Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуюць выступы беларускіх “зорак” шоў-бізнесу на Новы год?


Іна Студзінская, Менск Новы год для зорак шоў-бізнэсу – самы “зорны” і прыбытковы час. Перад Калядамі і Новым годам – карпаратыўныя вечарынкі. Ну а сама навагодняя ноч – самы час “стрыгчы”, ці “касіць” грошы. Канечне, ганарары беларускіх артыстаў больш сьціплыя, чым у расейскіх зорак, якія нават не хаваць, што зарабляюць у гэты час дзясяткі тысяч даляраў. Хто запатрабаваны з беларускіх артыстаў, і якія ў іх расцэнкі?

Што да ганарараў, як кажуць самі артысты, гэта “камэрцыйная тайна”. А вось колькасьцю канцэртаў зоркі любяць хваліцца. Летась рэкардсмэнкай у навагоднюю ноч стала Гюнэш Абасава – 10 канцэртаў. У 6 месцаў пасьпелі “Сьпяваючыя каралевы”. Па некалькі канцэртаў у дзень у поп-зорак і ў пераднавагоднюю дэкаду. А як загружаныя беларускамоўныя выканаўцы? Паслухаем Зьмітра Вайцюшкевіча.

(Вайцюшкевіч: ) “Прынамсі, прыклад не зусім пра мяне. Звыклая праца на працягу году. У мяне і перад Новым годам атрымліваецца прыкладна тое самае. Хтосьці, можа, крыху больш “косіць”.

Апошнім часам ў беларускіх музыкаў ёсьць праблемы, кажа шоў-мэн Аляксандар Памідораў.

(Памідораў: ) “У ранейшыя часы беларускія гурты былі нарасхоп. Цяпер гэта зьвязана з так званымі “чорнымі сьпісамі”. Напрыклад, у гурту “Палац” летась было замоўлена ажно 6 выступаў за някепскія грошы. З-за таго, што нехта там пабаяўся, ў “Палаца” зьляцелі ўсё навагоднія “халтуры”. У “Крамы” з замоўленых засталося толькі дзьве. На цяперашні момант больш запатрабаваным, безумоўна, зьяўляецца праект “Крамбамбуля”.

Што да ганарараў, не сакрэт, што яны падвышаныя. Кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

(Вайцюшкевіч: ) У ноч з 31 на 1 – гэта ганарар у два разы вышэйшы. А ў кожнага свае кошты”.

Акрамя падвойных ганарараў, многае залежыць ад таго, хто запрашае, сьцьвярджае Аляксандар Памідораў.

(Памідораў: ) “Ганарар гурту на карпаратыўнай вечарынцы заўсёды вышэйшы за звычайны выступ. Гэта ўсё залежыць ад замоўцы. Напрыклад, калі гэта нейкая нафтаперапрацоўчая кампанія, то, безумоўна, будзе глупствам браць зь іх 300 даляраў, калі ёсьць шанец узяць 1 тысячу”.

Хто запатрабаваны сёлета? “КВЗ”, “Піва ўдвох”, “Сьпяваючыя каралевы”, поп-зоркі –Паліна Смолава, Аляксей Хлястоў, Аляксандар Саладуха, Карыянна. Арт-дырэктары папулярных сталічных клюбаў кажуць, што выступ Паліны Смолавай каштуе больш за 1 тысячу даляраў, гурту “J-Mors” – каля 5 тысяч даляраў, вельмі запатрабаваныя “Драм экстэзі” (3 – 6 тысяч даляраў). Самыя дарагія – “Ляпісы”, у навагоднюю ноч яны каштуюць ня менш за 15 тысяч эўра. Дарэчы, летась на Новы год “Ляпіс Трубецкой” і “Мэры Попінс” далі па аднаму канцэрту, затое для мільянэраў (праўда, ва Ўкраіне). “Лепрыконсы” былі запрошаныя адным беларускім бізнэсоўцам у Эгіпет.

Некаторыя артысты прынцыпова не выступаюць у навагоднюю ноч – сям’я і сябры даражэй. Але, сьцьвярджае Аляксандар Памідораў…

(Памідораў: ) “Я вельмі доўга адмаўляўся ад працы ў Новы год, але жыцьцё, як кажуць, “прыпёрла”. І трэба працаваць. Шмат хто з артыстаў проста імкнецца працаваць у навагоднюю ноч, бо ёсьць такі “забабон”, што калі працуеш у Новы год, то ўвесь год будзе праца, і праца някепская”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG