Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымае Натальля Пяткевіч новае прызначэньне?


Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы за 22 сьнежня

Ці стане Натальля Пяткевіч старшынёй Канстытуцыйнага суду? На гэтую тэму разважае на старонках “Народнай волі” Вячаслаў Оргіш. 14 студзеня 2007 году пачынае дзейнічаць новы “Кодэкс судаўладкаваньня й статусу судзьдзяў”. Шэраг яго артыкулаў вызначае пяцігадовы тэрмін знаходжаньня на пасадзе старшыні судоў, якія дагэтуль паводле закону маглі знаходзіцца ў крэсьле фактычна бестэрмінова. Таму сярод юрыстаў ідуць упартыя размовы пра тое, што Канстытуцыйны суд зьбіраецца ачоліць намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч. На думку Вячаслава Оргіша, спадарыня Пяткевіч шматкроць давяла сваю адданасьць кіраўніку краіны, таму яе сапраўды могуць прызначыць на такую пасаду.

Інтэрнэт-газэта “Салідарнасць” апавядае пра тое, як будуць сустракаць новы год вядомыя беларускія палітыкі. Аляксандар Мілінкевіч зь сям’ёй паедзе ў родную вёску Бершты і адсьвяткуе новы год за сталом, на якім будуць пераважна рыбныя стравы. Анатоль Лябедзька сустрэне новы год таксама зь сям’ёй, а ўвогуле ён у пераднавагоднія й пасьлянавагоднія дні будзе сустракацца з выбарнікамі ў сваёй акрузе. Аляксандар Казулін будзе сустракаць новы год у калёніі “Віцьба-3”, а ягоныя сваякі зьбяруцца разам у Менску. Яны спадзяюцца, што наступны новы год спадар Казулін сустрэне ўжо зь імі.

А журналісты “Нашай нівы” заўважылі, што газэта “Літаратура і мастацтва” перайшла на трасянку. Прыцягвае ўвагу тое, што беларускамоўная газэта друкуе назвы твораў і імёны іх аўтараў, якія зьявяцца ў 2007 годзе ў расейскамоўных часопісах, на трасянцы. Вось некаторыя прыклады: “...нарыс Анатоля Кудравца “С Василём Быковым по Германии”, гутарка Евы Леоновой з Кристой Вольф і іншыя публікацыі” (анонс часопісу “Всемирная литература”), “Тэма далёкага мінулага – Слуцкаму паўстанню прысвечана аповесць Андрэя Федарэнкі “Ничьи” (часопіс “Нёман”).
XS
SM
MD
LG