Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск пакуль не камэнтуе рашэньня Эўразьвязу


Радыё Свабода У МЗС і ўрадзе Беларусі пакуль не камэнтуюць рашэньня Эўразьвязу, які пастанавіў вывесьці Беларусь з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў у гандлі з краінамі Эўрапейскага Зьвязу. У Кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі спадзяюцца, што такое рашэньне падштурхне беларускія ўлады да выкананьня патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці.

Ва ўрадавых структурах пакуль няма афіцыйнай рэакцыі на пазбаўленьне Беларусі льготаў у гандлі з Эўразьвязам з-за парушэньня правоў прафсаюзаў. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Пакуль што я не хацеў бы неяк камэнтаваць гэта падрабязна”.

Эўразьвяз больш за год разглядаў сытуацыю з правамі прафсаюзаў Беларусі паводле ініцыятывы Міжнароднай арганізацыі працы. Штуршком да гэтай працэдуры паслужыла скарга ў МАП Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў яшчэ ў студзені 2003 году.

За гэты час сытуацыя з правамі прафсаюзаў у Беларусі толькі пагоршылася, што й стала прычынай рашэньня ў Брусэлі, гаворыць старшыня гэтага прафаб’яднаньня Аляксандар Ярашук. Ён відавочна задаволены салідарнасьцю ўсясьветнага рабочага руху й міжнароднай супольнасьці, якія падтрымліваюць правы чалавека ў Беларусі, — пры гэтым істотна пацерпіць беларуская эканоміка.

(Ярашук: ) “Такая дарагая цана плаціцца за авантурнасьць і безадказнасьць беларускага ўраду, за тое, што яны не зважаюць ні на якія акалічнасьці. Прыходзіцца толькі шкадаваць, што гэта адбываецца з нашай роднай краінай, і адбываецца выключна зь віны беларускіх уладаў, ураду, які страціў у значнай меры пачуцьцё адказнасьці перад краінай, перад уласным народам”.

Спадар Ярашук зазначае, што ў беларускага ўраду ёсьць яшчэ паўгоду, каб выявіць адказнасьць і выправіць стан з правамі прафсаюзаў — у прыватнасьці, выканаць рэкамэндацыі МАП.

Паводле менскага эканаміста Леаніда Злотнікава, страты беларускай эканомікі ад рашэньня Эўразьвязу складуць каля 300 мільёнаў эўра штогоду. Гэта закране інтарэсы соцень тысяч працаўнікоў.

(Злотнікаў: ) “У лёгкай прамысловасьці каля 120 тысяч працуе, у асноўным гэта жанчыны. 30% зь іх працуюць на замовы заходнеэўрапейскіх фірмаў. Што датычыць дрэваапрацоўчай прамысловасьці, то там таксама каля 100 тысяч чалавек занятыя. Наўпрост жа гэта закране 50—100 тысяч чалавек, бо зразумела, што там працуюць ня толькі на Эўразьвяз”.

Леанід Злотнікаў кажа, што пры гэтым трэба ўлічваць, што беларускую эканоміку чакаюць значна большыя страты ад падвышэньня коштаў на расейскія энэрганосьбіты — да 5 мільярдаў даляраў на год. Гэтыя страты адчуе практычна ўсё насельніцтва. Наколькі востра, залежыць ад таго, як адрэагуе на гэтыя выклікі ўрад, якія кампэнсацыйныя мэханізмы знойдзе.
XS
SM
MD
LG