Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітолягі: у Туркмэністане можа разгарнуцца жорсткая барацьба за ўладу


Радыё Свабода У Туркмэністане аб’яўлена агульнанацыянальная жалоба з прычыны сьмерці першага і пажыцьцёвага прэзыдэнта краіны Сапармурата Ніязава.

Адбылося паседжаньне Рады бясьпекі Туркмэністану, які разгледзеў шэраг першачарговых пытаньняў, зьвязаных з падтрыманьнем у краіне грамадзкай стабільнасьці і парадку. Таксама абмеркаваны пытаньні, зьвязаныя з арганізацыяй цырымоніі пахаваньня прэзыдэнта Туркмэніі. Спэцыяльную камісію ў арганізацыі пахаваньня ўзначаліў віцэ-прэм’ер, міністар аховы здароўя і мэдычнай прамысловасьці Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў.

“Навіна пра сьмерць С. Ніязава стала ударам для ўсяго туркмэнскага народу. У кожнай сям’і ўспрынялі гэтую страту як вялізарнае ўласнае гора”, – паведаміла дзяржаўнае туркмэнскае тэлебачаньне. У Туркмэністане здымаюць сьвяточныя навагоднія ўпрыгожаньні, елкі, ілюмінацыю, вешаюць чорныя стужкі.

Пахаваньне С. Ніязава адбудзецца 24 сьнежня.

Паводле дырэктара расейскага Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сяргея Маркава, пасьля сьмерці лідэра Туркмэністану ў рэспубліцы можа разгарнуцца жорсткая барацьба за ўладу. Паводле спадара Маркава, зьнешняя палітыка Ніязава была звышізаляванай.

Паводле намесьніка дырэктара Інстытуту краін СНД Уладзімера Жарыхіна, Сапармурат Ніязаў сканцэнтраваў у сваіх руках вялізную ўладу, і пасьля яго зыходу народу Туркмэністану будзе вельмі складана. У інтэрв’ю “Інтэрфаксу” спадар Жарыхін сказаў, што ў Туркмэмністане “не было дэмакратыі і мэханізму пераемнасьці. Вакол Ніязава знаходзілася выпаленая пустэча – пытаньне аб пераемніку нават не стаяла. І цяпер, я асьцерагаюся, пачнецца жорсткая барацьба за ўладу”.
XS
SM
MD
LG