Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Паганяйла: “Калі Беларусь не прыслухаецца да рэзалюцыі ААН, яе чакаюць новыя санкцыі”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Камэнтуючы прыняцьце Генэральнай асамблеяй ААН рэзалюцыі, якая асуджае парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, праваабаронцы й апазыцыйныя палітыкі кажуць пра выразны сыгнал беларускім уладам і грамадзтву.

Між тым прадстаўнік МЗС не пагаджаецца з тым, што рэзалюцыя ААН адлюстроўвае рэальную сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

На думку лідэра Камуністычнай партыі беларускай Сяргея Калякіна, рэзалюцыя ААН сьведчыць пра тое, што ў сьвеце ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі.

(Калякін: ) “Усё болей і болей краінаў у сьвеце разумеюць рэальны стан у Беларусі, занепакоеныя гэтым станам і выказваюць салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі, якія хочуць аднавіць законнасьць і дэмакратыю ў Беларусі”.

Падтрымаў рэзалюцыю ААН і шэраг праваабаронцаў. Алесь Бяляцкі, які кіраваў закрытай праваабарончай арганізацыяй “Вясна”, адзначыў, што рэзалюцыя адлюстроўвае рэальнае становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

(Бяляцкі: ) “Пастаноўка пытаньня аб правах чалавека ў такой аўтарытэтнай арганізацыі, як ААН, тым больш на пленарным паседжаньні, і галасаваньне, якое падтрымала гэтую рэзалюцыю, сьведчаць пра абсалютна кепскі стан з правамі чалавека ў Беларусі паводле розных пазыцыяў: права на мітынгі, на свабоду выказваньняў, на атрыманьне інфармацыі, на свабоду аб’яднаньняў”.

“Улёткай для прапагандысцкай кампаніі супраць Беларусі” назваў рэзалюцыю ААН прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў падчас брыфінгу ў МЗС.

(Папоў: ) “Дадзеная рэзалюцыя ёсьць ні чым іншым, як навязваньнем яе аўтарамі міжнароднай супольнасьці сваёй аднабаковай ацэнкі ўнутранай і замежнай палітыкі Беларусі. Менавіта палітыкі, бо сытуацыя ў галіне правоў чалавека ня мае да рэзалюцыі ніякага дачыненьня”, — сказаў Андрэй Папоў.

Паводле яго, рэзалюцыя ААН не стварае для Беларусі “ні палітычных, ні іншых наступстваў і абавязацельстваў”.

З гэтым ня згодны вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.

(Паганяйла: ) “Заклапочанасьць, якую выказвае сьвет, урад Беларусі мусіць успрыняць пазытыўна, інакш нас чакаюць санкцыі дыпляматычнага, эканамічнага характара. Тое, што гэта непазьбежна, пацьвярджаюць ужо прынятыя санкцыі санкцыі Эўразьвязу”.

Дэпутат беларускага парлямэнту Сяргей Гайдукевіч, прадстаўнік міністра замежных справаў у парлямэнцкіх структурах Эўропы заявіў, што пракамэнтуе рэзалюцыю ААН не як палітык, а як дыплямат.

(Гайдукевіч: ) “На новай пасадзе я буду імкнуцца працаваць гэтак, каб не ўзьнікала больш такіх пытаньняў у краінаў, якія галасавалі за рэзалюцыю”.

Нагадаем, 20 сьнежня за рэзалюцыю, якую на разгляд Генэральнай Асамблеі ААН прапанавалі ЗША й Эўразьвяз, прагаласавалі прадстаўнікі 72 краінаў сьвету, 32 дэлегацыі былі супраць і 69 устрымаліся. У рэзалюцыі асуджаецца перасьлед апазыцыі, няўрадавых арганізацыяў ды іншыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама адзначаецца, што сакавіцкія прэзыдэнцкія выбары не адпавядалі абавязацельствам, якія раней брала на сябе Беларусь.

Гл. таксама: • ААН асудзіла парушэньні правоў чалавека ў Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG