Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"The Economist": Беларусь у абдымках мядзьведзя


Радыё Свабода "Лукашэнка хутчэй за ўсё перадасьць "Газпрому" прынамсі частковы кантроль за нацыянальнай газаправоднай сеткай, "Белтрансгазам", для таго каб утрымаць верхнюю мяжу цэнаў на газ на ўзроўні 135 даляраў за тысячу кубамэтраў, а не плаціць за іх 200 даляраў, як патрабуе "Газпром", –гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным днямі ў тыднёвіку "The Economist". – "Аднак нават і ў такім выпадку застаецца пытаньнем, ці будзе эканамічная мадэль Лукашэнкі дзейнічаць, асабліва цяпер, калі прыбытковаму для Беларусі гандлю расейскай нафтай таксама пакладзены канец".

"Газпром" гатовы адключыць Беларусі газ у 2007 годзе, калі дамова па цэнах на газ ня будзе дасягнутая, – аб гэтым 14 сьнежня заявілі прадстаўнікі кіраўніцтва гэтага падкантрольнага дзяржаве прадпрыемства-манапаліста. "Газпром" ужо даўно патрабуе прынамсі 50% "Белтрансгазу", празь які ідзе прыблізна траціна ўсяго расейскага газу, што кіруе празь Беларусь. (Дзьве траціны праходзяць па газаправодзе Ямал-Эўропа, уласьнікам большай часткі якога "Газпром" ужо зьяўляецца.) Абодва бакі вядуць перамовы наконт "Белтрансгазу" ўжо болей года, але ўсё яшчэ разыходзяцца ў сваіх ацэнках.

У мінулым годзе Беларусь заставалася апошняй постсавецкай краінай, якую не закранулі патрабаваньні расейскага боку аб узвышэньні цаны на газ прынамсі удвая. Тым ня менш, цяпер непахіснай падтрымкі Лукашэнкам расейскай унутранай і зьнешняй палітыкі недастаткова для таго, каб танны газ па-ранейшаму цёк у краіну. Гэтаму існуюць дзьве прычыны.

Першая – гэта тое, што Лукашэнка ў гэтым годзе быў пераабраны прэзыдэнтам, і таму "Газпром" і тыя, хто яго кантралюе ў расейскім урадзе, болей ня маюць патрэбы непакоіцца за палітычную дынаміку ў Беларусі. Больш таго, расейскае кіраўніцтва незадаволенае тым, што Лукашэнка не стрымаў абяцаньняў наконт інтэграцыі з Расеяй; хутчэй за ўсё, ведаючы сучасную бізнэсовую скіраванасьць Крамля, пад інтэграцыяй маецца на ўвазе кантроль расейскага капіталу над беларускай прамысловасьцю.

Другая прычына: у наступныя некалькі год "Газпром" будзе імкнуцца здабыць альбо набыць (у Сярэдняй Азіі) столькі газу, каб задаволіць рост попыту ў Расеі і за мяжой. Паводле незалежных ацэнак, у 2011 годзе дэфіцыт здабычы складзе прыблізна 92 мільярды кубамэтраў у год. Дзьве траціны здабычы "Газпрому" прадаецца на айчынным рынку, дзе цана на газ ніжэйшая за кошт ягонага вырабу і дзе кампанія мае абмежаваныя магчымасьці ўзьняць цэны альбо ўзровень спажываньня газу.

Такім чынам, намаганьні "Газпрому" закрыць дзірку ў газавым забесьпячэньні сканцэнтраваныя на экспарце. Паводле дадзеных за першы квартал гэтага году, тры пятых часткі вывазу "Газпрому" ідуць у эўрапейскія краіны па сярэдняй цане 242 даляры за 1000 кубамэтраў. Дзьве пятых ідуць у былыя савецкія рэспублікі па сярэдняй цане 89 даляраў за 1000 кубамэтраў. У гэтым кантэксьце відавочна выгадным для "Газпрому" рашэньнем зьяўляецца рэзкае ўзьняцьце коштаў на газ для постсавецкіх краінаў, каб узвысіць свае даходы і абмежаваць спажываньне газу ў СНД.

