Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Важнейшая навіна – гэта тое, што Бог даў сілаў Аляксандру Казуліну”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за чацьвер, 21 сьнежня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

(Спадар:) “У маёй сям’і ёсьць цэлых тры добрых навінаў, якія прынёс нам 2006 год. Важнейшая навіна – гэта тое, што Бог даў сілаў Аляксандру Казуліну ня толькі выжыць у засьценках пасьля катаваньня, зьбіцьця, але і перамагчы, галадаючы беспрэцэдэнтна вялікую колькасьць дзён. І гэтая яго галадоўка ператварылася ў перамогу. Другая навіна – гэта тое, што ня толькі ў Эўропе, але і ў Амэрыцы зразумелі, што ў нас не апошні герой Касьцюшка, які змагаўся за гонар, волю, незалежнасьць, свабоду людзей ва ўсім сьвеце і найперш у Беларусі... Але ёсьць такі ж самы змагар Казулін, які цяпер займае практычна яго месца. І трэцяя навіна – гэта тое, што нашы суседзі, людзі цяпер пытаюцца ў лідэраў апазыцыі: “А што ж дагэтуль Вы рабілі? Дзе ж дагэтуль Вы былі?” Я думаю, што гэта пытаньне ачышчае. І вось гэтыя навіны стануць перадумовай наступнай, чацьвёртай навіны, вельмі важнай у 2007 годзе. Уся Беларусь будзе сьвяткаваць волю, незалежнасьць, свабоду, братэрства. Гэта будзе сьвята перамогі сьвятла над цемрай, сьвята зьнікненьня тыраніі ў нашай краіне”.

(Хрысьціяне з Маладэчна і Вілейкі:) “Самая важная і лепшая навіна 2006-га году – гэта тое, што Бог паслаў нам мужнага, мудрага, духоўнага лідэра. Ён сьцярпеў зьбіцьцё, катаваньне, зьдзекі і голад. Ён выжыў і перамог хлусьлівую цемру. Мы вітаем Вас, дарагі нам Аляксандр Уладзіслававіч Казулін, і просім у хрысьціянскіх народаў і іх урадаў дапамогі ў вызваленьні Аляксандра Казуліна”.

(Зіноўеў:) “Слухаючы пра патрыёта Мірона, думаю, што сярод дзяржаўных узнагародаў вольнай Беларусі будзе і ордэн Мірона”.

(Ніна Ярмалінская, г. Салігорск:) “На мінулым Кангрэсе дэмакратычных сілаў выступаў Алег Трусаў са зваротам да лідэраў палітычных партый і прасіў іх падтрымаць дзейнасьць Таварыства Беларускай мовы. Мінуў час, але ніякіх пазытыўных крокаў з боку апазыцыі ня зроблена. Вось гэта для мяне самая сумная падзея за 2006-ы год”.

(Ларыса, Менск:) “Прэзыдэнт ва ўсіх выступах казаў, што наша краіна незалежная і такой застанецца ў далейшым. Але пасьля таго, як кошт на энэрганосьбіты будзе падвышаны, дык на парадку дня паўстае пытаньне пра аб’яднаньне з Расеяй, і тым самым мы страцім сваю незалежнасьць. Аб’яднаньня патрабуе расейскі бок. На маю думку, няхай падвышаюць кошт на энэрганосьбіты. Мы гэта вытрымаем. Няўжо ня знойдуць альтэрнатыву расейскім энэрганосьбітам?! Мы ж ужо залежалі ад Масквы. Я ў свой час працавала ў канструктарскім бюро пры Міністэрстве будаўніцтва. Дык не адно пытаньне не было вырашана самастойна. Усё трэба было вырашаць праз Саюзнае Міністэрства, якое было ў Маскве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG