Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі дзесяткі выданьняў спэцыялізуюцца на крыжаванках


Ігар Карней, Менск 21 сьнежня 1913 году ў газэце “New York World” была надрукаваная першая крыжаванка. Ці ведаў тады аўтар, нехта Артур Ўін, што дае пачатак захапленьню мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце? За права называцца радзімай красвордаў, апроч ЗША, змагаюцца Вялікая Брытанія і Паўдзённа-Афрыканская Рэспубліка. Тым ня меней, у Кнізе рэкордаў Гінэса афіцыйная дата нараджэньня першага красворду пазначана як 21 сьнежня 1913 году.

Слова “красворд” узьнікла ад спалучэньня двух ангельскіх словаў: “cross” – скрыжаваньне і “word” – слова. Аматары вырашаць задачы-крыжаванкі перакананыя: такая забава трэніруюе памяць і пашырае кругагляд, а асобныя тыпы крыжаванак спрыяюць разьвіцьцю кемлівасьці і асацыятыўнага мысьленьня. Тысячы людзей ва ўсім сьвеце ахвяруюць часам, каб зашыфраваць асобныя словы і складаць зь іх крыжаванкі. Іншыя мільёны ўпарта ламаюць галаву, каб знайсьці ключ да шыфраў і пасьля упісаць патрэбнае слова па вэртыкалі ці гарызанталі.

У чым сакрэт папулярнасьці красвордаў, сканвордаў, рэбусаў ды іншых вытворных ад іх галаваломак? Складальнік красвордаў з Ашмянаў Аляксандар Старавыбарны прыдумвае слоўныя задачы ўжо 15 гадоў. Але кажа, што фінансавы вынік тут не першачарговы – ганарараў хапае хіба толькі на цыгарэты.

(Старавыбарны: ) “Найперш, мне гэта падабаецца, мне гэта цікава. Да таго разгадваў красворды, любіў вельмі, а неяк трапілі на вочы ў “Советской Белоруссии” патрабаваньні да таго, як складаць красворд, як афармляць яго і г.д. Ад таго часу ўсё й пайшло. Але, разумееце, хто як паставіў справу. Бо, шчыра кажучы, мужчына ў росквіце сілаў такой справай сур’ёзна займацца ня будзе, правільна? Таму што ёсьць іншыя магчымасьці зарабіць грошы. У асноўным пэнсіянэры гэтымі рэчамі займаюцца: час ёсьць, а моцы ўжо няма, мазгі яшчэ працуюць, а фізычна ўжо ні на што ня здатны. У Беларусі літаральна лічаныя людзі такія апантаныя, але гэта збольшага фанаты, бо на гэтым ніяк не заробіш”.

Спадар Старавыбарны кажа, што на Захадзе існуюць цэлыя фірмы, якія з дапамогай кампутараў прафэсійна займаюцца складаньнем крыжаванак. А вось беларускія складальнікі ў бальшыні сваёй культывуюць дзедаўскі мэтад – папера, аловак, туш.

У Беларусі выходзяць дзесяткі выданьняў, які спэцыялізуюцца на крыжаванках. Аднак на тле такой разнастайнасьці – ад сканвордаў да японскіх малюнкавых -- беларускамоўная крыжаванка – толькі адна.

Рэдактар газэты “Крама Крыжаванак” Сяргей Юхновіч перакананы: беларуская крыжаванка – ня толькі забава, але й спосаб засваеньня мовы.

(Юхновіч: ) “Мы самі, калі робім газэту, размаўляем па-беларуску, выкарыстоўваем гэтую мову, але і для нас вельмі часта здараюцца адкрыцьці. Аказваецца, што па-расейску нейкае слова мы ўжывалі, а ў беларускай мове яно мае свой аналяг, пра якім мы нават ня думалі. Часам шчыра зьдзіўляесься гэтаму, але і вучысься. Бо, на жаль, мы не былі носьбітамі мовы, мы вучыліся самі па-расейску і беларускую мову засвойвалі пазьней”.

(Карней: ) “Якія пэрспэктывы вы акрэсьліваеце менавіта для гэтай справы?”

(Юхновіч: ) “У гэтай справы пэрспэктывы абавязкова ёсьць. Пры адпаведным падыходзе, рэклямнай кампаніі, калі дзяржава ня будзе забараняць беларускую мову, а наадварот, садзейнічаць, людзі будуць цікавіцца гэтым. Бо расейскамоўныя газэты, якія мы таксама выпускаем, маюць сталы попыт. То бок, людзі гэтым цікавяцца, ёсьць аматары, якія кожны тыдзень купляюць газэту, разгадваюць. Я ня бачу ніякіх перашкодаў, каб гэта было на беларускай мове, каб гэта ў дзяржаве стала модна, можна нават так сказаць”.
XS
SM
MD
LG