Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэнская амбасада дала дзьве гадзіны на прыём спачуваньняў па Ніязаву


Радыё Свабода У зьвязку са сьмерцю Сапармурата Ніязава дыпляматычнае прадстаўніцтва Туркмэністану ў Менску прыём наведнікаў не праводзіла. Абмежаваны й час, цягам якога можна было зрабіць запіс у кнізе спачуваньняў.

Амбасада й кансулят Туркмэністану ў Менску сёньня не працавалі. За брамку мэталашукальніка міліцыянты нікога не дапускалі. Даць аўдыенцыю супрацоўнікі амбасады адмовіліся — бліжэйшыя дні ўсе надзвычай загружаныя арганізацыйнымі пытаньнямі. Неназваны дыплямат толькі паведаміў: пакінуць запіс у кнізе спачуваньняў можна сёньня ад 16-й да 18-й.

Між тым туркмэны, якія жывуць у Беларусі, не адважваюцца рабіць нейкіх падсумаваньняў палітычнай біяграфіі Туркмэнбашы. Спадарыня Амаян выйшла замуж за беларуса й пераехала ў Менск пры канцы 1990-х. На радзіме засталіся бацькі. Кажа, што ня хоча, каб у іх раптам былі непрыемнасьці.

(Амаян: ) “Нічога такога надзвычайнага там не адбывалася. Пра выпадкі якіхсьці мэтанакіраваных перасьледаў нічога ня ведаю. Расейцы, беларусы, якія там жылі, прынамсі, не пакутавалі, ніхто ўвогуле не цярпеў. А што да астатняга, ня ведаю. Не хачу гаварыць. Быццам усё нармалёва. Пакуль што”.

Рахмон Мурадаў у Беларусі зусім нядаўна. Гэтаксама ня вельмі ахвотна гаворыць пра спэцыфіку туркмэнскага палітычнага ладу, аднак схільны лічыць: для туркмэнскага народу Туркмэнбашы — варыянт ня горшы. Прынамсі, Ніязаў не аддаў краіну ў нявольніцтва “сквапным суседзям”.

(Мурадаў: ) “Што да свайго часу, то, мяркую, тады такая моцная рука была неабходная. Бо каб палезьлі туды пакістанцы, іранцы, яшчэ хтосьці, то было б яшчэ горш. Паверце, калі пачынаюць навязваць дыктат суседзі, гэта толькі горш. Натуральна, што сытуацыю можна было павярнуць любым чынам. Але ня трэба забывацца: яшчэ доўга адчувалася рука й подых Савецкага Саюзу. А тое, што ўсё магло скласьціся па-рознаму, дык хто ў гэтым сумняецца?”

Сапармурат Ніязаў кіраваў Туркмэністанам ад 1985 году. У 1999-м стаў пажыцьцёвым прэзыдэнтам, заявіўшы, што правядзе прэзыдэнцкія выбары “пасьля 2008 году”. Менавіта з прычыны палітычнай неакрэсьленасьці, як мяркуюць асобныя туркмэны, сьмерць 66-гадовага Туркмэнбашы “не выпадковая”.

Як кажа суразмоўца, які назваўся Атаем, у ліквідацыі Ніязава былі зацікаўленыя многія. Хтосьці разьлічваў на багатую спадчыну, а апанэнты спадзяваліся, што вечны прэзыдэнт усё ж сьмяротны. Спадар Атай не выключае нават антыдзяржаўнай змовы апазыцыі й спэцслужбаў.

(Атай: ) “Мяркую, што ўсё ж пляны спэцслужбаў былі далёка накіраваныя. То бок, калі ў пэрспэктыве маглі быць нейкія дзеяньні з боку апазыцыі, то разам гэтыя сілы маглі дакладна й хутка вырашыць праблемы падзелу ўлады”.



На здымку: сьцяг Туркмэністану (трэці справа) на будынку СНД, дзе месьціцца амбасада краіны, у зьвязку з жалобай па Туркмэнбашы прыспушчаны ня быў
XS
SM
MD
LG