Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія спэцслужбы не адмовіліся ад спадчыны ЧК?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 20 сьнежня беларускі Камітэт дзяржаўнай бясьпекі адзначае прафэсійнае сьвята. Пачаткам гісторыі арганізацыі супрацоўнікі беларускага КДБ лічаць заснаваньне карнага органу бальшавіцкай рэвалюцыі — ЧК.

У КДБ Беларусі не плянуюць вялікіх мерапрыемстваў з нагоды прафэсійнага сьвята, але віншаваньні прымаюць і даюць камэнтары. Кіраўнік прэсавай службы КДБ Валер Надтачаеў гэтак пракамэнтаваў крытыку апазыцыйных партыяў, якія кажуць, што КДБ служыць дзейнай уладзе, а не ўсяму народу:

(Надтачаеў: ) “На гэта магу сказаць толькі тое, што КДБ працуе ў межах прававога поля. Мы за яго не выходзім. Больш за тое, ужо ў назьве КДБ закладзеная неабходнасьць бараніць бясьпеку ад зьнешніх і ўнутраных пагрозаў”.

Аднаго зь лідэраў сацыя-дэмакратаў Мікалая Статкевіча асудзілі за арганізацыю мітынгу пратэсту. Ужо болей за год Мікалай Статкевіч знаходзіцца на гэтак званай “хіміі”, працуе ў калгасе, жыве ў інтэрнаце сярод няплатнікаў алімэнтаў і дробных злодзеяў. Статкевіч кажа, што днямі мясцовае КДБ усталявала адмысловую апаратуру, каб праслухоўваць ня толькі ягоныя тэлефонныя размовы, а ўвогуле размовы ў пакоі. Паводле апазыцыянэра, беларускі КДБ апраўдвае савецкую назву.

(Статкевіч: ) “Я супраць перакладу назвы КГБ на беларускую мову — мы ж не перакладаем НКВД, СС, гестапа. У гэтай арганізацыі вельмі сумная гісторыя, у якой ёсьць мала таго, чым можна ганарыцца. Спэцслужба беларускай незалежнай дзяржавы мусіць называцца па-іншаму, але пакуль што сучасны беларускі КДБ адпавядае, на жаль, сваёй назьве. На мой погляд, гэта проста апарат падаўленьня іншадумцаў. Яны ня служаць дзяржаве, а служаць захаваньню ўлады аднаго чалавека”.

У пачатку 2006 году КДБ арыштаваў актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якія спрабавалі наладзіць незалежнае назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі. Арганізацыю зьвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў дзеля зьмены ўлады, але пазьней суд зьняў гэтае абвінавачаньне. Супрацоўнік КДБ Валер Надтачаеў бачыць у такім рашэньні суду прыкмету ягонай незалежнасьці. А вось падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка крытыкуе КДБ за ўмяшальніцтва ў палітычную барацьбу.

(Костка: ) “КДБ не павінен займацца палітычнай барацьбой унутры краіны. Але ў нас захавалася старая сыстэма, і таму КДБ як займаўся такімі справамі, гэтак і займаецца. У кіраўніцтва краіны няма палітычнай волі, каб адмяніць гэтую функцыю, і ў кіраўніцтве КДБ няма людзей, якія б гатовыя былі гэтую функцыю ліквідаваць”.

У першай палове 1990-х гадоў, калі Вярхоўным Саветам Беларусі кіраваў Станіслаў Шушкевіч КДБ удалося аддаць у падпарадкаваньне парлямэнту. Раней камітэтам кіраваў урад на чале зь Вячаславам Кебічам. Станіслаў Шушкевіч лічыць гэта істотным, але недастатковым крокам дзеля рэфармаваньня арганізацыі:

(Шушкевіч: ) “Яна фактычна заставалася аддзелам расейскага КДБ. Гэта было зразумела для ўсіх, але гэта адразу не мяняецца. Трэба было рабіць гэта паволі, а ламаць гэтую сыстэму не лічылі неабходным. Каб Вярхоўны Савет і хацеў гэта зрабіць, гэта было немагчыма. Гэта доўгая праца”.

У сучаснай Беларусі КДБ — не адзіная арганізацыя, якая займаецца пытаньнямі дзяржаўнай бясьпекі. Пэўныя функцыі ў гэтай галіне выконваюць Служба аховы прэзыдэнта, Савет бясьпекі, іншыя структуры. Між тым, КДБ па-ранейшаму лічыцца самай важнай структурай. Пасьля нарады Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам КДБ напярэдадні выбараў ягоным указам КДБ узмацнілі, падвысілі заробкі. Паводле розных крыніцаў, супрацоўнікі органаў атрымліваюць ад 500 да 2000 даляраў.
XS
SM
MD
LG