Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: суд правялі проста ў палаце шпіталю


Радыё Свабода Праваабаронца Павал Левінаў, які меркаваў дамагчыся рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, меўся стаць удзельнікам адразу двух судовых працэсаў цягам аднаго дня. Аднак незарэгістраваны кандыдат трапіў з залі суду ў кардыялягічны шпіталь. Але суд у поўным складзе прыйшоў і ў шпіталь.

Першы працэс у абласным судзе працягваўся блізу шасьці гадзінаў, аднак спадар Левінаў так і не дамогся рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты аблсавету.

Адразу пасьля першага меўся распачацца наступны судовы працэс – з прычыны адмовы ў рэгістрацыі гарадзкой выбарчай камісіі. Адчуўшы сябе дрэнна, Павал Левінаў выступіў з хадайніцтвам, каб разгляд яго справы перанесьлі на іншы дзень, аднак ні судзьдзя, ні пракурор, ні прадстаўнікі камісіі на гэта не пагадзіліся. У выніку проста ў судовую залю давялося выклікаць "Хуткую дапамогу", якая завезла яго ў кардыялягічны шпіталь.

Суд у поўным складзе зьявіўся проста да хворага ў палату. Прычым прыйшлі ня толькі судзьдзя, сакратар і прадстаўнік выбарчае камісіі, але нават і кіраўнік ідэалягічнага аддзелу аблвыканкаму. І Паўлу Левінаву было абвешчана, што працэс будзе працягнуты неадкладна.

Спадар Левінаў абвясьціў недавер складу суду і зноў папрасіў перанесьці працэс на пазьнейшы час, каб мець мажлівасьць зьвязацца з адвакатам. Ніводнае з гэтых хадайніцтваў не было задаволена, у хворага падняўся ціск, і ён страціў прытомнасьць. Толькі пасьля гэтага суд быў чарговы раз спынены.

Пасьля таго, як у кардыялягічны шпіталь зьехаліся журналісты недзяржаўных мэдыяў, галоўны лекар Уладзімер Лаліні быў вымушаны даць імправізаваную прэсавую канфэрэнцыю. Ён заявіў, што ня ведаў пра сапраўдныя прычыны візыту да хворага, бо па тэлефоне прадстаўнікі суду гэтага не сказалі, папрасіўшы дазвол на ўдакладняльную гутарку з пацыентам.

Судовую справу за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты гарсавету Павал Левінаў мяркуе працягваць, ужо выйшаўшы са шпіталю.

У абласны суд пададзены 17 скаргаў ад незарэгістраваных кандыдатамі незалежных прэтэндэнтаў, прычым 14 скаргаў склалі прадстаўнікі руху "За свабоду!" На сёньняшні дзень дамагчыся рэгістрацыі праз суд не ўдалося яшчэ нікому.
XS
SM
MD
LG