Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША будуць сачыць за свабодай інтэрнэту ў Беларусі


Ганна Соўсь, Прага Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша будзе адсочваць свабоду доступу да інтэрнэту і весьці маніторынг працы інтэрнэт-правайдэраў у аўтарытарных краінах – Беларусі, Кітаі, Кубе, Іране, Эфіёпіі, Лаосе, Паўночнай Карэі, Тунісе і Віетнаме. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба Дзярждэпартамэнту ЗША.

Адпаведнае даручэньне было дадзенае працоўнай групе ў справе забесьпячэньня свабоды ў глябальным інтэрнэце пры замежнапалітычным ведамстве ЗША.

Сваю дзейнасьць у рамках стратэгіі, якая была ўхваленая ў сераду, працоўная група будзе каардынаваць зь іншымі структурамі амэрыканскай адміністрацыі, уключна з радай нацыянальнай бясьпекі пры прэзыдэнце ЗША.

“Гэтая новая стратэгія з`яўляецца папярэджаньнем для тых рэжымаў, якія зьвяртаюцца да рэпрэсій у дачыненьні інтэрнэту”, – заявіў старшыня падкамітэту палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, кангрэсмэн-рэспубліканец Крыстафер Сьміт.

У заяве Сьміта гаворыцца, што “такія аўтарытарныя рэжымы як Кітай, Беларусь, Куба, Эфіёпія, Іран, Лаос, Паўночная Карэя, Туніс і Віетнам вядомыя тым, што блякавалі, абмяжоўвалі і кантралявалі свабодны паток інфармацыі ў інтэрнэце”.
XS
SM
MD
LG