Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Рада Эўразьвязу пазбавіла Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў (фота, абноўлены)</B>


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Cёньня Рада Эўразьвязу прыняла рашэньне аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў – рашэньне ўвойдзе ў сілу праз 6 месяцаў.

Рашэньне аб выключэньні Беларусі з Усеагульнай сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў (GSP) раніцай было ўзгоднена на сустрэчы амбасадараў краінаў Эўразьвязу ў Брусэлі, а пазьней зацьверджана міністрамі сельскай гаспадаркі дзяржаваў аб’яднанай Эўропы, якія бяруць удзел у паседжаньні Рады Эўразьвязу.

Рада аргумэнтавала сваё рашэньне тым, што ў Беларусі “працягваюцца сыстэматычныя парушэньні правоў працоўных”. Таму праз 6 месяцаў будуць падвышаныя мыты на беларускія тавары, якія экспартуюцца ў краіны Эўразьвязу.

Паводле падлікаў выданьня “EU observer” пазбаўленьне Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў датычыць вартага прыкладна 400 мільёнаў эўра ў год экспарту перадусім дрэва, тэкстыльных вырабаў і сыравіны.

Як нядаўна тлумачыла сябра Эўракамісіі Бэніта Фэрэра-Вальднэр, тэарэтычна гэта можа не адбыцца, калі Беларусь цягам 6 месяцаў выправіць сытуацыю што да парушэньня правоў працоўных, але ў кулюарах сустрэчы Рады гаварылася, што гэта маларэальна.

Супраць пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў, чаго дамагалася Эўрапейская камісія, выказваліся Літва і Польшча, а раней Латвія і Італія, заяўляючы, што такі крок ўдарыць не па прадстаўніках рэжыму, але па звычайных беларусах, аднак супраціву гэтых краінаў аказалася недастаткова.

У Брусэлі не прыслухаліся таксама да словаў Аляксандра Мілінкевіча, які прамаўляючы ў Эўрапарлямэнце 12 сьнежня выказаўся супраць эканамічных санкцыяў.

(Мілінкевіч: ) “Я хачу скарыстацца з магчымасьці і з гэтай высокай эўрапейскай трыбуны з усёй адказнасьцю заявіць усім, найперш свайму беларускаму народу, што мы ніколі не выступалі за эканамічныя санкцыі, разумеючы, што гэта перадусім пашкодзіць звычайным людзям”.

У сваёй гісторыі Эўразьвяз пайшоў на такі крок толькі аднойчы – у 1997 годзе прэфэрэнцыяў была пазбаўлена Бірма.



Паседжаньне Рады



Старшыня Рады Юха Каркеаоя
XS
SM
MD
LG