэйн і ўсіх беларускіх дзяўчат.
XS
SM
MD
LG