Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс-2006: прадпрымальнікі не адзначылі паляпшэньняў


Міхал Стэльмак, Менск Недзяржаўны Інстытут прыватызацыі й мэнеджмэнту правёў дасьледаваньне тэндэнцыяў разьвіцьця малога й сярэдняга бізнэсу ў 2006 годзе. Інстытут вывучыў сёлетнюю дзейнасьць больш як 250 яго прадстаўнікоў

Эканаміст Алена Ракава, якая брала ўдзел у дасьледаваньні, паведаміла Радыё Свабода, што яго вынікі несуцяшальныя:

(Ракава: ) “Асяродзьдзе для разьвіцьця бізнэсу, заканадаўства засталіся па-ранейшаму складанымі. Прадпрымальнікі не адзначылі ніякіх паляпшэньняў. Найбольш складанай, як і раней, застаецца падатковая сыстэма. Шмат праверак і неадэкватныя праверкам штрафы. Вялікі дакумэнтаабарот”.

Апроч гэтага, паводле спадарыні Ракавай, прадпрымальнікі скардзіліся на перашкоды, зьвязаныя з існаваньнем так званай сыстэмы дазволаў і адміністратыўным рэгуляваньнем цэнаў.

Дасьледаваньне ахоплівала ўсе рэгіёны. У ім бралі ўдзел і прадпрымальнікі Гомельскай вобласьці. Тутэйшыя чыноўнікі — іншай думкі пра прадпрымальніцкія справы. Гаворыць супрацоўніца Гомельскага аблвыканкаму Марыя Крывунь, якая займаецца праблемамі мясцовага бізнэсу:

(Крывунь: ) “У нас ёсьць і рост па колькасьці юрыдычных асобаў, і рост індывідуальных прадпрымальнікаў. Рост колькасьці індывідуальных прадпрымальнікаў сёлета адбыўся ўпершыню за апошнія тры гады. Па долі паступленьняў ў бюджэт мне яшчэ складана казаць па выніках году, але яна дастаткова высокая. Былі спрэчныя моманты, але такіх глябальных перамен у бок пагаршэньня ня адбывалася”.

Самі бізнэсоўцы маюць сумнеў наконт сёлетняй тэндэнцыі пашырэньня іх шэрагаў. Гаворыць старшыня рэспубліканскай каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Анатоль Зьмітровіч:

(Зьмітровіч: ) “Колькасьць прадпрымальнікаў, якія пакідаюць бізнэс, амаль стабільная лічба. Але ў падатковых інспэкцыях ляжыць заяваў на ліквідацыю прадпрымальніцтва ў некалькі разоў больш, як закрываюць. Таму што падатковыя інспэкцыі не ў стане правесьці праверкі, каб яны прайшлі працэдуру ліквідацыі”.

А вось што мяркуе пра сёлетнія тэндэнцыі ў прадпрымальніцкім сэктары юрыст у сфэры гаспадарчага права Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “У адыходзячым годзе быў магчымы рост даходаў ад прадпрымальнікаў, таму што фіскальныя органы пачалі лепш працаваць. Яны выціскаюць з прадпрымальнікаў тыя грошы, якія тыя раней хавалі. Але ж гэта кепска для эканомікі. Бо ў прадпрымальнікаў застаецца менш грошай для таго, каб разьвіваць свой бізнэс”.
XS
SM
MD
LG