Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Туркмэністану Сапармурат Ніязаў не пакінуў пераемніка


Ганна Соўсь, Прага Палітыка ізаляцыі туркмэнскага лідэра прывяла да таго, што ў гэтай краіны няма рэальных сяброў сярод міжнароднай супольнасьці. Неадназначную рэакцыю ў сьвеце выклікала і сьмерць Сапармурата Ніязава.

Сьмерць Ніязава выклікала вакуўм ўлады ў краіне. Туркмэністан мае вялікія запасы газу і нафты, і таму стаць прэзыдэнтам захочуць многія, прадказваюць аналітыкі.

Выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы будзе 49-гадовы намесьнік прэм’ер-міністра і міністар аховы здароўя Гурбангулі Бэрдымухамэдаў. Аднак, хто абраў яго часовым лідэрам, пакуль незразумела.

Бэрдымухамэдаў узначаліў камісію ў справе арганізацыі пахаваньня Ніязава, што ў адпаведнасьці з савецкай практыкай, сьведчыць пра тое, што ён можа стаць кіраўніком краіны пасьля пахаваньня. Аднак ці стане, таксама незразумела.

Выбар ягонай кандыдатуры супярэчыць Канстытуцыі Туркмэністану, паводле якой сьпікер парлямэнту цягам трох месяцаў павінен выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы, за гэты час трэба падрыхтавацца да правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў.

Няясна, дзе цяпер дзейны сьпікер Авэзгелды Атаеў. Ягонае імя ня згадвалася на дзяржаўным тэлебачаньні, калі гаварылася пра сьмерць Ніязава і ягонага часовага пераемніка. Як паведамляе расейская праграма “Вести”, супраць Атаева былі выстаўлены абвінавачаньні ў крымінальных злачынствах.

Народная Рада Туркмэністану павінна сабрацца 26 сьнежня, каб абмеркаваць пытаньне будучага прэзыдэнта. Амаль 3 тысячы сяброў Рады былі абраныя прэзыдэнтам Ніязавым у 1999 годзе, і яны сустракаліся раз на год для таго, каб ухваліць ягоныя рашэньні.

Цяпер нехта зь іх павінен будзе праявіць ініцыятыву і выказаць прапановы, што не заахвочвалася пры Туркмэнбашы. Лідэры некаторых апазыцыйных туркмэнскіх партый у выгнаньні абяцаюць вярнуцца на радзіму, аднак пакуль няма ніякіх прыкметаў, што да іх будзе лепшае стаўленьне, чым было пры Ніязаве.

Аналітыкі прадказваюць вялікую мітусьню ў Туркмэністане ў бліжэйшыя дні. Пры Ніязаве ніхто з урадоўцаў доўга не заставаў на адной пасадзе. Найбольш кампэтэнтныя чыноўнікі часта аказваліся ў залі суду ці турме, або эмігравалі з краіны.

Палітыка Ніязава прывяла да таго, што большасьць ягоных падначаленых былі прыстасаванцамі і падхалімамі. Рэжым Ніязава бачыў пагрозу і ў сьвецкай, і ў рэлігійнай апазыцыях – спэцслужбы актыўна працавалі ў гэтым кірунку.

Палітыка ізаляцыі Ніязава пакінула Туркмэністан без рэальных сяброў сярод міжнароднай супольнасьці. Многія ўрады цікавяцца нафтавымі і газавымі багацьцямі Туркмэністану, аднак няшмат ведаюць, пра тое, як жывуць людзі ў гэтай краіне.
XS
SM
MD
LG