Нягледзячы на гэта, Расея не навязвае постсавецкім краінам уніфікаваныя цэны; палітыка ўсё яшчэ іграе ў гэтым пытаньні важную ролю. Як сказаў адзін з прадстаўнікоў Крамля, краіны, якія супрацоўнічаюць з Расеяй і гатовыя дапусьціць яе да валоданьня сваімі прадпрыемствамі, атрымаюць адтэрміноўку перад увядзеньнем "рынкавых" цэнаў. Дзяржавы, якія былі да Расеі "неляяльнымі" альбо адмовіліся прадаваць сваю маёмасьць, будуць адразу ж вымушаныя плаціць па цэнах эўрапейскага ўзроўню.

У выпадку Беларусі расейскі манапаліст, верагодна, ня можа сабе дазволіць быць шчодрым. Паводле мерак СНД Беларусь ёсьць буйным спажыўцом газа: яна выкарыстоўвае 21 мільярд кубамэтраў расейскага газу ў год, што больш чым у два разы перавышае спажываньне Грузіі, Азэрбайджану і Армэніі разам узятых. У 2005 годзе Беларусь выкарыстала столькі ж расейскага газу, колькі Італія, і больш чым палову таго, што спажыла Нямеччына.

Лукашэнка ўпарта не хацеў паддавацца патрабаваньням аб продажы "Белтрансгазу", але цяпер яго загналі ў кут. Паводле былога старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча, 60% беларускай прамысловасьці зьяўляюцца мала прыбытковымі ці папросту стратнымі – і гэта пры цяперашняй цане на газ. Калі кошт узвысіцца ў чатыры разы, існуе сур''ёзная рызыка, што беларуская эканоміка абрынецца.

Нават калі Лукашэнка здолее ўтрымаць цэны на ўзроўні 135 даляраў за тысячу кубамэтраў, наступствы ўзвышэньня будуць жорсткімі. Чакаецца, што дэфіцыт бюджэту ў 2007 годзе ўзрасьце да 3,5% ВУП. Рост расейскага попыту на беларускую прадукцыю хутчэй за ўсё запаволіцца, што ўздыме дэфіцыт бюджэту да 8-9% ВУП у 2007-2008 гг.

Неахвота Лукашэнкі разьвітвацца зь "Белтрансгазам" часткова тлумачыцца недахопам "абменных жэтонаў", якія ў яго засталіся, каб забясьпечыць краіну таннымі расейскімі газам і нафтай у бліжэйшыя гады. Сам факт таго, што абодва бакі цяпер вядуць спрэчку за "Белтрансгаз", які забясьпечвае ўсяго траціну экспарту расейскага газу празь Беларусь, тым часам як дзьве трэці ўжо знаходзяцца пад кантролем расейцаў, сьведчыць, наколькі блізка "Газпром" падышоў да дасягненьня сваёй мэты ў Беларусі.

Прыклад Армэніі, іншага нібыта блізкага хаўрусьніка Расеі, можа прымусіць Лукашэнку здрыгануцца. Амаль што ўвесь энэргетычны сэктар Армэніі цяпер у руках расейцаў, за што краіне паабяцаны танны газ да 2008 году. Потым, паводле ўсіх сыгналаў ад прадстаўнікоў расейскай дзяржавы і "Газпрому", цэны ўздымуцца да эўрапейскага ўзроўню.

Пэрспэктыва, якая павінна непакоіць як Армэнію, так Беларусь – гэта тое, што ў абмен на перадачу кантролю над сваімі стратэгічнымі энэргетычнымі аб''ектамі "Газпрому" яны атрымаюць толькі некалькі год міласьціны перад узвышэньнем цэнаў. Калі гэта адбудзецца, эліты абедзьвюх краінаў, хутчэй за ўсё, прыйдуць да высновы, што іхняя непахісная ляяльнасьць да Расеі была вельмі нізка ацэненая".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG