Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адмену прэфэрэнцыяў камэнтуюць у Менску?


Юлія Шарова, Менск Афіцыйны Менск назваў выключэньне Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу “палітычнай нізкавокасьцю”.

У Міністэрстве замежных справаў лічаць, што “недальнабачнасьць такога рашэньня” пашкодзіць дачыненьням Беларусі і Эўразьвязу. Кажа прэсавы сакратар міністэрства Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Гэтае рашэньне ясна паказала, што інтарэсы простых грамадзянаў насамрэч нічога ня значаць для Эўразьвязу. Крывадушнасьць заяваў Эўразьвязу стала відавочная для ўсіх. Гэтае рашэньне таксама не спалучаецца з пазытыўным дыялёгам ураду Беларусі зь Міжнароднай арганізацыяй працы”.

У заяве МЗС гаворыцца, “што рашэньне Эўразьвязу ня стане сур’ёзным выклікам для эканомікі й грамадзянаў Беларусі”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі лічыць, што пакуль рашэньне Эўразьвязу ніяк не адаб’ецца на беларускай эканоміцы, бо яно набудзе моц толькі праз паўгода.

(Красуцкі: ) “Мяркую, што за гэтыя паўгода ўрад мае дастаткова магчымасьцяў, каб зрабіць адпаведныя высновы з гэтага рашэньня й паспрабаваць пераарыентаваць кірункі, зьвязаныя з рэалізацыяй прадукцыі, якую выпускаюць беларускія прадпрыемствы”.

Эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што крок Эўразьвязу, зроблены дзеля адстойваньня правоў прафсаюзаў у Беларусі, адаб’ецца на інтарэсах простых людзей.

(Залескі: ) “Беларусь – удзельніца глябальнага рынку, нікуды ад гэтага не падзенесься. Яна прадае на гэтым рынку некаторыя рэчы, досыць канкурэнтаздольныя. У прыватнасьці, непілаваны лес, тэкстыль, трыкатаж, усё зьвязанае з тканінамі, ну й некаторыя швейныя вырабы мы таксама няблага ў Эўропе прадаём. Вось на гэтых пазыцыях менавіта мы й страцім з-за адмены прэфэрэнцыяў. І страты, каб нам мала не здалося, будуць пад паўмільярда”.
XS
SM
MD
LG