Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе канкурэнцыя на мясцовых выбарах?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня падчас свайго паседжаньня Цэнтарвыбаркам падвядзе канчатковыя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Ці будзе жорсткай канкурэнцыя падчас мясцовых выбараў?

Паводле папярэдніх лічбаў, канкурэнцыя будзе невялікай. У гарадзкі і абласны Саветы ў Менску яна складзе 1,4, у іншых абласных 1,6, у раённых –1,3 чалавека на месца. Пераважна ў пасялковых і сельскіх Саветах выбары будуць безальтэрнатыўнымі. Так патлумачыў сытуацыю сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Чым вышэй тэрытарыяльны ўзровень Савету, тым большая канкурэнцыя. Я думаю, гэта зьвязана з тым, што Саветы больш высокага тэрытарыяльнага ўзроўню маюць больш рэальных магчымасьцяў для рэалізацыі дадзеных заканадаўствам правоў. Канкурэнцыя ёсьць: дзе большая, а дзе меншая. Ну, і ў любым выпадку нават калі недзе і безальтэрнатыўныя выбары – гэта таксама выбары”.

Актывіст АГП, адмыслоўца ў выбарчых тэхналёгіях Сяргей Альфер кажа, што параўнальна зь мінулай выбарчай кампаніяй сытуацыя не памянялася.

(Альфер: ) “Канкурэнцыі на выбарах няма амаль па пераважнай большасьці акругаў, бо вылучаны амаль па адным чалавеку на месца. Улады дзейнічаюць па тым жа самым прынцыпе.”

Па якіх прычынах найчасьцей адмаўлялі ў рэгістрацыі? Паводле спадара Лазавіка, сярод іншага, партыі часам вылучалі беспартыйнага. Альбо яны наагул ня мелі для гэтага адпаведнай арганізацыйнай структуры.

У АГП сказалі, што вылучалі каля 160-ці сваіх прадстаўнікоў у кандыдаты, але зарэгістраваны толькі 61. Партыя не выключае зьняцьця сваіх кандыдатаў з выбараў. Такія настроі ёсьць і ў іншых дэмакратычных структурах. У гэтай сытуацыі канкурэнцыя можа яшчэ паменшыцца. Камэнтуе Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) “Я нэгатыўна стаўлюся да гэтага. Вялікай трагедыяй ў цэлым для выбарчай кампаніі гэта ня будзе. Але ў цэлым я з павагай стаўлюся да палітычных партый. Гэта суб’ект выбарчага права. Яны і існуюць для таго, каб удзельнічаць у выбарах. Галоўная задача партыі – гэта змаганьне за ўладу. А адзіны законны спосаб заваяваць уладу – гэта ўдзел у выбарах. Таму калі партыі адмаўляюцца ўдзельнічаць у выбарах – гэта, напэўна, ёсьць адмаўленьне той мэты дзеля якой і ствараецца партыя”.

У Менску канкураваць за дэпутацкі мандат будуць і дэмакратычныя кандыдаты. Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “У Менску ёсьць пакуль і пэўная канкурэнцыя прадстаўнікоў ад дэмакратычных сілаў. Ну і пэўная частка дэмакратычных кандыдатаў будзе сур’ёзна канкурыраваць, бо ў іх ёсьць вельмі вялікі шанец выйграць гэтыя выбары. Але на сёньняшні дзень мы пазбаўлены магчымасьці кантролю за дзейнасьцю выбаркамаў. Ці зможа нехта арганізаваць так кампанію, каб прайсьці і выйграць зараз вельмі цяжка сказаць. Асноўная задача – гэта данесьці да насельніцтва, калі гэта кандыдатам удасца, нашы ідэі наконт таго, якой мы бачым Беларусь”.
XS
SM
MD
LG