Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Ці вызваліць суд Цімафея Дранчука?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Цэнтральны суд Менску мае разгледзіць пытаньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні палітвязьня Цімафея Дранчука. Нагадаем, наглядная камісія папраўчай калёніі ў Менску на вуліцы Кальварыйскай рэкамэндавала Цімафея Дранчука на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Цяпер рэкамэндацыю мусіць разгледзіць суд.

Якія шанцы мае палітзьняволены? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да прадстаўніка нагляднай камісіі Георгія Козела, аднак ён адмовіўся даваць нейкія тлумачэньні.

(Козел: ) “Камісія прымае рэкамэндацыйнага пляну рашэньне. А хто прымае рашэньне? Суд. Пытаньні да суду, калі ласка. Камісія адпаведнае рашэньне прыняла. І перадала па інстанцыі”.

У Цэнтральным судзе пацьвердзілі, што справа будзе разглядацца, але зноў жа – без камэнтараў. Актывіста “Партнэрства” Цімафея Дранчука пакаралі годам зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Ад 21 лютага яго трымаюць пад вартай. Бацька Цімафея Валеры Дранчук спадзяецца на станоўчае рашэньне.

(Дранчук: ) “Бацькоўскае спадзяваньне, што я ўбачу сына да першых Калядаў, да 25-га. І спадзяюцца ўсе нашы сваякі, бо 25-га да таго ж гэта яшчэ і 80 гадоў у бабулі, якую Цімох вельмі любіць і якая яго чакае, чакае, што Цімафей яе павіншуе з волі. Я спадзяюся на тое, што Ціма сам зможа яе павіншаваць”.

Чакае Цімафея і сын Платон, якому ўсяго 8 з паловай месяцаў.

(Дранчук: ) “Платон вельмі чакае бацьку, а бацька вельмі хвалюецца, што так сталася, што з дня нараджэньня ня бачыў яго, не трымаў на руках. Вось гэта эпізод ва ўсёй гэтай справе вельмі кранальны і балючы для нас. Я думаю, што гэта ў рэшце рэшт самае хвалюючае, прыемнае і радаснае, што бацька сустрэнецца з сынам, маім унукам Платонам”.

Цімафея Дранчука затрымалі супрацоўнікі КДБ 21 лютага, у дзень народзінаў ягонай жонкі Вольгі Анцыповіч. У кватэры зрабілі ператрус і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Разам зь Цімафеем за краты сьледчага ізалятару трапілі Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая й Аляксандар Шалайка. Эніру і Аляксандра пакаралі зьняволеньнем на шэсьць месяцаў, Міколу Астрэйку — на два гады, а Цімафея прысудзілі да году пазбаўленьня волі. Эніра Браніцкая й Аляксандар Шалайка выйшлі на волю ў жніўні. Лідэру арганізацыі “Партнэрства” Міколу Астрэйку 17 лістапада зьняволеньне замянілі на папраўчыя работы.
XS
SM
MD
LG