Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі пра сьмерць Туркмэнбашы


Радыё Свабода Пра сьмерць туркмэнскага дыктатара й пра тое, што чакае Туркмэнію разважаюць беларускія палітыкі й палітолягі. Перадае Іна Студзінская

Рэакцыя кіраўніка Беларусі на сьмерць туркмэнскага калегі зьявілася на інфармацыйных сайтах толькі каля 15-й гадзіны. Аляксандар Лукашэнка “ад імя беларускага народу й ад сябе асабіста выказаў глыбокае спачуваньне Старшыню Парлямэнту Атаеву, родным і блізкім нябожчыка, усім жыхарам Туркмэністану”.

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч быў асабіста знаёмы з Сапармуратам Ніязавым.

(Шушкевіч: ) “Я вельмі добра памятаю, як энэргічна выступіў на дзяржсавеце ў кастрычніку 1991 году. І ён мяне адвёў у перапынку й кажа, што на нас ляжыць рука Алага, што мы абраныя Богам, лёсам. Тады я не зусім ўсё гэта зразумеў. А пасьля я зразумеў, што гэты чалавек вельмі цікавы быў: ён жа вырас у дзіцячым доме, а атрымаў такую шалёную ўладу на ўсё жыцьцё. Відавочна, што гэтая ўлада яшчэ й здароўе падрывае”.

Сапармурат Ніязаў не прыяжджаў на апошні менскі саміт СНД, ён увогуле ігнараваў інтэграцыйныя праекты, трымаў сваю краіну ў ізаляцыі. На думку лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі сьмерць дыктатара дае турмэнскаму народу шанец вырвацца з путаў тыраніі і ізаляцыі:

(Лябедзька: ) “Гэта павінна прымушаць усіх людзей, якія маюць аўтарытарныя ці дыктатарскія схільнасьці, задумацца над сэнсам жыцьця. Трэба так прайсьці свой шлях і пакінуць пасьля сябе краіну, у якой значная частка людзей, гаворачы слова смутку, у душы ня радуецца, што гэта адбылося”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка выказвае спадзеў, што туркмэны скарыстаюцца сваім правам на на свабоду і дэмакратыю.

(Вячорка: ) “І будзем таксама спадзявацца, што гэтай сытуацыяй не скарыстаецца Масква. Наступнае разьвіцьцё сытуацыі ў Туркмэністане прывядзе да таго, што будзе ў вялікім рэгіёне існаваць, акрамя расейскага, альтэрнатыўны спосаб, альтэрнатыўная крыніца пастаўкі газавых рэсурсаў”.

Цяпер Туркмэністан ператварыўся ў сур’ёзную палітычную праблему, бо пры той структуры ўлады, якая склалася пры Туркмэнбашы, не было ніякага мэханізму перадачы ўлады, кажа палітоляг Юры Шаўцоў. Значэньне ж Туркмэністану і для абшараў былога Саюзу, і для Эўропы рэзка вырасла.

(Шаўцоў: ) “Менавіта за апошнія колькі гадоў туркмэнскі газ, вуглевадароды сталіся заўважным, істотным фактарам на эўрапейскім рынку гэтых прадуктаў. Украіна поўнасьцю спажывае цяпер толькі прыкасьпійскія вуглевадароды. Мы таксама, магчыма, будзем іх спажываць. Такім чынам, тое, што будзе адбывацца ў Туркмэністане, можа закрануць інтарэсы вялікай колькасьці краінаў і нават паўплываць на эўрапейскія кошты на газ”.
XS
SM
MD
LG