Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Рада Эўразьвязу: рашэньне аб прэфэрэнцыях увойдзе ў сілу праз 6 месяцаў (фота)</B>


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У адмысловым прэсавым рэлізе Рады Эўразьвязу гаворыцца, што Рада Эўрапейскага Зьвязу ўхваліла часовае пазбаўленьне Беларусі доступу да Усеагульнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу (GSP).

Урывак з дакумэнту, дзе апісваюцца прычыны пазбаўленьня Беларусі прэфэрэнцыяў, пераказвае прадстаўнік Рады Эўразьвязу Франсуа Гэд.

(Гэд: ) “Рашэньне ўвойдзе ў сілу цягам 6 месяцаў пры ўмове, што Рада ня вырашыць да канца гэтага тэрміну, што прычыны пазбаўленьня прэфэрэнцыяў больш не існуюць. Выключэньне Беларусі са сьпісу карыстальнікаў сыстэмы прэфэрэнцыяў наступіла пасьля расьсьледаваньня Эўрапейскай камісіі, якое было праведзена на запыт некалькіх міжнародных прафсаюзных канфэдэрацыяў. Яны заявілі аб парушэньнях свабоды аб’яднаньняў і калектыўных дамоваў у Беларусі. Расьсьледаваньне паказала, што беларускія ўлады перашкаджаюць свабоднаму стварэньню прафсаюзных арганізацыяў”.

Далей у дакумэнце гаворыцца:

“Адначасова з расьсьледаваньнем Эўракамісіі, адмысловая камісія, створаная Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) сфармулявала шэраг рэкамэндацыяў, якія Беларусь мелася выканаць у сувязі з незадавальняючым узроўнем выкананьня Канвэнцыі МАП аб свабодзе аб’яднаньняў, права на арганізацыю і Канвэнцыі аб праве на калектыўныя дамовы.

У сьвятле таго, што Беларусь ня выканала гэтых патрабаваньняў, і што парушэньні надалей існуюць, Эўрапейская камісія зьвярнулася да Рады Эўразьвязу з прапановай часова пазбавіць Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў.

Усеагульная сыстэма гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу прадугледжвае магчымасьць частковага ці поўнага пазбаўленьня прэфэрэнцыйных умоваў для тавараў, якія паходзяць з краіны, дзе сур’ёзна і сыстэматычна парушаюцца прынцыпы, што ўтрымліваюцца ў канвэнцыях аб правах чалавека і правах рабочых ААН і МАП”.





Гл. таксама: • Рада Эўразьвязу пазбавіла Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў (фота, абноўлены)
XS
SM
MD
LG